ФОТАГАЛЕРЭЯ
На пачатку ліпеня адзначаюцца два сьвяты – Сусьветны дзень аховы навакольнага асяродзьдзя і Дзень мэліяратара.
Аляксей Дуброўскі. Чарговаму грамадзкаму рэдактару Свабоды 64 гады, ён з Барысаўшчыны. Пасьля біяфаку БДУ працаваў у навуковым аддзеле Нацыянальнага парку “Белавеская пушча”, настаўнікам у Магілёўскім раёне, аднак большую частку жыцьця аддаў Піншчыне, дзе быў інжынэрам у праектным інстытуце мэліярацыі “Палесьсегідраводгаспадарка”, начальнікам пошукавай партыі, галоўным спэцыялістам па ахове прыроды. Кіраваў у тым ліку і арганізацыяй новых заказьнікаў на Берасьцейшчыне. У вольны ад працы час займаецца краязнаўствам, здымкамі аматарскіх фільмаў, распрацоўвае экалягічныя маршруты, выдаў некалькі кніжак, прысьвечаных экалёгіі, прыродзе і гісторыі Палесься. Шмат падарожнічае на ровары. Ягоны галоўны дэвіз: рух – гэта жыцьцё. e-mail: a.dubrouski@tut.by |
Палешукі заўсёды мелі патрэбу ў дадатковых добрых землях, узяць якія можна было толькі ў прыроды. І асабліва яны “пасьпелі” ў гэтым за савецкай уладай. Саюзны бюджэт валіў мільёны на асваеньне беларуска-ўкраінскага Палесься. І тады мэліяратары нават слова такога ня ведалі: “экалёгія”. А навукоўцы, як заўсёды, спазьняліся з рэкамэндацыямі – толькі ў 1978 годзе выпусьцілі больш-менш грунтоўнае кіраўніцтва да дзеяньня.
Але было ўжо пазнавата: рэчкі і азёры сталі водапрыёмнікамі стокаў з калгасных і саўгасных палёў, да таго ж малыя і сярэднія рачулкі каналізавалі. Цяпер яны заіліліся і іх бяруць у дамбы, што патрабавалася зрабіць адразу – тады б усё захавалася…
Кепска, што не атрымалася таксама асвоіць вялізныя інвэстыцыі ў мэліярацыю вельмі хутка.
І ў выніку сёньня мы маем зямлі, як кажуць, пад завязку. Толькі апрацоўваць яе няма каму. Да таго ж месцамі асушаныя плошчы пачалі ўжо зарастаць лесам і хмызьняком.
Сацыялістычная дзяржава з усёй сваёй уласнасьцю засталася ў разьбітага карыта. Прэзыдэнт зараз спрабуе задобрыць мэліяратараў новымі інвэстыцыямі ў аднаўленьне старых сыстэмаў, аднак гэта папросту палітычны фокус. Бо, па-першае, на мэліярацыю грошай патрэбна зашмат, а па-другое, хто ў вёсцы стане працаваць на гэтых тысячах і тысячах гектараў?
Было б разумным максымальна выкарыстоўваць сыстэмы, якія і без таго добра захаваліся, а другім разам забалочаныя і зьдзічэлыя балоты вярнуць маці-прыродзе.
Тым больш, настае момант перагляду усёй сельскагаспадарчай структуры. Колькасьць жывёлы скарачаецца і, адпаведна, вызваляюцца асушаныя землі. На іх і варта прадугледзіць комплекс прыродаахоўных мерапрыемстваў.
У першую чаргу аднавіць рэкі, азёры, правесьці лесапасадкі, дапамагчы працэсу паўторнага забалочваньня земляў, дзе ён ужо пачаўся на спрацаваных тарфяніках. Такія аб’екты можна падабраць без праблемаў.
Хоць у апошнія гады мэліяратары займаліся выключна рэканструкцыяй старых сыстэмаў, у 1990-я пачаўся другі, пакуль не заўважаны грамадзкасьцю асушальны этап – між тым маецца на мэце яшчэ больш заглыбіцца ў цяпер ужо пясчаную палескую зямлю.
Чым гэта пагражае, пакуль ніхто не гаворыць. Аднак тое, што зьявіцца больш разьвяваемых пяскоў, няма і сумневу. А як пойдзе далейшая апрацоўка грунтовых і падземных водаў, у тым ліку і на водападзеле, што па цэнтры Беларусі, то могуць збыцца самыя змрочныя прагнозы у адносінах да Палесься і прылеглых тэрыторыяў.
І хоць ёсьць цэлая армія навукоўцаў, якая выдатна ва ўсім гэтым арыентуюцца, аднак ні народ, ні, падаецца, улада не жадаюць ведаць, да чаго ідзем. Жывем сёньняшнім днём.
Хоць у нашых сілах даць ацэнку захаваным балотам, каб яны займелі больш высокі статус, стварыць незалежную службу аховы найбольш каштоўных натуральных угодзьдзяў, прабіць сродкі на экалягічную ахову мэліяратыўных аб’ектаў.
Аднак і гэта не галоўнае. Выратаваньне Палесься – у рэформе сельскай гаспадаркі. Калі і надалей уласьнікам усіх земляў застанецца дзяржава, то і ў практыцы землекарыстаньня нічога ня зьменіцца.
Мы падсякаем сук, на якім сядзім, і ўрэшце звалімся ў бездань.