Лукашэнка: атрымалі тое, на што разьлічвалі

Аляксандар Лукашэнка

Кіраўнік Беларусі заявіў, што ўдзельнічаць ва “Ўсходнім партнэрстве” краіне выгадна.

“Агулам атрымалася тое, на што мы разьлічвалі. Гэта вельмі выгадны практычны праект”, — заявіў Лукашэнка Інтэрфаксу.

“Самае галоўнае, што нас хвалюе, — тое, што палову прадукцыі прадаем у ЭЗ”, — патлумачыў кіраўнік дзяржавы.

“Мы вымушаныя пераадольваць мыта і бар’еры”, — паскардзіўся Лукашэнка.

“Ці няма сэнсу змагацца за зону свабоднага гандлю ў Эўразьвязе?” — задаецца пытаньнем ён.

“Нас больш за ўсё прываблівае зона свабоднага гандлю ў Эўразьвязе”, — прагучаў адказ зь ягоных жа вуснаў.

Паводле Лукашэнкі, у праграме УП “няма ніякай палітыкі”.

“Пры чым тут правы чалавека і дэмакратыя да нафты і газу? Хто сёньня ў Беларусі супраць правоў чалавека? Ніхто. Але ці гэта правы чалавека — хадзіць па вуліцы і біць вітрыны?”

Далей Лукашэнка выказаўся наступным чынам: “У нас ёсьць групка людзей, якія пачынаюць каламуціць ваду, езьдзіць па замежжы. Іх час мінуўся... Эўропа разумее, што безь Беларусі цяжка жыць і, у прынцыпе, немагчыма”.