Фотаблог. SOS роднай зямлі

Валер Дранчук

Летні фотаблог грамадзкага рэдактара Валера Дранчука.

ФОТАГАЛЕРЭЯ




Неяк адзін вечаровы “пэйзаж” нагадаў мне палітру Ван-Гога. Гэта была сьмецьцезвалка...

У ваколіцах майго хутара аж дзьве сьмецьцезвалкі, так званыя палігоны адкідаў. Знаёмы, які ўпершыню гасьцяваў у мяне і ўсё дасканала за дзень агледзеў, на гэта бяз жарту заўважыў: «Не, братка, гэта ня так сабе. Каб вось так на вачах і пад самым бокам. Тут нейкая абранасьць, высокая воля, -- высноўваў ён пры вогнішчы. -- Гэта, каб ты не расслабляўся, быў пільны, ня думаў, што рай. Я хадзіў і ўсё бачыў. Жудасны антыпод твайму хутару! Тваім бабрам на Гавязьнянцы, тваім пленэрам і белакапытніку! Ты змагаесься, значыць, так трэба, так задумана. Памятаеш, хараство ўратуе сьвет? Уратуе ў змаганьні, супрацьстаяньні…»


Я мусіў пагадзіцца з начным суразмоўцам, што звалкі сапраўды не даюць заспакоіцца, заплюшчыць вочы на многія рэчы, а ўвесь час вымагаюць большага, і ня толькі ў маёй ваколіцы. Яны прыцягваюць як магніт. Гэта таксама і мая майстэрня, і аб'ект спазнаньня, і пэўная філязофія, хоць фон негатыўны і роспачны.

Быў выпадак, на адну з гэтых звалак я прывёз чарговага чыноўніка з абласнога камітэта прыродных рэсурсаў. Ім была мініятурнае дзяўчо, якое даволі цяжка ўявіць на раскіслай вясновай звалцы. Але ходзім, глядзім. Слова за слова – і я завёўся, пачаў нешта эмацыйна даводзіць. Нарэшце, яна не вытрымлівае: «А вы чего на меня так крічіте?» А я тым жа тонам голасна адказваю: «Ды не на Вас, не на Вас! А каб ваш старшыня пачуў, міністар, законатворца, парлямантар…» Пакуль што, на жаль, не пачулі, і ў гэтым пераканаецца глядач маёй сёньняшняй галерэі.

Гадоў тры таму прачытаў і прыемна ўразіўся: у вельмі маленькай краіне на далёкім кантыненьце ўзаконена забарона на выкарыстаньне плястыкавых бутэлек. Дзеля разьвіцьця турызму і чысьціні мясцовай прыроды. Дапускаю, што гэта не адзіная краіна ў сьвеце, якая зрабіла спробу абараніць навакольнае асяродзьдзе і нацыянальны ідэнтытэт, найперш свой турыстычны прадукт, ад забруджаньня бытавымі адкідамі. Міжволі пазайздросьціш, ведаючы, што робіцца ў беларускіх ваколіцах ад сьмецьцевага гвалту. Бытавы, сельска-прамысловы, абгортачна-ўпаковачны хлуд валакам рушыць у нашы лясы, у нашы крыніцы, у нашы лясныя нетры?

Сёньня з нагоды Ўсясьветнага дня навакольнага асяродзьдзя я хачу зрабіць прапанову міністру прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Лявоньцію Харужыку: плянаваную на жнівень калегію міністэрства з папярэднім падвядзеньнем вынікаў Года роднай зямлі правесьці з выездам на месцы. Асабіста запрашаю наведаць сьмецьцезвалкі ў радыюсе майго хутара. Калі будзе час, ахвотна правяду, пакажу і раскажу. А пакуль глядзіце галерэю, якую я прапаную ў фармаце «кантрапункта» (кантрапункт – адначаснае спалучэньне двух або некалькіх матываў).