Учарашнія заявы міністра фінансаў Расеі Аляксея Кудрына пра тое, што Беларусь знаходзіцца на мяжы банкруцтва, выклікалі нэрвовы адказ у Менску. Нэгатыўна адрэагаваў і Аляксандар Лукашэнка, і кіраўнікі ўраду.
СЛУХАЦЬ:
Іван Бамбіза выступаў у Нацыянальным сходзе. Але дэпутаты не спыталі ягоную ацэнку крытычных выказваньняў Аляксея Кудрына пра стан беларускай эканомікі. У перапынку сэсіі замест дэпутатаў гэта зрабілі журналісты.
“Рэальная сытуацыя зусім іншая. Ёсьць такія ж складанасьці, як у кожнай дзяржаве. Калі ставіць пытаньне, што Беларусь карыстаецца пазыкамі, то ўсе краіны гэтым карыстаюцца. Дэфіцыт бюджэту ў нас зусім не такі, каб крычаць пра неплатаздольнасьць нашай краіны. У некаторых краінах такі дэфіцыт роўны валавому ўнутранаму прадукту, аднак яны існуюць. Мы адсочваем сытуацыю. Ёсьць фінансавыя цяжкасьці, як і ва ўсіх. Іх трэба вырашаць, а не сядзець і думаць, што гэта само рассмокчацца. Само не рассмокчацца. Трэба прымаць рашэньні, якія б дазвалялі нам стабілізаваць сытуацыю ў эканоміцы і забясьпечыць дынамічнае разьвіцьцё”.
Раней міністар фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец на канкрэтных лічбах давёў журналістам, што сытуацыя ў краіне не такая небясьпечная, як кажа Кудрын:
Паводле спадара Харкаўца, існуе агульная характарыстыка платаздольнасьці краіны. Яна ацэньвае запазычанасьць дзяржавы ў стасунку да ВУП. Сытуацыя лічыцца бясьпечнай, калі суадносіны не перавышаюць 20%. А Беларусь мае 10%. Паводле міністра Харкаўца, міжнароднае рэйтынгавае агенцтва “Standard & Poors” усталявала ліміт бясьпечнай зьнешняй запазычанасьці для Беларусі ў памеры 9,9 мільярда даляраў. А сёньня Беларусь мае доўг у 5 мільярдаў.
Незалежны эканаміст Яраслаў Раманчук пацьвярджае, што сапраўды існуюць краіны, доўг якіх перавышае іх ВУП:
“Бэльгія, напрыклад, Італія. Але ў гэтых краінах вельмі моцная фінансавая сыстэма, вельмі добры рэальны сэктар эканомікі. Яны працуюць на ўсясьветны рынак. Таму гэтым краінам і даюць пазыкі. У іх няма інфляцыі, зьніжаюцца цэны. Так, гэта праблемы. Але яны вырашаюцца праз рэструктурызацыю гэтых даўгоў, іншымі спосабамі. І таму нам трэба глядзець не туды, а на бедныя краіны і на тыя, якія разьвіваюцца, якія пры суадносінах 30-40% ужо патрапілі ў дэфолт.
Тут нельга вымяраць адной лінейкай. Трэба глядзець на структуру нашай эканомікі. Калі экспарт падае на 48%, калі пакупная здольнасьць унутранага рынку падае, то невядома, як мы будзем аддаваць гэтыя дарагія валютныя крэдыты“.
Раней у беларускім урадзе была ідэя з мэтай прасоўваньня беларускіх тавараў накіраваць высокіх чыноўнікаў у расейскія рэгіёны.
Паводле Івана Бамбізы, быў складзены спэцыяльны сьпіс, чыноўнікі замацаваныя за канкрэтнымі рэгіёнамі. Але невядома, ці адбудуцца гэтыя камандзіроўкі пасьля таго як Лукашэнка загадаў ураду “не кланяцца перад Расеяй”.