Ад забароны Расеі на ўвоз беларускіх малочных прадуктаў найбольш церпяць перапрацоўчыя прадпрыемствы ў рэгіёнах. Паводле дадзеных Мінсельгасхарчу, ужо больш як 20 малаказаводаў цалкам адлучаныя ад экспарту прадукцыі.
МАГІЛЁЎ
Малочнікі спадзяюцца, што Расея ня спраўдзіць цалкам пагрозы
Малочнікі спадзяюцца, што Расея ня спраўдзіць цалкам пагрозы
Вытворцы малочнай прадукцыі на Магілёўшчыне з трывогай сочаць за разьвіцьцём беларуска-расейскага канфлікту.
Мсьціслаўскі масласырзавод больш за восемдзесят працэнтаў сваёй прадукцыі прадае на расейскім рынку. На прадпрыемстве спадзяюцца, што пагрозы суседа застануцца толькі пагрозамі. Абвінавачаньні ў тым, што беларускія вытворцы малочнай прадукцыі атрымлівалі дакумэнты на ўвоз харчоў у Расею з парушэньнямі, мсьціслаўцы лічаць надуманымі:
“За выдачу гэтых дазволаў і сэртыфікатаў прадпрыемствы плацілі грошы. Калі яны былі выдадзены няправільна, з парушэньнямі, то Расея павінна разабрацца перадусім у сябе”, — тлумачыць прадстаўнік адміністрацыі масласырзаводу.
Суразмоўца зазначае, што расейцы надумалі абвясьціць “малочную вайну” ў надта нязручны для малочнікаў час:
“Нашмат лепей было б для прадпрыемстваў, каб усе гэтыя заявы рабіліся ў восеньскі пэрыяд, а не ў сэзон масавай нарыхтоўкі малака. Калі малака меней, тады прасьцей знаходзіць новых партнэраў, і калі ты іх знаходзіш, то зь імі працуеш на сталай аснове”.
Трэба тэрмінова вырашаць праблемы ў тэхналёгіі.
Магілёўскі эканаміст Пётар Мігурскі лічыць, што беларускім вытворцам варта кардынальна мяняць падыходы да ацэнкі якасьці сваёй прадукцыі:
“Сытуацыя — не на карысьць Беларусі. Крытэрыі ацэнкі якасьці малака ў Расеі больш жорсткія. У дадзенай сытуацыі нам ня трэба станавіцца ў позу, а трэба ўсё ж разглядаць пытаньні тэхналёгіяў, пытаньні прыватнай уласнасьці. Калі будуць займацца гэтым фэрмэры, толк будзе ў гэтым пытаньні”.
БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА
Панікуе нават дырэктар стабільнага заводу
Панікуе нават дырэктар стабільнага заводу
Ляхавіцкі малаказавод — не партнэр расейскаму гандлю. Трэцюю частку сваёй прадукцыі прадпрыемства адгружае ў крамы райцэнтру і Баранавічаў. Асноўны экспарт арыентаваны на суседнюю Польшчу, а таксама Літву і Латвію, часткова — у Францыю, Нямеччыну, Нідэрлянды.
Цяпер ляхавіцкі завод — удзельнік аднаго з эўрапейскіх эканамічных праектаў. Але дырэктар Вячаслаў Жукоўскі ня ўтойвае, што праблема набыла палітычны характар:
“Вакол гэтага пытаньня зрабілі такую заваруху, што робіцца нейк не па сабе. Мы адгружалі і адгружаем прадукцыю. Нас гэта ня тычыцца”.
ГОМЕЛЬ
Гомельскае акцыянэрнае таварыства “Малочныя прадукты” пастаўляе ў Расею каля 30 найменьняў малочных прадуктаў.
Апавядае кіраўнік аддзелу маркетынгу акцыянэрнага таварыства Алена Бондар:
“Мы адпраўляем нашым транспартам ці транспартам заказчыка малако, тварог, сьмятану, дэсэрт, ёгурты, сухое малако, масла сьметанковае ў Бранск, Арол, Маскву, Калугу, Тулу, Санкт-Пецярбург, Ульянаўск. Ніхто ад нашай прадукцыі не адмаўляецца. Мы атрымалі новыя сэртыфікаты. Літаральна тыдзень таму наша прадукцыя прайшла новую сэртыфікацыю да 2013 году”.
Паводле спадарыні Бондар, новы сэртыфікат таварыства атрымала ў Бранскай лябараторыі спажыўнагляду. Прадукцыя ў таварыства якасная, таму адгрузка яе расейцам вядзецца з апярэджваньнем графіку:
“У нас чыстая прадукцыя — за што нам ануляваць сэртыфікаты? Таму аб’ёмы паставак у нас не зьмяншаюцца, а павялічваюцца. Ідзе закантрактаванасьць прадукцыі на канец чэрвеня. Мы ўжо прадалі амаль усё, што ёсьць, і кожны дзень рыхтуем новае. Чэргі стаяць на адгрузку”.
Гэта цяпер палітычны момант.
“Перадусім, мы не атрымлівалі якіх-колечы скаргаў ні ад пакупнікоў, ні ад кіраўнікоў. У нас такога не было. Але што я магу вам адказваць? Гэта ж цяпер палітычны момант. Вам трэба выходзіць на кіраўніцтва Расеі”.
Камэнтар “Свабоды”
Пра цяперашнюю канфліктную сытуацыю гаворыць дырэктар аналітычнага цэнтру “Стратэгiя” Леанiд Заiка:
“Малако цяпер гэткае ж эканамічна выгаднае, як нафта і прадукты зь яе. Таму лабізм расейскі можна патлумачыць. Беларусь штогод на мільярд даляраў прадае малака ў Расею. Навошта аддаваць гэтыя грошы, калі расейскі капітал можа пакласьці іх у сваю кішэню?”
Пра магчымы вынік “малочнай вайны” Леанід Заіка кажа наступнае:
“Я мяркую, што расейцы пакараюць нас прыкладна на палову ад цяперашняга экспарту. Пакінуць нам сэгмэнт на 400-500 мільёнаў даляраў малочных прадуктаў штогод. І мы на гэтым супакоімся. Самі будзем глытаць сьлёзы”.