Галадоўка салідарнасьці: дзень адзінаццаты

Сёньня — адзінаццаты дзень галадоўкі на знак салідарнасьці з ваўкавыскімі прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам, Юрыем Лявонавым, Уладзімерам Асіпенкам. Яе працягваюць маладафронтаўцы Наста Палажанка, Арцём Дубскі, Мікола Дземідзенка, Яўген Скрабец, Ірына Губская і Кацярына Салаўёва.
Сёньня, калі я прыйшоў да галадоўнікаў ва ўправу БНФ, то ўбачыў толькі трох удзельнікаў акцыі: Насту Палажанку, Яўгена Скрабца ды Ірыну Губскую. Цікаўлюся: дзе астатнія? Тлумачыць Яўген Скрабец:

Арцём Дубскі
“Арцём Дубскі толькі што паехаў лячыць зуб. Але сказаў, што да пачатку акцыі вернецца ва ўправу. Тэлефон Касі Салаўёвай пакуль маўчыць. Яна ўчора раніцай зьехала да бацькі ў Віцебск. Зь ім нешта кепскае, нібыта патрапіў у шпіталь. Мікола Дземідзенка ўвечары ўчора паехаў дахаты. Але, наколькі я ведаю ад сваіх паплечнікаў, зь ім здарылася небясьпечная гісторыя. На вуліцы да яго прычапіўся нейкі п’яны і спрабаваў зьбіць. Міколу давялося бегчы да стаянкі таксі. А ў ягоным стане гэта вельмі цяжка. Ён разам з Настай Палажанкай і Арцёмам Дубскім галадаюць найболей — адзінаццатыя суткі. Мікола ляжыць дома. Я праз сон чуў, як Наста размаўляла нядаўна зь ім. Мікола таксама зьбіраецца ісьці на акцыю”.

Маю гутарку зь Яўгенам чуў апазыцыйны актывіст Алесь Цялегін, які прыйшоў падтрымаць галадоўнікаў. Днямі невядомыя хуліганы, нібыта нападпітку, зьбілі яго ў цэнтры Менску. Яны прычапіліся да Алеся — чаму ён носіць адзеньне з выявай “Пагоні”?

Спадар Цялегін лічыць, што гэта не выпадковыя супадзеньні, а акцыі беларускіх спэцслужбаў. Ён кажа, што так звычайна бывае перад акцыямі апазыцыі:

“Я ведаю шмат-шмат актывістаў, якіх зьбівалі перад акцыяй. Зьбівалі альбо правакавалі на бойку, каб затрымаць, і затрымаць надоўга. Я думаю, такая практыка пачалася дзесьці з 2001 году. І яна робіцца ўсё больш жорсткай. І гэта асабліва тычыцца тых, хто актыўна ўдзельнічае ў акцыях”.

Сёньня ўдзельнікі галадоўкі ва ўправе БНФ вырашылі паберагчы дзяўчат. Таму хлопцы на марш незалежнасьці пойдуць, а дзяўчаты — не. Ірына Губская з гэтым рашэньнем не пагаджаецца і зьбіраецца ісьці на Кастрычніцкую плошчу. Яна згадвае, што далучылася да галадоўкі крыху пазьней:

Ірына Губская
“Асабіста для мяне гэта — дзявяты дзень галадоўкі. Адчуваньне для дзявятага дня нармальнае. Можна сказаць, нават бадзёрае. Спадзяюся яшчэ доўга трымацца”.

Наста Палажанка кажа, што сёньня ў галадоўнікаў шмат гасьцей:

Наста Палажанка
“Сёньня прыходзіў Аляксандар Казулін. Наведвае нас ён досыць часта, клапоціцца пра наша здароўе. Абмяркоўвалі ўчорашні, як мы жартуем, блокбастэр, фільм на БТ пра „Малады фронт“. Ну, і, безумоўна, абмяркоўвалі сёньняшнюю падзею — выхад на плошчу”.

Яўген Скрабец кажа, што хвалюецца за падзеі на плошчы. Але настрой застаецца бадзёрым:

“Застаецца пару гадзінаў да пачатку маршу за незалежнасьць. Настрой баявы, хлопцы, што галадуюць, гатовы ўдзельнічаць”.



Тры ваўкавыскія прадпрымальнікі знаходзяцца пад сьледзтвам. Іх падазраюць у наўмысных падпалах, што яны абвяргаюць. Усе трое маюць праблемы са здароўем. Юры Лявонаў ужо быў у турэмным шпіталі. Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца ў мэдычным ізалятары. Ён трымае галадоўку пратэсту за кратамі ад 16 красавіка.