Пасьля падпісаньня пагадненьняў, якія спынілі гэтак званую малочную вайну Расеі супраць Беларусі, беларускіх вытворцы малочнай прадукцыі аднаўляюць свае пастаўкі ў Расею.
Магілёўская "Бабушкина крынка" сёньня накіроўвае ў Расею некалькі фураў з усімі відамі сваёй прадукцыі, паведаміла БЕЛТА намесьніца дырэктара прадпрыемства Тацьцяна Бондар.
“Слонімскія малочныя прадукты” рыхтуюць пастаўку 80 тонаў масла і 20 тонаў тварагу.
На “Пастаўскі малочны завод” прыйшлі фуры з расейскага горада Іванава.
Заводы накіравалі матэрыялы для атрыманьня новых расейскіх сэртыфікатаў якасьці.
Намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Міхаіл Савельеў паведаміў, што на перамовах у Маскве 16 чэрвеня расейскім органам кіраваньня быў перададзены сьпіс прадпрыемстваў, якія будуць пастаўляць прадукцыю на экспарт у Расею, а таксама асартымэнт малочных тавараў, якія маюць дазволы санітарных службаў Расеі. Гэты сьпіс будзе дзейнічаць пакуль беларускія прадпрыемствы па новай ня пройдуць рэгістрацыю ў лябараторыях “Расспажыўнагляду”.
“Мы пастараемся гэты працэс не зацягваць”,-- зазначыў Савельеў. Першая машына зь беларускім маслам пайшла ў Расею яшчэ вечарам 16 чэрвеня.