Летні фотаблог грамадзкага рэдактара Валера Дранчука.
ФОТАГАЛЭРЭЯ
Гэта я пра белакапытнік гібрыдны лекавы (цытую Чырвоную кнігу Беларусі), у народзе цар-траву. Калі спытаеце, чаму так называецца, адкажу выключна зь нядаўняга асабістага назіраньня. Раньняй вясной, ледзь пасьпее абсохнуць трава ад расталага сьнегу, зь белых карэньчыкаў-капыткоў прабіваецца першы зялёны парастак гэтай расьліны. Дзень-два цяпла на прыкрынічных прыгрэвах – і распускаецца чароўная кветка. Быў сьведкам, калі на яе абрушваліся і маразы, і завеі, але мужная кветка перамагала.
Час абуджэньня белакапытніка і зьяўленьня кветкі на сьвет – пачатак, сярэдзіна красавіка. Праз дзесяць-пятнаццаць дзён лілова-бурачковую градку ўжо не пазнаць: ліст белакапытніка не любіць марудзіць, шпарка разрастаецца і зелянее. Сёньня яго дыяматар сягае ўжо за паўмэтра. А высокія, на гранях, цыбуры сакавеюць у два пальцы. Мабыць, таму і цар-трава.
Гісторыя белакапытніка – адвечнага спадарожніка майго хутара – досыць тыповая. Меліярацыя 60-х зь яе зачысткамі соцень-тысяч лугавінак ды балацінак па ўсёй Беларусі так загарнула ў склеп небыцьця гэтую кветку, што бедная паўстала на сьвет празь пятнаццаць гадоў. Мне пашчасьціла ўбачыць тыя лічаныя асобнікі, што першымі прабіліся да сонца. Акадэмічны інстытут (памятаю і навуковага супрацоўніка з прозьвішчам Трацьцякоў) пацьвердзіў нададзены статус расьліны: рэдкая, трапляецца ў невялікай колькасьці, моцна пацярпела ад асушальнай меліярацыі.
У 1998 годзе месца разрастаньня расьліны было аб’яўлена з маёй ініцыятывы як ахоўная тэрыторыя – біялагічны заказьнік мясцовага значэньня.
Цяпер тут, на родным балоце, пачынаючы з 2001-га, я штогод зьбіраю дзяцей, кажу пра наступствы татальнага асушэньня і паказваю кветку белакапытніка, якая трапіла ў Чырвоную кнігу. Дзеці на свае вочы бачаць, якая яна прыгожая, і малююць кожны па-свойму. Дэвіз пленэра: маляваць прыроду, значыць сьведчыць любоў, берагчы красу і жыцьцё на Зямлі.
У 2006-м, калі свет адзначаў 20-годдзе чарнобыльскай катастрофы, мы салідарызавалі свае памкненьні дзеля захаваньня жывой Зямлі і недапушчэньня ядзернай небясьпекі. У тую вясну была яшчэ адна падстава для салідараваньня. За кратамі знаходзіўся мой сын Цімафей, палітвязень сумленьня, і пленэр, на знак салідарнасьці зь Цімафеем і ягонымі паплечнікамі, атрымаў адпаведную назву “Кветка вясны – кветка свабоды”. Вядома, я не імкнуся палітызаваць свае пленэры. На першым пляне – прыродалюбная беларушчына, патрыётыка і краязнаўства. На разьвітаньне, выпраўляючы дзяцей ды дзякуючы за ўдзел у пленэры, я кажу ім пра тое, што з гэтага дня яны далучыліся да дзіцячага руху Пасланцоў прыроды, і я заўсёды чакаю іх на сваім хутары.
Сёлета мае адбыцца яшчэ адзін пленэр “Маляўнічая Бацькаўшчына”, летне-купальскі, з удзелам мастакоў і паэтаў. Хто жадае далучыцца, зрабіце замову на мой тэлефон: +375 (29) 6 566670.