Праз 12 гадоў Беларусь зноў запрашаюць у Страсбур

23 чэрвеня беларускі парлямэнт зноў можа атрымаць статус адмыслова запрошанага ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы.
СЛУХАЦЬ:


На вялікай мапе ў будынку Рады Эўропы ў Страсбуры пасярод эўраазіяцкага кантынэнту, краіны якога аб’ядноўвае ПАРЭ, — белая пляма, якая паўтарае абрысы Беларусі.

“Тое, што на вялізнай прасторы ад Сахаліна да Грэнляндыі ёсьць гэтая белая пляма, — анахранізм”, — заўважыў сёньня падчас брыфінгу ў Страсбуры Жан-Луі Ларан, кіраўнік Генэральнай Дырэкцыі па дэмакратыі і палітычных пытаньнях ПАРЭ.

Я спытаўся ў яго, як хутка Беларусь можа прайсьці той шлях, які быў спынены ў 1996 годзе, і стаць паўнапраўным сябрам ПАРЭ. Спадар Ларан патлумачыў, што заўтра, калі эўрадэпутаты падтрымаюць праект рэзалюцыі, падрыхтаваны па выніках даклада спэцдакладчыка ПАРЭ па сытуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні, статус адмыслова запрошанай будзе вернуты адразу. Але пасьля гэтага эўрадэпутаты штогод будуць вяртацца да гэтага пытаньня — і вырашаць, ці варта такі статус падаўжаць. Шлях да паўнапраўнага сяброўства ў арганізацыі можа заняць не адзін год. Напрыклад, Расеі для гэтага спатрэбілася 6 гадоў, а Чарнагорыі — 3.

Беларусь у 1993 годзе ўжо атрымлівала статус адмыслова запрошанай у ПАРЭ. Аднак пасьля праведзенага ў 1996 годзе канстытуцыйнага рэфэрэндуму, вынікі якога не былі прызнаны дэмакратычным сьветам, гэтага статусу Беларусь была пазбаўлена.

Сёлета 26 траўня паліткамісія ПАРЭ прагаласавала за вяртаньне Беларусі да гэтага працэсу. Сёньня падчас брыфінгу Жан-Луі Ларан нагадаў, што Рада Эўропы на працягу мінулых 12 гадоў спрабавала розныя спосабы ўзьдзеяньня на беларускае кіраўніцтва. Вынікі палітыкі ізаляцыі цяжка назваць плённымі. Таму цяпер гучыць усё больш галасоў у падтрымку дыялёгу. Гэта, аднак, зусім не азначае, што Рада Эўропы не заўважае альбо ігнаруе вялікія праблемы ў галіне правоў чалавека, якія застаюцца ў Беларусі нявырашанымі. Але ў эўрапейскіх палітыкаў ёсьць спадзяваньне, што ўзьдзейнічаць на беларускі рэжым яны змогуць больш плённа, калі дэпутатам зь Менску будзе адкрыта дарога ў Страсбур.

На заўтрашніх слуханьнях тут, у Страсбуры, будуць прысутнічаць дзьве дэлегацыі. Афіцыйную ўзначаліць віцэ-сьпікер Палаты прадстаўнікоў Валеры Іваноў, дэлегацыю ад Аб’яднаных дэмакратычных сілаў — лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.