Цягам сутак першы віцэ-прэм’ер Ўладзімер Сямашка двойчы называў розныя лічбы меркаванай цаны на расейскі газ для Беларусі у другім паўгодзьдзі.
20 траўня чыноўнік заявіў, што ад 1 ліпеня газ для Беларусі будзе каштаваць 200 даляраў за тысячу кубамэтраў, а ўчора ён гэтую лічбу адкарэктаваў — прычым адразу напалову. Колькі ж насамрэч можа каштаваць расейскі газ, высьвятляў Ігар Карней.
Пачынаючы са студзеня, цана газу для Беларусі складала 210 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў. Паводле дадзеных на пачатак траўня гэтая лічба склала 147 даляраў. Па ацэнках беларускага ўраду, сярэднегадавая сума не павінна перавысіць 150 даляраў.
Аднак 20 траўня, выступаючы на Беларускім прамысловым форуме ў Менску, першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка нечакана заявіў: з 1 ліпеня 2009 году кошт газу для Беларусі складзе ў сярэднім 200 даляраў за тысячу кубамэтраў. Што, як заўважылі экспэрты, ніяк не ўкладаецца ў міждзяржаўныя пагадненьні. Праўда, ужо празь дзень чыноўнік зьявіўся на стужках інфармацыйных агенцтваў зь іншымі прагнозамі: кошт расейскага прыроднага газу для Беларусі з 1 ліпеня будзе складаць крыху больш за 100 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў. Сямашка вывеў гэтую лічбу, зыходзячы з формулы, прывязанай да вытворчасьці нафты, газу і мазуту, а таксама цэнаў на іх у I і ІІ кварталах. Гэтыя лічбы Сямашка паўтарыў на ўчорашняй справаздачы ў Аляксандра Лукашэнкі:
“Кошт з 1 ліпеня, то бок з трэцяга кварталу, якраз разьлічваецца на ўзроўні 102—103 даляры, а не 203—205 даляраў. Я адказна заяўляю: 102—103 даляры, ня болей”.
У расейскім канцэрне “Газпром” таксама не хаваюць зьдзіўленьня ад падобнага розначытаньня што да коштаў паліва для Беларусі ў вэрсіі Ўладзімера Сямашкі. Гаворыць прадстаўніца канцэрну Тацяна Галубовіч:
“Так, мы таксама абмяркоўвалі гэтыя заявы і вырашылі: чалавек проста памыліўся. Бо ўчора ўжо была карэктная вэрсія. Я так разумею, наконт усіх абставінаў трэба пытацца ў атачэньні Сямашкі, бо гэта яўна яны потым карэктавалі ягоныя выказваньні”.
Карэспандэнт: “Дык які ўсё ж кошт газу для Беларусі можа быць насамрэч?”
чалавек памыліўся, альбо яго там недачулі ...
“Мы кошт не называем. То бок у нас палітыка такая, што мы падобныя зьвесткі не агалошваем. Паколькі назваў Сямашка, то, адпаведна, трэба ў яго пытацца — які з названых узроўняў дакладны? Наколькі я разумею, другі ўзровень, калі выправіўся, названы правільна, бо паводле лёгікі рэчаў кошт мусіць зьніжацца. Калі цана большая за 200 даляраў на пачатку году, адпаведна, павінна зьніжацца. А ён яе, наадварот, робіць большай. Проста чалавек памыліўся, альбо яго там недачулі. Але гэта такія рэчы тэхнічнага пляну”.
Тым часам дарадца расейскай амбасады па эканоміцы Андрэй Кузьняцоў заявіў, што ў Беларусі ёсьць праблемы з аплатай газу і спрагназаваў кошт гэтага паліва ў трэцім квартале ў памеры 150 даляраў за тысячу кубамэтраў.
Ад 1 студзеня 2009 году ў разьліках кошту імпартаванага з Расеі прыроднага газу прадугледжанае паэтапнае зьніжэньне цаны з улікам сусьветнага падзеньня коштаў на нафту. У адпаведнасьці з кантрактам паміж канцэрнам “Газпром” і прадпрыемствам “Белтрансгаз”, формула цаны газу для Беларусі прывязаная да сярэднеэўрапейскай з улікам паніжальнага каэфіцыенту. Паводле дамоўленасьцяў, да 2011 году Беларусь павінна выйсьці на аплату газу па эўрапейскім кошце.
Экспэрт у энэргетычнай галіне Валянцін Мацкевіч лічыць, што непаразуменьні ў сытуацыі з пастаўкамі расейскага газу будуць працягвацца да таго часу, пакуль беларускае кіраўніцтва не зразумее: нельга цалкам залежаць ад аднаго сыравіннага манапаліста. На яго перакананьне, у паліўнае міжсэзоньне, калі спажываньне газу істотна зьмяншаецца, трэба пераходзіць на таньнейшае паліва, у прыватнасьці, на мазут. Па афіцыйных разьліках, частковы пераход на мазут ужо дазволіў ад пачатку году зьберагчы блізу 200 мільёнаў даляраў:
трэба набываць эшалёны, мазутныя цыстэрны...
“Такія ўмовы трэба ствараць. Знаходзіць эшалёны, набываць іх, ставіць на запасныя рэйкі. І як толькі паўстае пагроза небясьпечнай сытуацыі, адразу пераходзіць на мазут. Але ж пакуль няма транспартнай інфраструктуры, хоць на электрастанцыях такая магчымасьць прадугледжаная. На электрастанцыях ёсьць вялікія мазутныя гаспадаркі, стаяць вялікія рэзэрвуары, ёсьць заліўныя станцыі — усё гэта ў наяўнасьці. А галоўнае, на сёньня мазут у тры разы таньнейшы, чым газ. Мы мелі магчымасьці стварыць умовы і павінны былі да гэтага рыхтавацца. Мусілі набываць эшалёны, няма для гэтага ніякіх перашкодаў, калі толькі, традыцыйна, фінансавыя. Але ж грашовыя праблемы будуць заўсёды. А тое, што трэба набываць эшалёны, мазутныя цыстэрны — я ў гэтым перакананы”.
Адным з крытэраў пры вызначэньні кошту газу для Беларусі застаецца дамоўленасьць беларускага кіраўніцтва з расейскім бокам аб паэтапным продажы “Газпрому” 50% акцый “Белтрансгазу”. На пачатку 2009 году “Газпром” разьлічыўся за чарговыя 12% акцый беларускага газатранспартнага прадпрыемства, давёўшы такім чынам сваю долю ў кампаніі да 37,5%.