«Роспотребнадзор» не жадае вырашаць праблему з пастаўкамі беларускай малочнай прадукцыі.
Адпаведная заява намесьніка міністра сельскай гаспадаркі Міхаіла Савельева зьмешчана на афіцыйным сайце амбасады Беларусі ў Расеі.
«З кожным новым разам пры вырашэньні папярэдняй праблемы ўзьнікае новая, – заявіў М.Савельеў. – Усё робіцца для таго, каб беларуская прадукцыя не пайшла на расейскі рынак».
Беларуская дэлегацыя ўжо ў другі раз прыяжджала ў Маскву.
«Мы не знаходзім паразуменьня з «Роспотребнадзорам». Першы раз мы чакалі тры дні, калі нас прыме кіраўнік «Роспотребнадзора». Зараз нас спачатку прынялі добра, мы вызначылі парадак дзеяньняў, каб пачаліся пастаўкі беларускай прадукцыі. Дамовіліся 16 чэрвеня сустрэцца і падпісаць неабходныя пратаколы. Аднак раніцай было заяўлена, што наша дэлегацыя чамусьці нелегітымная. Хаця ў нас ёсьць усе дакумэнты і паўнамоцтвы. У другой палове дня ў «Роспотребнадзоре» нам ніхто не адказваў нават на тэлефанаваньні. Мы прыехалі сюды, нікога няма, на нашы просьбы зьвязацца з кіроўнымі асобамі адказ быў адзін: яны не даступныя».
Спадар Савельеў заявіў, што беларускі бок заўсёды гатовы аднавіць перамовы і «ў разумным тэмпе прыняць рашэньне».
«Але мы не будзем інструмэнтам у руках нейкіх людзей», – сказаў Міхаіл Савельеў.
“Учорашні (15 чэрвеня) раўнд перамоваў дазволіў сур’ёзна прасунуцца ў пытаньнях пастаўкі на расейскі рынак беларускай малочнай прадукцыі.... Аднак у зьвязку з публічнымі выказваньнямі афіцыйных асобаў Беларусі, а таксама камэнтарамі афіцыйных СМІ ў нас зьявіліся падставы сумнявацца ў кампэтэнтнасьці дэлегацыі, якая вядзе перамовы пра допуск на расейскі рынак беларускіх малочных прадуктаў”, - заявіў 16 чэрвеня галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Расеі Генадзь Анішчанка.
Ён дадаў, што перамовы прыпыненыя, пакуль ня будуць высьветленыя паўнамоцтвы беларускай дэлегацыі.
Аднак паводле міністра сельскай гаспадаркі Расеі Алены Скрыньнік, беларуска-расейскія малочныя перамовы завершаны. Нібыта дасягнутая дамоўленасьць, якая задавальняе абодва бакі.
"Мы на пазытыўнай ноце завяршылі нашы кансультацыі, перамовы і падпісалі дамову, якая задавальняе абодва бакі", - сказала Скрыньнік у інтэрвію РИА Ноости.
15 чэрвеня ў Маскву на перамовы з кіраўніцтвам “Роспотребнадзора” выправіліся прадстаўнікі зацікаўленых дзяржаўных структураў, а таксама беларускія вытворцы малака. Беларускія міністэрствы і ведамствы спадзяваліся цягам тыдня вырашыць спрэчную сытуацыю з пастаўкамі малочнай прадукцыі ў Расею.
Цягам 6 і 9 чэрвеня на загад расейскага ведамства кантролю якасьці прадуктаў “Роспотребнадзор” забароненыя пастаўкі больш чым тысячы найменьняў малочнай прадукцыі зь Беларусі. Крок патлумачаны тым, што пры канцы 2008 году Расея ўвяла новы тэхнічны рэглямэнт на малако, у які беларуская прадукцыя ня ўпісваецца.
У паведамленьні на афіцыйным сайце "Роспортебнадзора" гаворыцца, што беларуская прадукцыя не адпавядае патрабаваньням тэхнічнага рэглямэнту, што становіць “непасрэдную пагрозу нанясеньня шкоды жыцьцю, здароўю грамадзянаў”.