Народная прыкмета: “Калі бацька гаворыць: “Усё добра”, значыць — цэны павысяцца”

Вёска Маркуні — паселішча надзвычай прыгожае. Маркуні расьцягнуліся ўздоўж высокага берага Вяльлі на два кілямэтры. Літаральна за гародамі адкрываецца шыкоўны краявід — супрацьлеглы, парослы густым лесам бераг. У ціхае надвор’е сосны і неба адбіваюцца ў гладкім люстры вады. Калісьці Маркуні былі слаўныя сваімі плытагонамі. Бо Вяльля да пабудовы Вялейскага вадасховішча была больш паўнаводнай. А тутэйшы лес добра прадаваўся ў Вільні і Коўне. Я сяджу на прызьбе старой хаты і гутару з апошнім маркунскім плытагонам, Станіславам Мацьвеевічам Пазьлевічам. Яму хутка споўніцца 90 гадоў. Але трымаецца стары яшчэ зухавата. Штораз падкручваючы шляхецкія вусы.

Станіслаў: “Я ня быў стырнікам. Я заднікам быў. Ад Маркунь да Вільні 62 кілямэтры. А Вяльлёй — 180. Трэба трое сутак. Былі купцы, а былі мужыкі. Была ж уласнасьць. Гэтыя купцы куплялі лес, наймалі людзей і ганялі ў Вільню. Не было ж паравога ацяпленьня. Палілі печы. І нашы маркунскія нашчапляюць дроў і ў Вільню прадаюць”.

Карэспандэнт: “Гэта значыць, вы грэлі Вільню”.

Станіслаў: “Грэлі мы Вільню”.

Маркуні калісьці былі шматлюдныя і шумныя. А маркунскія хлопцы лічыліся ў навакольлі самымі моцнымі. Сёньня можна прайсьці праз усю вёску і нікога не сустрэць, хіба пару старых. Вакол пануе такая ціша, што, здаецца, чуваць плёскат вяльлейскіх хваль. Але Маркуні ўжо ніколі ня зьнікнуць з памяці. Бо ўвекавечыліся ў прымаўцы, якую я ня раз чуў у ваколіцах Міхалішак. “Нарабіў, як воўк у Маркунях”. Стары Станіслаў нарэшце мне распавёў, што нарабіў тут загадкавы воўк. Гісторыя наколькі паэтычная, настолькі і страшная.

Станіслаў: “Як мы былі едзіналічнікі, кожны меў каня. Езьдзілі ў начлег. І прыйшлі ваўкі. Пачалі давіць усіх чыста. Потым людзі разгледзеліся, дзе яны пладзіліся за Ашмяной. Рабілі норы. Пачалі капаць гэтыя норы і выкапалі ваўчанят. Кажуць: “Давай гэтых ваўчанят прыб’ем да дошак цьвікамі і пусьцім на ваду. Хай яны плывуць і ўсе ваўкі выйдуць. Ну, так і зрабілі. Дасталі пару ваўчанят гэтых, прыбілі да дошак і пусьцілі на ваду. Тыя пачалі пішчэць, а ваўкі, сваіх дзяцей шкода, пачалі выць. А тады дадумаліся ваўкі, што трэба адпомсьціцца. Прыйшлі і ўсіх коней пападавілі. Былі такія, што за горла валіў каня. Парэзалі гэтых каней многа ў Маркунях. Дык вось з тае пары показка пайшла. “Нарабіў, як воўк у Маркунях”. Ваўкі тады адпомсьцілі.

Я даўно хацеў спытацца, як правільна называецца па-беларуску рака, на якой стаіць Вільня. Ці называюць яе Вяльлёй? Дзьве старыя сяброўкі-маркунчанкі разьвеялі мае сумневы на гэты конт.

Карэспандэнт: “Як людзі называлі гэтую раку? Вяльля ці Вілія?”

Яніна:
“Вяльля”.

Карэспандэнт: “А ці ганялі плыты?”

Яніна: “Ганялі, у Вільню і ў Каўнас ганялі плыты. Загоняць дровы, і ім плацяць. Заводаў не было. Зямлі мелі нямнога. Зарабіць не было дзе. І плыты ганялі”.

Лёдзя: “Маркуні называлі “плытнікі”.

Сям’ю адной з маіх суразмоўніц, танклявай старой з прыгожымі рысамі твару і маладым голасам, маглі вывезьці ў Сыбір у 1940-м годзе. Але перашкодзілі гэтаму нямецкія акупанты. Гісторыя нярэдкая ў Заходняй Беларусі.

Яніна: “У нас была сям’я — 6 дзяцей, тата, мама. Восем душ. І за што хацелі нас вывезьці: пан тут быў, Котліч. Ну і рабілі парабкі ў гэтага пана. Мама там на кухні рабіла. Тата на паляводзтве. І вось за гэта, што ў пана рабіў. І ўжо на аўторак загадалі, што рыхтуйся. І як раз ідзем у нядзелю — самалёты. Тры. Чатыры. Яшчэ чатыры. Яшчэ чатыры. І так нізка ідуць. І дым пайшоў. Сталі бамбіць. Вось мы так і засталіся”.

Карэспандэнт: “Дзякуючы пачатку вайны вас ня вывезьлі”.

Яніна: “Ня вывезьлі”.

Ня дзіўна, што немцаў старыя згадваюць без асаблівай злосьці.

Леанарда: “А якія яны ўбраўшыся, наадзекалоніўшыся. Толькі за дзеўкамі ляталі. Яны ж пад’еўшы. Дзеўкі баяліся і пакупацца да Вяльлі пайсьці”.

З фэрмы вярнуўся сын гаспадыні. Высокі селянін сярэдняга веку. Здаецца, адзіны працаздольны мужчына на ўсю вёску. Які падзяліўся з вашым пакорным слугой новай народнай прыкметай. Народжанай беларускім тэлебачаньнем.

Сын: “Калі бацька гаворыць: “Усё добра”, мы ўжо знаем. Калі сказаў, што цэны не павысяцца, значыць — цэны павысяцца”.

Карэспандэнт: “Гэта стала народнай прыкметай”.

Сын: “Сто працэнтаў. Калі сказаў — на цукар не павысяцца, праз тры дні на колькі павысіліся? Калі сказаў — на хлеб... Але ён маладзец. Ён яшчэ калгасы трымае. Пэнсіянэраў падтрымлівае. А наконт калгасаў, што сярэдняя зарплата 350 даляраў... Я яшчэ такіх грошай ня бачыў. Я толькі трыста рублёў бачыў. І я сёньня а шостай раніцы выехаў і толькі зараз прыехаў з работы”.

Гэты маркунец упэўнены, што недзе сапраўды ёсьць заробкі ў 350 даляраў. І гэта толькі на іхнай фэрме нешта ня ладзіцца. З такімі людзьмі Мінстат можа маляваць і тысячу даляраў.

На вымерлай вуліцы сабраліся пагаманіць пра жыцьцё трое старых. Казік, Юзік і Лёдзя. У старой Лёдзі ўлюбёная тэма — палітыка.

Лёдзя: “Лукашэнка абяцае, а што атрымліваецца? Махлюе. Цэны будуць... А мы ж бачым, што падымаюцца. Хай не махлюе, не ашуквае людзей”.

На маю заўвагу, што палітыка залежыць і ад вашых галасоў, Лёдзя адмахнулася.

Лёдзя: “Ня ведаем як галасавалі. Як скажуць, так і галасуем. Мы старыя, хіба сваім розумам галасуем? Як увядуць у вушы, так і робім. Яшчэ і пакажуць, за каго. Праўда. А моладзь ня хоча. Усё роўна, ці галасаваў, ці не галасаваў. На каго намерана дзяржава, той і будзе. Моладзь ня любіць яго. Што махлюе, а работы няма”.

Нарэшце тэма размовы збочыла ў былыя часы. Калі Вільня была не за мяжой, а за два крокі. Калі маліцца да Кальварыі адсюль хадзілі пешкі.

Карэспандэнт: “А чаму хадзілі ў Вільню да Кальварыі? Тут жа ў Міхалішках шыкоўны касьцёл”.

Лёдзя: “Касьцёл касьцёлам. А ў Кальварыі фігуры стаялі. На каленях паўзьлі. Праз рэчачку, мыліся”.

Карэспандэнт: “Усе хадзілі?”

Лёдзя: “І ён быў, і я была”.

Карэспандэнт: “Людзі ішлі пешкі за столькі кілямэтраў да Вільні”.

Лёдзя: “За здароўе, як па-даўнейшаму было. Людзі верылі. І хадзілі ў Кальварыю. Ахвяравалі Богу за здароўе, за дзяцей маліліся. Хоць бяднейшыя былі, а затое вясёла жылі. Выйдзеш, моладзь сьпявае. А цяпер грошы маюць, убраныя, а ўсе невясёлыя. Чагосьці хочуць, а чаго — самі ня ведаюць.

Казік:
“Гралі ў гэтай вёсцы тры музыканты”.

Карэспандэнт: “А на чым гралі?”

Казік: “На гармоніках”.

Карэспандэнт: “А дзе зьбіраліся?”

Казік: “Па хатах”.

Юзік: “Тады падлогі не было. Зямля, выбітая глінай”.

Казік: “І ў кожнай хаце па тры-пяць дзевак і хлапцоў. А цяпер адзін-два”.

А скончыць перадачу дазвольце мастацкім творам. Стары плытагон Станіслаў Пазьлевіч склаў верш пра любімую раку. У надзеі, што нехта зложыць песьню.

Станіслаў: “Я вам вершык, а вы складзіце ноты. Пра Нёман ёсьць, а пра Вяльлю няма песьні.

Вілія наша рэчка залацістая.
Дно яе пясчанае і вада празрыстая.
Харошая Ніна з рэчкі ваду брала
І сваёй рэчцы наказ такі давала:
“Раскажы ты, рэчка, літоўскай сяброўцы,
Якія прасторы ў нашай дуброўцы”.
“Дзякуй, дзяўчынка”, — рэчанька сказала, —
“Я свае воды Менску ўжо аддала.
Менску я ўжо дала, Менск напаіла.
З Нарачы турыстаў у Вільню вазіла”.
Зь Вільні на Каўнас рэчка пасьпяшала.
Дзе свайго любімца, Нёмана спаткала.
А Нёман кудравы рэчаньку чакае.
Ён свае воды зь ёй аб’яднае.
Зь ёй аб’яднаўся і рукой абняўся,
І разам зь Вяльлёю ў мора падаўся.