20 траўня спаўняецца 55 гадоў беларускай службе Радыё Свабода. Да гэтай гадавіны выйшла кніга “Адзін дзень палітвязьня”, 15-я кніга з сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе”. У гэтай кнізе — гісторыі 41 беларускага палітвязьня ад 1996 па 2008 год. Пра новую кнігу “Свабоды” — рэдактар часопіса “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч.
“Мне вельмі хацелася б, каб у гэтай кнігі не было працягу. Разумею, што для гэтага трэба, каб зьмянілася сытуацыя ў краіне, каб дзяржава адмовілася ад перасьледу сваіх грамадзянаў за іх жаданьне быць свабоднымі, мець свабоду слова, веравызнаньня, волевыяўленьня, прадпрымальніцтва. А менавіта за гэта змагаліся героі кнігі “Адзін дзень палітвязьня”.
Назва сымбалічная, і невыпадкова пераклікаецца яна з назовам вядомага апавяданьня Салжаніцына. Выснова адна — і тая дзяржава, пра якую пісаў Салжаніцын, і гэтая ў змаганьні з самою сабой, са сваім народам ня маюць пэрспэктывы. І рана ці позна такая дзяржава прайграе такое змаганьне. Гарантыя таму — дваццаць першае стагодзьдзе, якое на двары.
Радыё Свабода кожнай новай сваёй кнігай, новай кнігай у сваёй бібліятэчцы не перастае зьдзіўляць. Здаецца, і ведаеш пра лёс герояў гэтых кнігаў з тых жа перадачаў Радыё Свабода, зь іншых публікацый газэтаў і часопісаў, але сабраныя пад адной вокладкай падзеі, факты, думкі, развагі гучаць па-новаму сьвежа і пераканаўча.
Асабіста мне было цікава чытаць гэтую кнігу і таму, што больш за 10 гадоў разам з праваабарончым цэнтрам “Вясна” мы рабілі бюлетэнь “Права на волю”. Дзякуй за магчымасьць яшчэ раз акунуцца ў тыя падзеі, перажыць іх і замацаваць у памяці.
Шмат разоў чуў, што ў брэжнеўскай застойнай Беларусі не было дысыдэнтаў. Хіба толькі Міхась Кукабака. Сёньня ў нас іншадумцаў і палітвязьняў нашмат больш, чым практычна ў любой постсавецкай краіне. Перакананы, што іх змаганьне, іх пакуты, іх рызыка сваім жыцьцём, свабодай і здароўем ня будуць дарэмнымі”.
Адзін дзень 41 палітвязьня на Радыё Свабода