Расейскі віцэ-прэм'ер Аляксей Кудрын выказаў зьдзіўленьне раздражнёнай рэакцыяй А. Лукашэнкі ў адказ на ягоную крытыку стану беларускай эканомікі.
“Нам гэта незразумела. Да ўмоваў эканамічнага характару і крытыкі ўрад Беларусі выявіўся негатовым. У выступах Лукашэнкі быў адзін момант: калі тыя, хто жадае дапамагаць Рэспубліцы Беларусь і хоча збалянсаванай і стабільнай эканомікі, прыраўноўваюцца да апазыцыі, тады я не разумею, што ж трэба Рэспубліцы Беларусь”,-- цытуе Кудрына Інтэрфакс.
Кудрын зноў заявіў пра вялікую падтрымку эканоміцы Беларусі з боку Расеі, МВФ, Вэнэсуэлы агульнай сумай на 3,7 мільярда даляраў і запытаў: “А што далей?”
“Калі мы гаворым пра тое, што гэтая падтрымка абумоўліваецца эканамічнымі ўмовамі, якія ўтрымліваюцца ў праграме МВФ па Беларусі, і калі кажам, што трэба працягваць выконваць пэўныя захады, гэта раптам выклікае нечаканую рэакцыю... На мой погляд, гэта яшчэ больш ставіць пытаньне, што такая падтрымка Беларусі можа стаць безвыніковай і неэфэктыўнай”.
А.Лукашэнка ў пятніцу нэрвова адрэагаваў на выказваньні Аляксея Кудрына, які заявіў, што Беларусь наблізілася да мяжы неплатаздольнасьці, ды зьвязаў выдзяленьне Менску апошняй траншы расейскага крэдыту памерам у 500 мільёнаў даляраў з антыкрызіснымі дзеяньнямі беларускага ўраду. Лукашэнка заявіў, што Кудрын “цалкам кансалідаваўся з нашымі адмарозкамі, якія тут на заходнія грошы вякаюць і пачынаюць вучыць працаваць” Ён загадаў беларускаму ўраду “ня кланяцца перад Расеяй і шукаць шчасьця ў іншай частцы плянэты”.