Перамовы паміж кіраўнікамі Беларусі і Ўкраіны праходзяць у гомельскім палацы Румянцавых і Паскевічаў.
Разам зь Юшчанкам у Гомель накіраваліся кіраўнікі міністэрстваў замежных спраў, энэргетыкі, фінансаў, Нацбанку і Службы бясьпекі Украіны,-- паведамляе УНІАН.
Тэмы для абмеркаваньня– прававое афармленьне супольнай мяжы, гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, ўзаемадзеяньне ў энэргетыцы і транспарце.
“Хацелася б абмеркаваць з вамі тое, як дзьве краіны перажываюць крызіс, пытаньні двухбаковага парадку, абмеркаваць эўрапейскія працэсы”,-- зазначыў у пачатку размовы ўкраінскі лідэр.
Папярэдняя сустрэча двух прэзыдэнтаў адбылася 20 студзеня ў Чарнігаве. Тады А. Лукашэнка заявіў, што ў яго “няма алергіі на Ўкраіну”.
Сёньня Лукашэнка выказаў кіраўніку Украіны сваю ўпэўненасьць, што яны добра правядуць сустрэчу ня толькі з пункту погляду дзяржаўных інтарэсаў, але і выказаў спадзеў, што Юшчанка атрымае асабісты інтарэс ад знаходжаньня ў Гомелі, улічваючы ягонае хобі – цікавасьць да мастацтва і даўніны.
Кіраўнікі дзяржаваў таксама плянуюць абмеркаваць супрацоўніцтва з Эўразьвязам у кантэксьце магчымасьцяў, якія адкрывае праграма Ўсходняга партнэрства.
Старт гэтага праекту заплянаваны на заўтра ў Празе. А.Лукашэнка на праскім саміце прысутнічаць ня будзе, беларускую дэлегацыю ўзначаліць першы віцэ-прэм'ер Уладзімер Сямашка. Украінскую дэлегацыю на праскі саміт ўзначаліць Віктар Юшчанка. Разам зь ім ў Прагу паедзе і прэм'ер Юлія Цімашэнка.
Перад прыездам прэзыдэнта Ўкраіны ў Гомелі ўдарнымі тэмпамі асфальтавалі дарогі, а жыхарам цэнтральных вуліц, па якіх паедуць прэзыдэнцкія картэжы, забаранілі адчыняць вокны й вывешваць на бальконах бялізну.
З актывістамі апазыцыі міліцыя правяла папераджальныя гутаркі, каб яны ўстрымаліся ад несанкцыянаваных акцыяў. Учора, у прыватнасьці, двое афіцэраў міліцыі наведалі прыватны дом прадстаўніка БХК у рэгіёне Алеся Яўсеенкі. Спадар Яўсеенка жыве за паўкілямэтра ад сквэру, дзе ўсталяваны помнік Тарасу Шаўчэнку. Чакаецца, што пасьля перамоваў Аляксандар Лукашэнка й Віктар Юшчанка ўскладуць кветкі да бюста Кабзару.