Расея капітулявала ў “малочнай вайне”?

Амаль двухтыднёвая беларуска-расейская “малочная вайна” скончылася фактычнай капітуляцыяй Расеі.
СЛУХАЦЬ:


Галоўны дзяржаўны санітарны лекар Расеі Генадзь Анішчанка, якога шмат хто ў Беларусі лічыць галоўным ініцыятарам канфлікту, застаўся задаволены новым складам беларускіх перамоўнікаў і паставіў подпіс пад двухбаковым пратаколам. Сёньня ж пачалася адгрузка беларускай малочнай прадукцыі ў Расею

У адпаведнасьці з дакумэнтам Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі цягам некалькіх месяцаў абавязваецца перааформіць усе дакумэнты на прадукцыю, як гэтага патрабуе новы расейскі тэхнічны рэглямэнт. Увесь гэты час малочныя прадукты зь Беларусі будуць бесперашкодна пастаўляцца на расейскі рынак.

Пасьля фактычнага дэмаршу кіраўніка “Роспотребнадзора” Генадзя Анішчанкі, які 16 чэрвеня засумняваўся ў “легітымнасьці” беларускіх “міратворцаў” на чале з намесьнікам міністра сельскай гаспадаркі Міхаілам Савельевым, новых перамоўнікаў у асобах міністраў сельскай гаспадаркі і аховы здароўя ён прыняў без пытаньняў. У выніку прадстаўнікі ведамстваў падпісалі пратакол аб абавязках бакоў.

Паказальна, што “Роспотребнадзор” пры гэтым пагадзіўся прымаць малочныя прадукты па старых дакумэнтах, якія яшчэ нядаўна катэгарычна не задавальнялі расейскі бок. Генадзь Анішчанка па выніках сустрэчы расказаў журналістам, што вызначаныя напрамкі супрацы — ад аб’ёмаў паставак да месцаў сэртыфікацыі прадукцыі:

“Вось яны нарэшце з усім гэтым вызначыліся, выдалі нам тыя аб’ёмы, якія мяркуюць паставіць на расейскі рынак (зыходзілі перадусім з аб’ёмаў, якія прадавалі ў ранейшыя гады). Таксама вырашылі, дзе будзе праводзіцца дасьледаваньне, у якіх парамэтрах. І геаграфію мы абмеркавалі: у якіх лябараторыях беларуская прадукцыя пройдзе наноў праверкі па ўсіх парамэтрах дзеля таго, каб атрымаць пратаколы дасьледаваньня і санітарна-эпідэміялягічныя заключэньні”.

Сёньня шэраг прадпрыемстваў Беларусі, якія амаль два тыдні чакалі, пачалі адгрузку прадукцыі ў Расею. Такую інфармацыю пацьвердзіла прадстаўніца акцыянэрнага таварыства “Савушкін прадукт” зь Берасьця Алена Бабкіна:

“Нарэшце ў нас усё ў парадку. Прадукцыя пайшла на Расейскую Фэдэрацыю. У нас уся ўпакоўка адпавядае патрабаваньням тэхнічнага рэглямэнту, мы перавялі ўсю сваю прадукцыю ў новыя пакункі. Таму спадзяемся, што ад сёньня спыненьня машын на мяжы, прынамсі па нашай прадукцыі, ня будзе”.

Міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Беларусі Сямён Шапіра пасьля перамоваў у Маскве расказаў, што аб’ёмы паставак не скароцяцца, адно што будзе скарэктаваная іх намэнклятура. Прыкладам, на паўгода накладзены мараторый на ўвоз у Расею сухога малака, затое экспарт цэльнага малака, сыру і тварагу будзе істотна павялічаны.

Экспэрт у аграрнай галіне Аляксандар Ярашук маскоўскія дамоўленасьці вітае — альтэрнатывы расейскаму рынку беларускія вытворцы малака папросту ня маюць, і дывэрсыфікаваць пастаўкі амаль нерэальна. Пры гэтым спадар Ярашук перакананы: перадумовы канфлікту палягаюць зусім не ў тэхнічнай плоскасьці. Адна з галоўных праблемаў — нястрыманасьць палітычнай эліты:

“Тое, што праблема ў дадзеным выпадку зь нейкай тэхнічнай перарасла ў шэраг палітычных, якраз адбылося з адной прычыны: напэўна, трэба аддаваць больш пільную ўвагу выказваньням, меркаваньням, камэнтарам і ацэнкам, у тым ліку пэрсанальным. Гэта ўсё тое, што можна аднесьці да такой тэрміналёгіі, як дыпляматычнасьць, як адказнасьць за свае словы і дзеяньні, асабліва калі размова йдзе пра адносіны на вышэйшым палітычным узроўні. Тым больш што нам сябе пакуль не ўявіць без такога агромністага і прыярытэтнага рынку для сельскагаспадарчай прадукцыі, для малочнай прадукцыі, як Расея. Таму заўсёды трэба перасьцерагацца, каб лішні раз не пляваць у калодзеж, адкуль даводзіцца піць ваду. Няма ніякай неабходнасьці лішні раз гэта тлумачыць”.

Пасьля паразуменьня на малочным фронце Дзяржаўны мытны камітэт абвясьціў, што ўстрымаецца ад узмацненьня кантролю на беларуска-расейскай мяжы. Праўда, намесьнік старшыні Сяргей Барысюк удакладніў, што ўсё будзе залежаць ад далейшага разьвіцьця сытуацыі:

“З улікам інфармацыі, якая паступіла ад мытнай службы Расейскай Фэдэрацыі пра магчымасьць бесьперашкоднага ўвозу на тэрыторыю Расеі беларускай малочнай прадукцыі, Дзяржаўным мытным камітэтам Рэспублікі Беларусь прынятае рашэньне адмовіцца ад узмацненьня кантролю пры перамяшчэньні грузаў празь беларуска-расейскую мяжу. Далейшыя дзеяньні мытнай службы Беларусі цалкам залежаць ад сытуацыі, якая будзе складацца”.

“Роспотребнадзор” вызначыў шэраг лябараторый, дзе беларускія прадпрыемствы могуць прайсьці дасьледаваньні на адпаведнасьць сваёй прадукцыі тэхнічнаму рэглямэнту на малако. Гэта адпаведныя ўстановы ў Смаленску, Бранску, Пскове і Санкт-Пецярбургу.