К.Ст’юарт: Між Беларусьсю і ЗША будзе больш дыялёгу

Дыялёг і далучанасьць да працэсаў будуць пакладзеныя ў аснову палітыкі цяперашняй адміністрацыі ЗША ў дачыненьні да краінаў, дзе адбываецца змаганьне за дэмакратыю і правы чалавека.
СЛУХАЦЬ:


Пра гэта заявіла ў інтэрвію Радыё Свабода Карэн Ст’юарт – былая амбасадарка ЗША ў Беларусі, а цяпер – галоўная намесьніца памочніка дзяржсакратара ў пытаньнях дэмакратыі і правоў чалавека.

На пытаньне, якую палітыку варта было б праводзіць у адносінах да Беларусі – дыялёгу альбо санкцыяў – Карэн Ст'юарт адзначыла:
Мы па-ранейшаму чакаем большых дэмакратычных зьменаў...


“Я ўпэўненая, шмат хто з вашых слухачоў ведае, што мы ўвялі санкцыі ў дачыненьні да Беларусі. Пасьля вызваленьня палітзьняволеных, чаго мы дамагаліся, мы паслабілі некаторыя санкцыі – так бы мовіць, адматалі некаторыя зь іх назад. Мы па-ранейшаму чакаем большых дэмакратычных зьменаў і датрыманьня правоў чалавека.

Але ў адпаведнасьці з новай гатовасьцю адміністрацыі ЗША весьці дыялёг з рознымі ўрадамі і шукаць сфэры, дзе мы маглі б перагледзець і палепшыць нашыя дачыненьні, мы хацелі б унесьці ўклад у скіраваньне цяперашніх поглядаў Беларусі ў бок правоў чалавека, што дазволіла б нам палепшыць адносіны, а магчыма, зрабіць нейкія крокі ў справе санкцыяў. Мы хацелі б аднаўленьня нашай амбасады, якую ЗША вымушаныя былі зачыніць у траўні 2008-га, пасьля высланьня амэрыканскіх дыпляматаў зь Менску. Так што я думаю, у наступным кроку будзе больш дыялёгу”.