СЛУХАЦЬ:
Марш “За незалежнасьць!”, пра падрыхтоўку да якога абвясьціў “Малады фронт”, прымеркаваны да гадавіны рэфэрэндуму 1995 году, на якім была зьмененая дзяржаўная сымболіка і ўведзены статус дзяржаўнай для расейскай мовы. Арганізатары заклікаюць людзей прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу і наладзіць марш да плошчы Незалежнасьці. Яны спадзяюцца сабраць сотні ці тысячы людзей, але прынцыпова ня хочуць падаваць заяўку ў Менскі гарвыканкам. Гаворыць адзін зь лідэраў “Маладога фронту” Павал Кур’яновіч:
“Заяўку, улічваючы шматгадовы досьвед, мы вырашылі не падаваць, таму што гэта бессэнсоўна. Марш мы плянуем пачаць а 18-й на плошчы Каліноўскага, потым мірным шэсьцем, без правакацый, па ходніках дайсьці да плошчы Незалежнасьці, дзе марш і завершыцца. Нашая задача — запрасіць на гэты марш ня толькі палітычныя структуры, але перш за ўсё людзей, якім не абыякавы лёс Беларусі і іх уласны лёс”.
Лідэры Маладога фронту спадзяюцца, што ўлады не перашкодзяць акцыі і яна пройдзе мірна.
На маршы “За незалежнасьць!” арганізатары зьбіраюцца акцэнтаваць увагу на імклівым росьце дзяржаўнай запазычанасьці Беларусі ва ўмовах крызісу, што нясе пагрозу сувэрэнітэту краіны. Гаворыць лідэр арганізацыі Зьміцер Дашкевіч:
“Замест таго, каб у гэтых неспрыяльных варунках скараціць 75-тысячны апарат бюракратаў, аграмаднае 125-тысячнае войска, Лукашэнка ўсё болей і болей залазіць у даўгі, каб пратрымацца на плыву разам са сваімі сілавымі структурамі і бюракратамі”.
У сувязі з гэтым Малады фронт распаўсюдзіў заяву, у якой гаворыцца, што новы дэмакратычны ўрад Беларусі ня будзе несьці адказнасьці па крэдытных дамовах А. Лукашэнкі з Захадам альбо Ўсходам, а таксама ня будзе прызнаваць падпісаныя ім дамовы аб продажы беларускіх прадпрыемстваў.
“Як Масква, так і Брусэль мусяць разумець, што грошы, якія яны ўкладаюць у падтрымку рэжыму Лукашэнкі, змогуць спагнаць зь яго толькі праз Гааскі трыбунал і непасрэдна ад самога былога дыктатара Беларусі”.
Зьміцер Дашкевіч заклікаў далучыцца да гэтай заявы іншыя дэмакратычныя партыі і арганізацыі Беларусі.