Гандаль людзьмі – пагражае як беларускам так і беларусам

Ва ўмовах усясьветнага эканамічнага крызісу ахвярамі гандлю людзей становіцца ўсё болей мужчынаў і жанчын з Усходняй Эўропы. Паводле апошніх ацэнак экспэртаў Міжнароднай арганізацыі па міграцыі (ІОМ), колькасьць трапіўшых у рабства людзей з гэтага рэгіёну налічвае найменей 120 тысяч.

Адной з краін, чые грамадзяне найчасьцей апынаюцца ў замежным рабстве, называецца Беларусь. Падобна іншым прадстаўнікам постсавецкіх рэспублік, беларусы і беларускі становяцца рабамі ў выніку росту беспрацоўя на радзіме. Сваю працу гэтыя людзі вымушаныя шукаць за мяжой. У тамтэйшых жа працадаўцаў ёсьць вялікае жаданьне скарыстацца такой нелегальнай працоўнай сілай, тым больш, што яе ня ў стане абараніць ні прафсаюзы, ні суд, ні адвакаты.

Прадстаўнік ІОМ па сувязях з грамадзкасьцю Жан-Філіп Шозі ў інтэрвію эўрапейскім выданьням кажа, што гандаль мужчынамі набывае сёньня ня меншыя абароты чым гандаль жанчынамі.
грамадзянкі краін СНД шукаюць сабе занятак пераважна ў краінах Заходняй Эўропы, іх суайчыньнікі – ў Расеі ...

Калі грамадзянкі краін СНД шукаюць сабе занятак пераважна ў краінах Заходняй Эўропы, іх суайчыньнікі – ў Расеі. Трапіўшы ў замежнае рабства, жанчыны вымушаныя займацца нелегальнай прастытуцыяй, мужчын жа выкарыстоўваюць у будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, іншых “шэрых” сфэрах эканомікі, што даюць высокія прыбыткі пры мінімальных выдатках.

Паводле Жана-Філіпа Шозі, супраць працоўных-нелегалаў ужываецца сапраўдны фізычны і псыхалягічны гвалт - яны жывуць у антысанітарных і антычалавечых умовах, працуюць найменей па 18 гадзін у суткі. Нягледзячы на тое, што Расея зьяўляецца краінай - сябрам Рады Эўропы і ўзяла на сябе абавязаньні адпавядаць Канвэнцыі па абароне правоў чалавека, у гэтай краіне з кожным днём адкрываецца ўсё больш “кропак”, сотні і сотні здаровых мігрантаў з былога СССР прапануюць сябе ў якасьці нелегальнай працоўнай сілы і ў выніку становяцца рабамі.

Чым больш жабрацтва на радзіме, тым большыя памеры прымае нелегальная міграцыя, тым больш людзей трапляюць у рабства.

Як заявіла днямі ў Менску спэцдакладчыца ААН Джой Нгозі Эзэйла, гандаль людзьмі можа істотна абвастрыцца на тле міжнароднага эканамічнага крызысу, а таму ўсім краінам уключна зь Беларусьсю патрэбныя новыя захады ў гэтым напрамку.

Знаходзячыся з адмысловым візытам ў Беларусі спэцдакладчыца ААН па барацьбе з гандлем людзьмі заявіла, што гэтай краіне, на яе думку, неабходна стварыць асобнае заканадаўства, накіраванае на абарону ахвяраў гэтага гандлю.

Таксама яна парэкамэндавала беларускім структурам стварыць адмысловую структуру па супрацьдзеяньню гэтай праблеме.

Інфармацыя, сабраная спадарыняй Эзэйла ў Беларусі, будзе агучаная на чарговым паседжаньні камісіі ААН па правах чалавека.