У Першамайскім судзе Менску адбыўся суд над актывістам “Маладога фронту” Паўлам Кур’яновічам. Судзьдзя Леанід Ярмоленка пакараў Паўла за распаўсюд улётак штрафам у 10 базавых велічынь — гэта 350 тысяч рублёў.
Нагадаем, Павал Кур’яновіч быў затрыманы 12 траўня на праспэкце Незалежнасьці падчас распаўсюду ўлётак пра марш “За незалежнасьць”. Ноч на 13 траўня актывіста пратрымалі ў ізалятары на вуліцы Акрэсьціна. Сёньня ў судзе выступіў сьведка — ахоўнік абутковай крамы “Мегатоп” Зданевіч, які паведаміў міліцыі пра тое, што Кур’яновіч распаўсюджваў улёткі. Павал Кур’яновіч ад гэтага і не адмаўляўся. Актывіст заявіў суду, што распаўсюджваў улёткі пра марш “За незалежнасьць” сьвядома, бо лічыць правам людзей удзельнічаць у мірных дэманстрацыях.
“Улічваючы, што сёньня адбудзецца марш “За незалежнасьць”, на які я агітаваў людзей, я меркаваў, што мяне ізалююць. Таму ўражаны, што ўпершыню за такія дзеяньні мне далі не арышт, а штраф. Раней каралі толькі арыштамі на шмат сутак. Вядома, я зьбіраюся сёньня прыйсьці на марш людзей, якім неабыякавы бел-чырвона-белы сьцяг і ў чыіх сэрцах жыве “Пагоня”, — заявіў “Свабодзе” пасьля суду Павал Кур’яновіч.