Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым лепей замужам за мяжой?


Вясельле ў сталіцы
Вясельле ў сталіцы

Цягам 2008 году ў Менску было зарэгістравана 413 шлюбаў з замежнікамі. Найбольш папулярнымі выявіліся грамадзяне Нямеччыны. Чым прывабныя для беларусаў шлюбы з іншаземцамі?

Мая суразмоўніца Тацяна займаецца “шлюбным бізнэсам” ужо 12 гадоў. Паводле яе назіраньняў, за гэты час прычыны таго, чаму беларускія жанчыны імкнуцца замуж за мяжу, зьмяніліся прынцыпова:

“Калі на пачатку працы працэнтаў 60-70 жанчын наўпрост тлумачылі: «Хачу зьехаць з краіны, таму што не задавальняе жыцьцё тут, умовы, пэрспэктывы», — то цяпер сытуацыя іншая. Вельмі многія кліенткі кажуць: рашэньне шукаць асабістага шчасьця за мяжой далося ім нялёгка. Маўляў, яны тут шмат што пакідаюць, ім ёсьць што губляць. Але! Крок вымушаны, бо занадта цяжка знайсьці тут прыстойных мужчын!”

Што за мяжой беларускія жанчыны шукаюць прынцаў — гэта міт, кажа Тацяна.

Што за мяжой беларускія жанчыны шукаюць прынцаў — гэта міт.
“Цалкам незавышаныя патрабаваньні. Каб у мужчыны была адукацыя, каб быў нейкі бізнэс, які дае сродкі для існаваньня, для жыцьця іх будучых дзяцей ці яе дзяцей, каб было дзе жыць і жыць годна. А вось паняцьце «годна» ў кожнай з жанчын рознае, таму і патрабаваньні пры пошуку таксама індывідуальныя”.

Свае ўяўленьні пра “годнае” сумеснае жыцьцё беларуска Дыяна фармулюе так: павага да яе як да жанчыны і чалавека. Ёй 36 гадоў. Працуе мэдсястрой. Замужам за беларусам была двойчы. Да абодвух разводаў прывялі амаль аднолькавыя прычыны — алькагалізм, рэўнасьць і схільнасьць мужоў да гвалту.

“Тут я канчаткова ўпэўнілася ў тым, што… жах. Жах! Адзіная мэта беларускіх мужчын — «кушать» гарэлку. Нават ня піць яе. Маладыя — немаладыя, жанатыя — нежанатыя, мэта адна. Напівацца гарэлкай да сьвінячага стану. Я ня ведаю, можа, гэта мне так «шчасьціла», можа, ня там я іх шукала… Можа, ня тых сустракала, але ўпэўнена магу сказаць: нікога нават блізка падобнага да Аляксандра ня бачыла…”

Аляксандар — 42-гадовы немец, зь якім Дыяна перапісваецца некалькі месяцаў. Была ў яго ў гасьцях, ён прыяжджаў у Менск, мае прыехаць яшчэ раз, падобна што “ў сваты”:

“Чалавек адукаваны, культурны, вельмі шмат чытае, вельмі шмат чым захапляецца, шмат хобі… П’е мала, паводзіць сябе годна, паважлівы ў адносінах да мяне, вельмі клапоціцца”.

У адным Менску летась было зарэгістравана 413 шлюбаў з замежнікамі. І гэта — толькі тыя, хто зь нейкіх прычын вырашыў рэгістраваць шлюб у Беларусі, а не на радзіме. Найпапулярнейшымі ў якасьці мужоў выявіліся немцы — 33 шлюбы за 2008 год. З грамадзянамі Італіі — 27 шлюбаў, зь літоўцамі — 22. У міжнародныя шлюбныя агенцтвы часьцей за ўсё зьвяртаюцца жанчыны, кажа Тацяна:

Спрабавалі працаваць з нашымі мужчынамі, але — нерэнтабэльна.
“На пачатку сваёй працы спрабавалі працаваць з нашымі мужчынамі, але расчараваліся, таму што… прабачце, але — банальна нерэнтабэльна”.

Камфорт і забясьпечанасьць — яшчэ не гарантыя шчасьлівага сямейнага жыцьця, сьведчыць статыстыка гарачай лініі “Ла Страда”, арганізацыі, чыя мэта — прадухіляць гандаль людзьмі ў краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. 14% усіх званкоў на гарачую лінію тычацца пытаньняў шлюбу, сямейных абавязаньняў, правоў на дзяцей, апекі над дзецьмі і іншых пытаньняў, якія тычацца шлюбаў з замежнымі грамадзянамі. Распавядае мэнэджэр праекту Галіна Цюрына:

“Вялікую колькасьць «праблемных званкоў», асабліва па пытаньнях дзяцей, па вяртаньні дзяцей у Беларусь, мы атрымліваем з краінаў арабскага сьвету. Але зь іншага боку — усе сытуацыі індывідуальныя. Ёсьць вельмі складаныя, цяжкія званкі і з краінаў Заходняй Эўропы. І тычыцца яны могуць, прыкладам, хатняга гвалту. Што яшчэ раз пераконвае: праблема гвалту ня ведае межаў…”

У сваёй хаце і вуглы дапамагаюць, лічаць у менскім шлюбным агенцтве “Вікторыя”. Яго супрацоўнікі дапамагаюць знайсьці сваю палавінку тутэйшым людзям.

“Мы знаёмім толькі сваіх, родных беларусаў. Адзінае такое агенцтва па Беларусі. Калі ласка: і мужчыны, і жанчыны ад 18 да 90 гадоў. Шмат іншагародніх, шмат менчукоў, картатэка, фотаздымкі, анкеты — і ў выніку вельмі пасьпяхова працуем. Ствараецца мноства пар. Асабліва вясной. Цяпер вось сэзон, дарэчы!”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG