Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для каго “ўсходнія партнэры” не эўрапейскія краіны


Як падаюць нідэрляндзкія інфармацыйныя агенцтвы са спасылкай на галяндзкага прэм’ера Яна Пэтэра Балкенэндэ, менавіта Гаага разам з трыма іншымі “старымі” чальцамі ЭЗ (Нямеччынай, Бэльгіяй і Люксэмбургам) выступіла за тое, каб выкрасьліць тэрмін “эўрапейскія” з праекту заключнай дэклярацыі саміту “Ўсходняга партнэрства”.

Першапачатковы праект быў падрыхтаваны дзеючай краінай-старшынёй ЭЗ — Чэхіяй. У дакумэнце тэрмін “эўрапейскія краіны” ўжываўся ў дачыненьні да шасьці былых савецкіх рэспублік — Беларусі, Украіны, Малдовы, Армэніі, Азэрбайджану і Грузіі. Праект быў ухвалены новымі чальцамі ЭЗ, а таксама Швэцыяй — адным з ініцыятараў праекту — і некаторымі іншымі краінамі.

Як заявіў сёньня ў Празе кіраўнік нідэрляндзкага ўраду, тэрмін “эўрапейскія краіны” можна ўжываць выключна ў дачыненьні да сяброў ЭЗ. Ці могуць разьлічваць на гэтае права 6 “усходніх партнэраў” — гэта пытаньне ня самай блізкай пэрспэктывы.

Балкенэндэ прапанаваў называць краіны постсавецкага рэгіёну “партнэрамі” Эўропы.

Нідэрлянды прапанавалі выкрасьліць зь першапачатковага праекту дэклярацыі палажэньне пра лібэралізацыю візавай палітыкі ў дачыненьні да грамадзянаў рэгіёну “партнэрства”.
Таксама паведамляецца, што Нідэрлянды прапанавалі выкрасьліць зь першапачатковага праекту дэклярацыі палажэньне пра лібэралізацыю візавай палітыкі ў дачыненьні да грамадзянаў рэгіёну “партнэрства”. Гэты пункт лічыўся адным з самых прывабных момантаў праграмы ЭЗ.

Як заявіў прэм’ер Балкенэндэ, “Эўразьвязу вельмі патрэбнае дэмакратычнае разьвіцьцё ва ўсходнеэўрапейскім рэгіёне, а таксама стабільная палітычная сытуацыя, у тым ліку і ў галіне правоў чалавека. Асаблівую заклапочанасьць выклікае тое, што адбываецца ў гэтым пытаньні ў Беларусі”.

Нідэрляндзкія СМІ таксама паведамляюць пра групу беларусаў у Празе, якая сустрэла прыезд афіцыйнай дэлегацыі зь Менску словамі: “Ганьба!”

Як адзначыў Ян Пэтэр Балкенэндэ, яго краіна неаднойчы заяўляла, што не вітае прыезд Лукашэнкі ў Прагу.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG