Зачараваныя сьмерцю

Паводле дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, Беларусь уваходзіць у першую пяцёрку краін з найбольшай колькасьцю самагубстваў. Кожны год тут добраахвотна разьвітваюцца з жыцьцём каля трох тысяч чалавек.

У чэрвені ў Беларусі мусіць быць завершана спэцыяльная праграма па прафіляктыцы выпадкаў самагубства. Гэтага вымагае пагаршэньне сытуацыі.

Сёньня карэспандэнты “Свабоды” ўдакладнялі, як эканамічны крызіс уплывае на ўзровень самазабойстваў у рэгіёнах.

ГОМЕЛЬ

На самагубствы ўплывае ня толькі сацыяльны і эканамічны крызіс, але й духоўны

У мястэчку Капаткевічы Петрыкаўскага раёну яшчэ і сёньня кажуць пра жудасны выпадак. Трыццацігадовы жыхар мястэчка моцна пакрыўдзіўся на маці, выйшаў на панадворак, абліў сябе бэнзінам і пстрыкнуў запальнічкай. Выратаваць яго не ўдалося — згарэў жыўцом. Наколькі вядома, маці не дала сыну гарэлкі, і тады ён вырашыў разьвітацца з “суровай рэальнасьцю”.

Паводле афіцыйных зьвестак, самы высокі ўзровень самагубстваў назіраўся на Гомельшчыне ў 2005 годзе — звыш 33 выпадкаў на сто тысячаў чалавек. А ў мінулым, 2008 годзе зьвялі рахункі з жыцьцём больш як тры з паловай сотні жыхароў вобласьці.

“Суіцыд — пратэст супраць адсутнасьці працы і ўпэўненасьці ў будучыні”

Выпадкі самагубства нярэдка здараюцца й сярод непаўналетніх. Сёлета напрадвесьні наклаў на сябе рукі васьміклясьнік Вуцеўскай сярэдняй школы Добрускага раёну.

Адзін зь лекараў-псыхіятраў абласнога клінічнага псыханэўралягічнага шпіталя так камэнтуе мэтанакіраванае пазбаўленьне сябе жыцьця:

“Суіцыдальная актыўнасьць у Беларусі характарызуецца тым, што мы знаходзімся ва ўмовах пастаяннага крызісу — ня толькі сацыяльнага, эканамічнага, але й духоўнага. Старая сыстэма каштоўнасьцяў развалілася, развалілася сыстэма сэнсаў. Новая не стварылася ці падмяняецца штучнымі сэнсамі. Гэта немагчымасьць сябе рэалізаваць, дасягнуць жаданага ў жыцьці. Тут мае значэньне тое, што ў чалавека няма сталай працы, упэўненасьці ў будучыні. Няма магчымасьці задаволіць нейкія свае базавыя патрэбы. У падлеткаў іншыя прычыны, чым у дарослых. У іх гэта хутчэй імпульсіўны выраз пратэсту, нейкі своеасаблівы крык пра дапамогу ў цяжкой для іх псыхалягічнай сытуацыі”.

Псыхіятар згадвае таксама, што самагубствы абумоўліваюцца іншымі сацыяльнымі праблемамі, і перш за ўсё алькагалізацыяй насельніцтва:

“Большасьць самагубстваў зьдзяйсьняецца ў стане алькагольнага ап’яненьня. І варта разглядаць праблему алькагалізацыі насельніцтва як яшчэ адзін фактар, які спрыяе павелічэньню колькасьці суіцыдаў”.

ГОРАДНЯ

У крызіс людзі больш хваравіта рэагуюць на рэчаіснасьць

Мэдыкі на Гарадзеншчыне ня зьвязваюць наўпрост узьдзеяньне сусьветнага фінансавага крызісу з ростам колькасьці суіцыдаў і спробаў самагубства. Яны лічаць, што такая ўзаемасувязь павінна быць вывучана глыбей.

Як кажа галоўны псыхіятар Міністэрства аховы здароўя Беларусі Сьвятлана Дзялендзік, эканамічная нестабільнасьць у сьвеце прывяла да росту трывожных расстройстваў, дэпрэсій, а таксама спробаў суіцыду сярод насельніцтва Беларусі.

Галоўны псыхіятар краіны заявіла СМІ, што сёлета колькасьць завершаных суіцыдаў зьнізілася, але вырасла колькасьць іх спробаў, прычым сярод працаздольнага насельніцтва.

Псыхіятры скардзяцца на недаступнасьць праўдзівай інфармацыі і вынікаў сацыялягічных дасьледаваньняў

Абмяркоўваючы гэтую праблему са спэцыялістамі з Гарадзенскай вобласьці, я чуў розныя меркаваньні, але ніхто наўпрост не зьвязаў крызіс з ростам суіцыдальных спробаў.

Вось што, да прыкладу, сказаў наконт гэтага галоўны ўрач псыханэўралягічнага дыспансэру ў Лідзе Анатоль Свароб:

“Справа ў тым, што тут такая заканамернасьць ня вельмі праглядаецца. Кожны год па-свойму розьніцца: летась колькасьць суіцыдаў зьнізілася, а сёлета пакуль на такім самым узроўні. Але здараецца і так, што няма ніякага эканамічнага крызісу, а колькасьць суіцыдаў і спробаў можа быць вялікая”.

Галоўны спэцыяліст у галіне псыхіятрыі ўпраўленьня аховы здароўя аблвыканкаму Сяргей Букін нагадвае, што ў вайну суіцыдаў бывае меней, чым у мірны час.

“Павінны быць хаця б нейкія сацыялягічныя апытаньні, каб мы маглі апэраваць канкрэтнымі лічбамі, параўнаўчыя характарыстыкі для супастаўленьня самагубстваў падчас эканамічнага крызісу і калі яго няма. І то, думаю, гэта будуць толькі прыкладныя меркаваньні”.

Псыхоляг спадар Аляксей, які дзяжурыць пры гарадзкім тэлефоне даверу, кажа, што людзі са сваімі праблемамі тэлефанавалі і да эканамічнага крызісу, і цяпер колькасьць тэлефанаваньняў ня зьменшылася, але ніхто наўпрост на крызіс ня скардзіцца:

“Калі ў чалавека ёсьць праблема, то яна ёсьць незалежна ад таго, ці адбыўся эканамічны крызіс. Канечне, сытуацыя можа адбівацца на ім: можа пагоршыць стан, але можа прымусіць чалавека і здрыгануцца, прымусіць задумацца не над сваімі праблемамі, а, скажам, паклапаціцца пра сям’ю, перанакіраваць думкі і дзеяньні”.

МАГІЛЁЎ

Сярэдні ўзрост самагубцаў на Слаўгарадчыне — крыху больш за 30

На Магілёўшчыне мэдыкі адзначаюць рост спробаў самагубства ў людзей працаздольнага веку. Найчасьцей яны спрабуюць добраахвотна разьвітацца з жыцьцём у дэпрэсіўным стане, абцяжараным алькаголем.

Летась у Слаўгарадзкім раёне скончылі жыцьцё самагубствам дзесяць чалавек. Шасьцёра зь іх нідзе не працавалі, двое былі звольненыя за месяц да самагубства і толькі ў двух была праца. Сярэдні ўзрост мясцовых самагубцаў — крыху большы за трыццаць гадоў. Шасьцярым жыхарам раёну разьвітацца з жыцьцём не далі мэдыкі.

Агульнай афіцыйнай статыстыкі па самагубствах на Магілёўшчыне знайсьці не ўдалося. Некаторыя спэцыфічныя нюансы самагубстваў у рэгіёне паведаміў супрацоўнік Магілёўскай псыхіятрычнай бальніцы:

“Крызіс стварае сытуацыю разгубленасьці, людзі ўпадаюць у дэпрэсію”

“У цэлым працаздольны ўзрост падрос, асабліва ў гарадах. Тут запыты ўва ўсіх вышэйшыя. Усё гэта пазнаецца ў параўнаньні. У сельскай мясцовасьці таксама шмат суіцыдаў. У асноўным гэта з-за п’янства адбываецца. Рабіць няма чаго. На дадатак алькагалізацыя ўсяго насельніцтва”.

Пра тое, што сытуацыя з самагубствамі ў рэгіёне не зусім пазытыўная, сьведчыць і адмысловая нарада, якую днямі правялі ў абласной пракуратуры. Яе супрацоўнікі да асноўнай прычыны суіцыдаў на Магілёўшчыне — п’янства — дадалі яшчэ сямейныя канфлікты ды канфлікты на працы, якія прыводзяць чалавека да дэпрэсіўнага стану. Сярод прычынаў — і праблемы працаўладкаваньня.

Псыхолягі зьвязваюць рост спробаў добраахвотна пайсьці з жыцьця з крызісам у эканоміцы. Гаворыць псыхоляг Вольга з Магілёва:

“Крызіс і сутыкненьне зь яго непрыемнасьцямі, зь якімі чалавек раней не сутыкаўся — гэта яго дужа палохае. І ён сапраўды ня ведае выйсьця з гэтага. Калі гаварыць пра антыкрызісны выхад, то трэба гаварыць пра псыхалягічную культуру ў грамадзтве. А яна дужа нізкая”.

Паводле суразмоўніцы, каб эфэктыўна змагацца з суіцыдамі, трэба мець шмат псыхолягаў, якія маюць адпаведную спэцыялізацыю, а іх у Беларусі катастрафічна мала. Калі сытуацыя ня зьменіцца, то Беларусі наканавана зьмірыцца з статусам адной з самых суіцыдальных краін сьвету — 20 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва.

БЕРАСЬЦЕЙШЫНА


Зводзіць рахункі з жыцьцём змушае галеча, беспрацоўе і п'янства

Эканамічныя пагаршэньні спрычыніліся да росту колькасьці алькаголікаў і самагубцаў. Асабліва адчуваецца гэтая тэндэнцыя ў сельскай мясцовасьці.

Супрацоўнікі берасьцейскай міліцыі неахвотна дзеляцца аналітычнай інфармацыяй. Але ўсё ж яны прызнаюць, што цяпер у Прыбужжы назіраецца рост самагубстваў.

“Вешаюцца. Дзе больш, дзе менш. Ёсьць, што таблетак нейкіх глыне”, — кажа капітан міліцыі Ганцавіцкага РАУС Віктар Гайцюкевіч.

Больш трывожацца мэдыкі. Галоўны ўрач Крывошынскага псыханэўралягічнага дыспансэру Юры Наўродзкі паведамляе, што лякарня разьлічаная на 200 ложкаў і ніводзін зь іх цяпер не пустуе.

“Сярод самагубцаў абсалютная бальшыня — алькаголікі”

“Да нас больш цяпер накіроўваюць алькаголікаў. Суіцыды… Таксама трапляюць пасьля суіцыдаў да нас. Ляхавіцкі раён наагул адзін з самых небясьпечных. Ляхавіцкі, Ганцавіцкі…”

Баранавіцкі ўрач Аляксандар Галькевіч лічыць, што праблемы, якія змушаюць чалавека лезьці ў пятлю, глыбейшыя, чым пра гэта кажуць афіцыйна:

“Зараз, асабліва зараз, калі разваліліся калгасы, калі ў людзей няма працы, няма пэрспэктывы, няма будучыні, алькагалізм настолькі шырока пайшоў. Сярод самагубцаў абсалютная бальшыня — алькаголікі”.

“У час крызісу і развалу дзяржава ад людзей адвярнулася”

Аляксандар Галькевіч прызнае, што айчынная мэдыцына ня можа выправіць такое становішча, а галоўную прычыну бачыць у дзяржаўнай палітыцы:

“Людзі ня могуць справіцца самі са сваёй бядой. У часы крызісу, развалу дзяржава ад людзей адвярнулася: няма дзе працаваць, няма чаго есьці, карміць дзяцей — вашыя праблемы. Дзяржаве выгадна людзей спойваць, каб яны не займаліся палітыкай”.



Паводле дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, на адно самазабойства прыпадае 8—9 спробаў суіцыду. І такіх спробаў у Беларусі, як паведамляюць спэцыялісты Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя, у 2008 годзе было зарэгістравана 6729, што на 50,6% больш, чым у 2007 годзе.