Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Дуброўскі: Па балоце з экскаватарам


Грамадзкі рэдактар тыдня – Аляксей Дуброўскі.


ФОТАГАЛЕРЭЯ



Што за гарызонтам?


Прытухлі жарсьці вакол мэліярацыі. Самы час глянуць на гэту праблему шырэй – што рэальна маем?

Аляксей Дуброўскі.
Чарговаму грамадзкаму рэдактару Свабоды 64 гады, ён з Барысаўшчыны. Пасьля біяфаку БДУ працаваў у навуковым аддзеле Нацыянальнага парку “Белавеская пушча”, настаўнікам у Магілёўскім раёне, аднак большую частку жыцьця аддаў Піншчыне, дзе быў інжынэрам у праектным інстытуце мэліярацыі “Палесьсегідраводгаспадарка”, начальнікам пошукавай партыі, галоўным спэцыялістам па ахове прыроды. Кіраваў у тым ліку і арганізацыяй новых заказьнікаў на Берасьцейшчыне.

У вольны ад працы час займаецца краязнаўствам, здымкамі аматарскіх фільмаў, распрацоўвае экалягічныя маршруты, выдаў некалькі кніжак, прысьвечаных экалёгіі, прыродзе і гісторыі Палесься. Шмат падарожнічае на ровары. Ягоны галоўны дэвіз: рух – гэта жыцьцё.

e-mail: a.dubrouski@tut.by
Вось-вось мінулая вясна засьведчыла адвечную праблему: затапленьні паселішчаў, гародаў, палёў. Найчасьцей сярод мора вады жывуць старыя. Яны ніколі не казалі, што мэліярацыя не патрэбная. А вось зьехаўшыя ў гарады дзеці – ужо іншая справа… У выніку грамадзтва сёньня яшчэ не гатовае да канчатковага адказу: каму ці чаму аддаць перавагу?

Як ацаніць уплыў прыроды на нашую духоўнасьць, як узважыць плюсы-мінусы таго, што мы зрабілі на гэтай зямлі з мэліяратыўным і прамысловым будаўніцтвам…

А тым часам зьмены экалягічнага стану на Палесьсі відавочныя нават шарагоўцу. Бяскрайнія асушаныя прасторы пазбавілі тамтэйшы жывёльны сьвет надзеі на жыцьцё . Сумна бачыць, як увесну тысячы і тысячы птушак кружаць над зьмененымі угодзьдзямі, куды цягне іх генэтычная памяць – з году ў год шукаць страчаныя водна-балотныя прасторы…

Ці была татальная мэліярацыя выпадковасьцю? Яшчэ ў старажытнасьці сучасная Піншчына была ці ня самым густанаселеным раёнам сучаснай Беларусі. З ростам насельніцтва людзі пачалі ўмешвацца ў жыцьцё прыроды. Асабліва тое праявілася ў шаснаццатым стагодзьдзі. Тады на ўлік былі ўзятыя бабровыя гоны, езы, бортныя дрэвы, сенажаці, пашы. Тэрыторыя паступова засяляецца перасяленцамі з Польшчы, Кіеўшчыны, палоннымі і ўцеклымі татарамі. Узмацняецца мясцовая шляхта. І ўсім патрабуецца добрая сухая зямля.

На загад каралевы Боны злучаюцца штучным каналам вярхоўе рэчак Осіпаўка і Мухавец ды Піны, якая ўпадае ў Прыпяць. Наступныя новыя каналы выконвалі ня толькі транспартныя функцыі, аднак і асушальныя.

У Х1Х ст. гэта праца пачала праводзіцца на дзяржаўным узроўні пад кіраўніцтвам генэрала Жылінскага, аднак праз 30 гадоў яе спынілі з-за пратэстаў грамадзкасьці, якая інтуітыўна адчула няладнае.

Аднак з часам дзяржава зноў вяртаецца да мэліярацыі. Людзі на балоце перад вайной асушылі водазбор рэчкі Арэсы. Было ім усё: ордэны, падарункі, слава на ўвесь СССР, паэма… Праз 60 гадоў “сабралі” іншы ўраджай – ад 2-3-мэтровых тарфянікаў нічога не засталося, тут нічога ня хоча расьці, казаць пра дабрабыт вяскоўцаў у такіх умовах не даводзіцца…

У 1967-м без належнага экалягічнага абгрунтаваньня пачаўся новы наступ на балоты. “Абгрунтаваньне” зьявілася напачатку 1980-х: маўляў, балотаў у Беларусі шмат, таму мерапрыемствы па ахове прыроды ў праектах мэліярацыі распрацоўваліся па прынцыпу “больш-менш дэтальна”. І ішлі пад нож лясы, выпрамлялі рэчкі, ліквідоўвалі найкаштоўныя пойменныя ўгодзьдзі, трактары-карчавальнікі на ўсю магутнасьць рушылі неруш… Не прымаўся да ведама досьвед Галяндыі і Нямеччыны, дзе мэліярацыя прайшла яшчэ 200-300 год таму. Толькі ў 1991 годзе Саўмін прыняў пастанову пра ахову тарфяных рэсурсаў рэспублікі: зь іх вызначылі 13 працэнтаў прыродаахоўнага фонду. Аднак “забыліся” прыдаць статус ахоўваемай тэрыторыі. І сёньня ацалела з таго ўсяго дробязь – астатняе распахана.

А ўсяго на сёньня асушана на Палесьсі каля 2 млн. га балотаў з 2,2 млн. га, прызначаных да мэліярацыі. Праўда, узяты накірунак больш не ўключаць сюды новыя землі. На балотных астатках створана некалькі заказьнікаў.

Калі ня браць агульную колькасьць балотаў, якія засталіся ў натуральным стане (а гэта каля 30 працэнтаў ад іх агульнай плошчы), то нібыта і нічога страшнага… Але – асушаныя амаль усе адкрытыя і захмызьнячаныя прасторы. Захаваліся балоты толькі па заказьніках, лясах і ў прыбярэжных палосах. А гэта істотны ўдар па пярнатаму царству, нерасьцілішчам і сотням відаў расьліннага і жывёльнага сьвету.

Так, у тыповым для Палесься Пінскім раёне пры плошчы ўсіх сельгасугодзьдзяў у 125 240 га асушана 80 386 га – 64 працэнты. Ды яшчэ пад вадасховішчамі, сажалкамі, каналамі занята больш за 5 000 га. Большасьць гаспадарак жыве толькі за кошт асвоеных балотаў. Вось дзе корань праблемы: да якой кропкі мы мусім ісьці па балоту з экскаватарам – да гарызонту ці бліжэй? Пакуль ішлі да гарызонту…

Усяго адзін прыклад. У багацейшым прыродным кутку раёну вырашылі пабудаваць новы саўгас “Малалельчыцы”. На момант распрацоўкі ідэі там знаходзіліся дзьве вёскі: Малалеьчыцы і Астровічы. Апошняя зьвязвалася з горадам дарогай, а першая – толькі ў навігацыю па рацэ. То бок дзікая прырода, некалькі месяцаў на год жыцьця ў лодцы... Дамы саграваліся івовым галіньнем, бо лесу паблізу няма.

І вось асушылі балоты, вецер на адкрытых прасторах здуў камароў і мошак, людзі займелі дамы са ўсімі зручнасьцямі. У Малалельчыцах пачалі “бунатаваць”: а мы чым горшыя? Падавай цывілізацыю! Пайшлі насустрач, саставілі праект. З дасьледаваных 10 000 га ў асваеньне ўзялі каля 7 000, атрымалася поле 5 на 14 км, пры абсалютна роўным рэльефу і з 4 000 га тарфянікаў. Намецілі пакінуць у натуральным стане 136 га хмызьняку, зрабіць аблясеньне на 101 га пяшчаных бугроў, высадзіць 76 га лесапалос, прадугледзіць дапамогу 77 га пойменных азёраў.

Даўно ўсё адбудавана. Хмызьнякі зьвяліся яшчэ да выдачы праекту, арашэньне не працуе, хоць здадзенае, аблясеньне ня зробленае зусім, лесапалосы пасаджаныя ў мінімальнай колькасьці, азёры прапалі, робяцца спробы пастаянна араць тарфянікі. У выніку чорныя буры не-не ды і накрыюць Малалельчыцы…

Не магу сказаць, што думае зараз бабка, якая некалі прысьпешвала мяне “зрабіць, як у недалёкім адсюль заасфальтаваным Парахонску”…

А тут яшчэ чарнобыльская бяда – яна дадалася да той, што мелася ад ваенных і раней, аднак дагэтуль трымаецца ў сакрэце…

Некаторыя “мудрацы” наагул супраць мэліярацыі – маўляў, хай бы людзі зьяжджалі ў гарады, вось прырода б і захавалася. Аднак гэта траціна рэспублікі з 3 млн. насельніцтва…

У пэўнай ступені на тое можна было б пайсьці, каб была тут інфраструктура экалягічнага і этнаграфічнага накірунку, ад якой нейкі б даход ішоў вяскоўцам. Менавіта ў такім стане у нас, у Пінскім раёне, апынуліся тры вёскі. У 1987 годзе я прапанаваў удзельнікам навуковай экспэдыцыі Акадэміі навук выканаць абгрунтаваньне такога заказьніка ў пойме рэчкі.

І як там, у біялягічным заказьніку “Нізоўе Ясельды”, жывуць цяпер? Крамы няма, школы няма, улады амаль таксама няма… Людзі па астравах, хлеб яшчэ нядаўна завозілі лодкай раз на тыдзень… Праўда, дарогу туды ўжо пабудавалі. Прыяжджалі англічане, немцы, швэды, маскоўскае НТВ – для іх гэта экзотыка. А людзі насамрэч загнаныя абставінамі жыцьця ў самы кут! Бярэ сумнеў: ці варта было арганізоўваць гэты рэзэрват для абарыгенаў, не аказваючы з боку дзяржавы аніякай дапамогі? Хоць месца, безумоўна, выключна цікавае, яшчэ з патрыярхальным укладам жыцьця. На ўсе сто падыходзіць для музэя побыту палешука – хоць у гэтым нейкае выйсьце…

Так што ва ўсім патрабуецца разумны падыход: зьвязаць інтарэсы сельскай гаспадаркі, жыхароў вёсак і прыродаахоўных арганізацый.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG