Палітоляг Уладзімер Мацкевіч лічыць найбольш верагодным, што Аляксандар Лукашэнка накіруе кіраўніком беларускай дэлегацыі ў Прагу некага іншага, магчыма, што і першага віцэ-прэм’ера У.Сямашку.
“У Эўропе ёсьць некалькі значных і ўплывовых асобаў, якія не хацелі б сустракацца з Лукашэнкам у Празе. Таму цалкам магчыма, што замест яго нехта іншы будзе прадстаўляць Беларусь”.
У такім выпадку, на думку спадара Мацкевіча, удзел Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве будзе прызнаны паўнавартасным:
“Але колькасьць праграмаў у рамках Ўсходняга партнэрства і іх аб’ём для Беларусі будзе значна меншы, чым у краін, якія шчыра накіраваныя на супрацоўніцтва з Эўропай. Беларусь у гэтым сэнсе будзе аўтсайдэрам Ўсходняга партнэрства. Ня думаю, што пры іншым раскладзе падзеяў, каб сам Лукашэнка туды паехаў, штосьці ў гэтым сэнсе зьмянілася б. Думаю, што тут ужо ўсё вырашана, і замена прэзыдэнта на яго прадстаўніка наўрад ці скажацца на зьмесьце тых дамоўленасьцяў, якія будуць падпісаныя ў Празе”.
Калі б была такая магчымасьць, Уладзімер Мацкевіч параіў бы А. Лукашэнку асабіста не ехаць у Прагу, а паслаць свайго прадстаўніка, найлепш – прэм’ер-міністра С.Сідорскага.