Грамадзкі рэдактар тыдня – Аляксей Дуброўскі.
ФОТАГАЛЕРЭЯ
Побач зь Пінскам – старажытны шлях з варагаў у грэкі па Ясельдзе.
На захад ад возера Спароўскае сыходзіліся два шляхі з Балтыкі – з Гданьска па Вісьле, Бугу, Нараўцы і з Крулеўца па Нёману, Зэльвянцы, Ружанцы, Жэгулянцы.
Аляксей Дуброўскі. Чарговаму грамадзкаму рэдактару Свабоды 64 гады, ён з Барысаўшчыны. Пасьля біяфаку БДУ працаваў у навуковым аддзеле Нацыянальнага парку “Белавеская пушча”, настаўнікам у Магілёўскім раёне, аднак большую частку жыцьця аддаў Піншчыне, дзе быў інжынэрам у праектным інстытуце мэліярацыі “Палесьсегідраводгаспадарка”, начальнікам пошукавай партыі, галоўным спэцыялістам па ахове прыроды. Кіраваў у тым ліку і арганізацыяй новых заказьнікаў на Берасьцейшчыне. У вольны ад працы час займаецца краязнаўствам, здымкамі аматарскіх фільмаў, распрацоўвае экалягічныя маршруты, выдаў некалькі кніжак, прысьвечаных экалёгіі, прыродзе і гісторыі Палесься. Шмат падарожнічае на ровары. Ягоны галоўны дэвіз: рух – гэта жыцьцё. e-mail: a.dubrouski@tut.by |
Усяго за восем кілямэтраў ад замка над поймай Ясельды раскінулася вялікая вёска Безьдзеж. Тут былая ўніяцкая царква, касьцёл, помнік у гонар Канстытуцыі 3 Траўня і перамогі войскаў канфэдэратаў пад кіраўніцтвам гетмана Агінскага над рускім войскам.
Далей на ўсход – Моталь. Мястэчка, вядомае ўсёй Беларусі сваім музэем. Некалі там жыло шмат габрэяў, адсюль выйшаў першы прэзыдэнт Ізраілю Хайм Вейцман. Захаваўся нават ягоны дом.
А зараз павернем свой маршрут на поўдзень, да Іванава, былога Янава. Тут пераплялося ўсё: гісторыя, рамёствы, народная мэдыцына, сярэдневяковыя традыцыі… Католікі штогод наладжваюць сюды паломніцтвы па месцах мучэньняў Андрэя Баболі. Яго паймалі казакі ў 1657 годзе і літаральна садралі скуру, каб ён адрокся ад каталіцтва і перайшоў у праваслаўе. Загінуў мужна і стаў сьвятым.
Сумны і лёс маёнтку Напалеона Орды. Пасьля паўстаньня 1831 году славутаму малявальшчыку і кампазытару давялося эміграваць у Францыю, будынак адабралі і ў войнах 20 стагодзьдзя зьнішчылі да самага фундамэнту.
Трэба аддаць належнае начальніку аддзелу культуры Іванаўскага райвыканкаму В.Шаляговічу і энтузіястам раёну: іхнымі намаганьнямі будзе створаны музэй Орды ў вёсцы Варацэвічы.
Аднак вернемся ў Іванава. Горад мае ўнікальную школу, дзе ня толькі вучаць рэдкаму рамяству – бондарству, аднак і ўладкаваны музэй экспанатаў, па якіх можна замовіць любую драўляную рэч – ад лыжкі да вялізнай купальні на двух чалавек. Бары і бочачкі-барылкі чакаюць любіцеляў сувэніраў, а для засолкі капусты і гуркоў ёсьць простыя і прыгожыя дубовыя бочкі. Хто зь дзяцей ня дужа цягнецца да навукі, набываюць тут за тры гады неблагую спэцыяльнасьць.
Нам засталося хіба наведаць музэй народнай мэдыцыны ў вёсцы Стрэльна. У пакоі – пахі летняга лугу. У самавары заварваецца такая гарбата, якая вылекуе хіба ці не ад любой хваробы. Да таго ж ад гаспадыні – Галіны Вацяшчук – можна атрымаць кваліфікаваную кансультацыю. Усе яе бабулі, дзядулі, бацька ведалі толк у народнай мэдыцыне і пражылі да 80-90 гадоў.
Можна шмат яшчэ пераказваць, аднак спыняюся, мне здаецца, вы зразумелі – абмінуць гэты куточак Беларусі проста немагчыма…