Адвакат Зэльцэра: “Ён выглядае вельмі схуднелым”

Эмануіл Зэльцэр

Адвакат Зьміцер Гарачка, які наведаў у калёніі свайго падабароннага Эмануіла Зэльцэра, кажа пра паступовае пагаршэньне здароўя вязьня, які трымае галадоўку. Працяглую гададоўку трымае і другі вядомы зьняволены — Мікалай Аўтуховіч.

Штосерады ў Менскім сьледчым ізалятары дзяжурны лекар адказвае на пытаньні сваякоў адносна стану здароўя вязьняў. Назваўшыся сваяком Мікалая Аўтуховіча, пытаюся, як ён пачуваецца.

“Галадуе і працягвае галадаваць. Ужо вы паспрабуйце ў лістах яго пераканаць, каб спыніў галадоўку. Стан здароўя ягоны пакуль здавальняючы, але ён зьбіраецца яшчэ галадаваць”.

Мікалай Аўтуховіч
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч галадуе ўжо 63 дзень. Аўтуховіча падазраюць у падпале дома міліцыянта і трымаюць за кратамі ўжо болей за 4 месяцы. Між тым яшчэ ў сакавіку кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў заяўляла, што справа Аўтуховіча хутка будзе завершаная. Прадпрымальнік не прызнае сябе вінаватым і патрабуе вызваліць яго на час сьледзтва пад падпіску пра нявыезд альбо перадаць справу ў суд. Мікалай Аўтуховіч заяўляе, што сваёй галадоўкай дамагаецца вызваленьня і свайго былога намесьніка — прадпрымальніка Юрыя Лявонава, а таксама былога вайскоўца Ўладзімера Асіпенкі, якія былі арыштаваныя разам зь ім. Лявонаў і Асіпенка таксама праходзяць па крымінальнай справе пра падпал дома былога начальніка ўправы міліцыі ў Ваўкавыску.

У траўні актывісты дэмакратычных арганізацый праводзілі эстафэтную галадоўку ў падтрымку Мікалая Аўтуховіча. У розныя дні ў галадоўцы бралі ўдзел да 10 чалавек, потым маштаб акцыі зьменшыўся, але яна працягваецца. 16 чэрвеня пра далучэньне да галадоўкі абвясьцілі актывісты “Эўрапейскай Беларусі” Сяргей Казакоў і Аляксей Сянчыла. Яны замянілі актывіста Аляксандра Артыбашава, які галадаваў болей за тыдзень.

А як пачуваецца амэрыканскі грамадзянін Эмануіл Зэльцэр, які галадуе ўжо 9 дзень, пратэстуючы супроць таго, што адносна яго не ўжываюць абвешчаную амністыю? Адвакат Зьміцер Гарачка сёньня наведаў Зэльцэра ў магілёўскай калёніі:

Зьміцер Гарачка
“Даведка ў калёнію так і не прыйшла, галадоўка працягваецца. Стан здароўя пагоршыўся, тым больш з улікам таго, што некаторыя лекі прымаць зараз ён ня можа. У яго апухла і разбалелася нага. Як ён выглядае? Вельмі худы. Ён і так схуднеў з часу арышту дастаткова, а галадоўка яшчэ дадала. Вельмі худы”.

Паводле Зьмітра Гарачкі, адказаў на свае скаргі ў Вярхоўны суд і пракуратуру Беларусі адвакат не атрымліваў.

Зьміцер Гарачка скардзіўся на тое, што Менскі гарадзкі суд ужо цягам некалькіх тыдняў не дасылае ў калёнію даведку пра тое, што ў Эмануіла Зэльцэра няма прызначанай судом грашовай запазычанасьці. Бяз гэтай даведкі турэмная камісія ў справах амністыі ня можа падрыхтаваць дакумэнты на датэрміновае вызваленьне вязьня. Пасьля трох тыдняў чаканьня даведкі, 9 чэрвеня, Эмануіл Зэльцэр абвясьціў галадоўку пратэсту.



Марк Зэльцэр
, які жыве ў Нью-Ёрку, мяркуе, што ягоны брат стаў ахвярай інтрыг вакол спадчыны заўчасна памерлага грузінскага алігарха Бадры Патаркацышвілі. Паводле Марка Зэльцэра, на гэтую спадчыну прэтэндуе расейскі алігарх-уцякач Барыс Беразоўскі, які нібыта справакаваў арышт Зэльцэра. Барыс Беразоўскі адмаўляе сваю датычнасьць да гэтай справы. Урад ЗША вядзе зь беларускім бокам перамовы пра вызваленьне Эмануіла Зэльцэра на гуманітарных падставах.