Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”. Эфір 30 красавіка
Вёска Малая Ўхалода на Барысаўшчыне адносіцца да так званага Мядоцкага краю, што на паўднёвым усходзе раёну. Крыху больш за 500 год таму тут былі векавыя лясы, дзе вадзілася шмат дзічыны. У часы ВКЛ мясьціны насілі назоў Барысаўскай пушчы. Паводле паданьня, у часе свайго паходу на Маскву тут спыніўся князь Вітаўт. Кажуць, каб супакоіцца ад гарачых баёў.
Бабіцкі: “Чаму Ўхалода? Тут больш халодны клімат. У лінгвістычным слоўніку сказана: “ухалода — прахлада, ахлада...”
Гэта, як яго называюць тутэйшыя, 70-гадовы дзядзька Стась. Спадар Станіслаў Бабіцкі працаваў настаўнікам фізкультуры. Сталы трэнэр па біятлёне. Ягоная выхаванка, таксама мясцовая Люда Калінчык атрымала срэбны мэдаль на чэмпіянаце сьвету і зараз робіць замах на Алімпіяду. Але на парозе яго хаты мы спрабуем за палеткамі, якія здаюцца бяскрайнімі, разгледзець контуры лесу. Дзядзька Стась памятае, як старажылы называлі мясьціны “Пушчай”. Са скрухай махае рукой.
Бабіцкі: “Вось была Пушча, барок, доўбінка за ракой Мужана, там Мядоцкі бор. Быў кар’ер у 85 годзе, калі будавалі маскоўскую дарогу. Выразалі лес, прыбралі верхні грунт, вывезьлі пясок. Ізноў прывезьлі чорны пясок, пасадзілі дрэвы — так рабілася ў савецкі час. 20 год прайшло — нагі лясных працаўнікоў там не было. А цяпер у лесе не прайсьці. Яны па-хамску нарыхтоўвалі. Каб прайсьці 300 мэтраў, трэба абысьці 5 км. Калі раней была прахалода, цяпер засталіся тры калоды...”
Калісьці дзядзька Стась быў старшынём малаўхаладоўскага сельсавету, дагэтуль застаецца нефармальным лідэрам. Візытоўка ягонымі вуснамі.
Бабіцкі: “Я пачынаў працаваць у калгасе ва ўзросьце, калі аратага за плугам не відаць было. З 7 клясы нароўні касіў з любым мужыком. Пасьля войска лом у рукі — і торф набіваць. Я карэнны жыхар, сын мой тут, нават мянчанку прывёз. Любіў свабоду — хацеў, каб прыйсьці з працы, пахадзіць па зямлі. Свабода, дадзеная Богам, застаецца, але людзі ў Малой Ухалодзе робяць яе нягоднай. У 62 годзе было 560 жыхароў, зараз — 264…”
І тое, маўляў, дзякуючы 15 цыганскім сем’ям, што пераехалі з Талачына. Мы дамаўляемся са спадаром Станіславам дзеля грунтоўнай размовы сустрэцца ў ягонай хаце пад вечар, пасьля майго знаёмства зь мясцовымі. Іду да новай цыганскай слабады. Сустрэчныя адварочваюцца, кажучы, што і так ня могуць знайсьці працы, паводле паходжаньня. Паказваюць на самы багаты, з выгляду, у слабадзе дом. Сямейства “пасьпяховага” 41-гадовага Бурана Марозава сьнедала. З усьмешкай на ўсе вусы ўзяўся даць інтэрвію галава сям’і.
Буран: “Я тры гады тут, 5 дзяцей у школе вучацца. На птушкафабрыцы зараз уладкуюся кіроўцам. Брат у калгасе корм разносіць. Ведае, што з каровінымі цыцкамі жартаваць нельга (сьмех). Заробак 500—600 рублёў. Ва Ўхалодзе цыганы, у асноўным, аселыя…”
На перакрыжаваньні дзьвюх дарог, што праходзяць праз Малую Ўхалоду, напоўніцу па-беламу пафарбаваная цагляная сядзіба. Тут жыве 48-гадовая Ніна Касьцюковіч. Імя яе вядома далёка за вясковымі межамі. Спадарыня Ніна — прыёмная маці 10 дзяцей. Старэйшаму Дзянісу — 15 год, Рустамчыку — пяць. Карэнная. Скончыла вэтэрынарную акадэмію. Але найбольш цікавілі яе лёсы не братоў меншых, а чалавечыя. Цяпер сьпявае ў царкоўным хоры, чытае на клірасе. Акурат у царкву зьбіралася ісьці, калі сустрэліся на парозе. Зь мілавіднай, акуратна апранутай жанчынай зь зіхоткімі вачыма сядзім у прасторнай кухні. Вакол усё на сваіх месцах, ахайна прыбрана.
Карэспандэнт: “А ў крызіс пайшлі б на тое, каб прыёмную сям’ю ствараць?”
Ніна: “Пайшла б. Навучыся даволіцца малым, і табе хопіць усяго. Мае біялягічныя дзеці, трое, ужо маюць сем’і. У старэйшага сына таксама выхоўваюцца тры дачкі і тры сыны прыёмныя...”
Карэспандэнт: “А як пытаньне эканомікі вырашаецца?”
Ніна: “Адразу цяжкавата было — не хапала грошай, дзеці хварэлі. А зараз навучылася эканоміць. Адзін месяц купляеш рэчы, другі — трэба на рамонт хаты. Гаспадарку невялікую маем — за мной замацаваны адзін га зямлі. У нас сенакос, бульба, козачкі. Трэба зерне, бо куры, парасяткі і трусы. У нас законы сям’і свае — “клопат пра бліжэйшых, праца, ня красьці, не хлусіць, быць стрыманымі, адказваць і глядзець самім на сябе, не асуджаць людзей. Знайдзі сябе, знайдзі сваё і сваіх…”
Пытаюся пра карані такога мацярынства.
Ніна: “Імкненьне гэта радавое. Прабабуля Дар’я мела 16 сваіх дзяцей. Заўсёды хацела, каб каля мяне былі дзеці, каб забаўлялася зь імі і выхоўвала. А калі яны маленькія — настолькі цікавыя, непаўторныя! Заўсёды думала, каб ня менш, чым у бабулі. (Сьмех.) Вось гэта Вова…”
Вова: “Вова Кісялёў, мне 6 год. Тут добра — мама і дзеці, Іра, Дзіма…”
Карэспандэнт: “А з кім сябруеш?”
Вова: “З хлопчыкамі — гуляем у машынкі. Хачу каня жывога...”
Ніна: “А як ты на маму кажаш?”
Вова: “Міленькая, дарагейчанькая, сонейка маё…”
Ніна: “Я Воўку ўзяла з 7 месяцаў з падкідышаў. На 3 дзень паехала ў бальніцу — ён стаў задыхацца. Мэдыкі адразу далучыліся да мяне. Брат, калі даведаўся пра маё рашэньне — адразу сабралі адзеньне нейкае і прывезьлі сюды. Дзеці ня ўмелі есьці, апранацца, баяліся вады. Фізкультурай займаліся, літары вучылі па кубіках, вучылі, пець, таньчыць, гулялі ў камара, даганялкі. Жывуць мае дзеці — жыве Беларусь…”
* * *
Дзядзьку Стася ў Малой Ухалодзе і навакольлі называюць праўдалюбам ды праўдаборцам. Да яго па параду дагэтуль прыходзяць аднавяскоўцы. Мы сядзім у вялікай, амаль бяз мэблі гасьцёўні, ля вакна застаўленай расадаю. Да нас далучаецца гаспадыня — 60-гадовая спадарыня Ганна. Аповед пра былое, думы — пра сучаснае. Пачынае былы старшыня сельсавету.
Стась: “Каровы былі па адной-дзьве ў кожнай сям’і. Сяляне здавалі малака дзяржаве ў 86-м — 206 тон. Саўгас квітнеў. Паказчыкі прыросту вагі на гусяфэрме былі вышэйшыя за японскія. Пачалася перабудова — пачаліся зьмены кадраў. Кантролю за кіраўніцтвам ня стала — сталі красьці…”
Ганна: “Маленькія князькі — што хацелі, тое і бралі. А на людзей напляваць. 80 зь нечым коней было — на мясакамбінат. А куды грошы — ніхто ня ведае. Зьніклі коні — людзі перасталі трымаць кароў. Салому нечым прывезьці — недзе ўзяць. Сьвінаматак у вёсцы няма. Ёсьць тыя, што і бульбу ня садзяць…”
Стась: “Далей. Раней можна было дошкі сьпілаваць у саўгаснай пілараме, цяпер не працуе. Ну ня будуць думаць пра людзей, хто тут будзе жыць?! Людзі ж замярзаюць! Даяркі кажуць, што па 500—600 тысяч. Трактарысты маюць толькі на ўборцы. У гусятніку чалавек 20 засталося — пустыя гумны стаяць. Малака было па 40 літраў на дзень ад каровы, а зараз 7 літраў. У селяніна самая дрэнная — па 15—16. На Малой Ухалодзе аж па 60 кароў на даярку, бо ніхто ня йдзе — усе п’яніцы. Моладзь уся ў горад. У нас унучка — куды ісьці, клюбу няма, дзе патаньчыць…”
Размова заходзіць пра сытуацыю, якая найбольш насьцярожвае малаўхалодаўцаў.
Стась: “Раённая газэта “Адзінства” друкуе сьпісы даўжнікоў у Барысаве — людзі, якія сьпіліся...”
Ганна: “А ёсьць “мудрацы”, якія падбіраюць іх к рукам, едуць да нас, купляюць ім кватэры за 2—3 тысячы даляраў. Забіраюць іх 3—4-кватэрныя дамы, аплачваюць даўгі. А да нас гэтых усіх п’яніц перасылаюць і зь Менску, і з Барысава. А тыя тут 3 месяцы адплясвалі, зьніклі і за 2 гады нічога не пасадзілі…”
Стась: “І афіцыйная газэта “Беларуская ніва” напісала, што ў вёску едуць людзі, дамы падняліся ў цане. Падняліся! За кошт такіх. Яны гатовыя ўсе 15 тысяч за хату аддаць, а іх чатырохпакаёвую прададуць за 100, а мо і болей. Зараз у мяне ёсьць прэтэнзіі да прэзыдэнта. Чаму падаходны падатак з камэрсантамі працаўніка, таго ж настаўніка — 12%?!”
І тут, пасьля ўсяго пачутага, са зьдзіўленьнем даведваюся, што дзядзька Стась дагэтуль зьяўляецца сябрам КПБ, калісьці палымяна падтрымліваў Лукашэнку. Са мной акурат прыехаў кіраўнік Барысаўскай суполкі апазыцыйнай ПКБ, спадар Станіслаў Бабіцкі. Адбываецца двубой паміж Бабіцкімі, але камуністамі, так бы мовіць, розных полюсаў. Хто, у выніку, у ім выйшаў пераможцам, меркаваць слухачам. Але ён меў і практычны вынік. Пачалося з таго, што я завёў пытаньнем спадара Станіслава.
Карэспандэнт: “Дык а ваша ж КПБ безумоўна падтрымлівае Лукашэнку!”
Стась: “Я з гэтым нязгодны. У нас усе партыі ў Беларусі — апазыцыя…”
Станіслаў: “Першы раз чую, каб КПБ выступіла супраць прэзыдэнта — вы, відаць, першы…”
Стась: “Я падтрымліваў прэзыдэнта. Але зараз народ ня ўстройвае, а мы ж партыя з народа. Можа быць, аб’яднацца, але такіх радыкальных, як Калякін., прыбраць…”
Станіслаў: “Вы сёньня ізноў паўтараеце чужыя словы. Сёньня, каб зьнішчыць ПКБ, усё валяць на Калякіна. Калякін адзін зь першых, хто выступіў супраць адмены сацыяльных ільгот. Узьняў масу людзей, якія хадзілі па вёсках і гарадах, зьбіралі подпісы. Сябры ж вашай партыі, будучы дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, прагаласавалі за адмену ільгот. Кіраўніка ОАО ніводнага б не прызначылі без старшыні райвыканкаму, аблвыканкаму…”
Стась: “З гэтым я згодны. Але Калякін жыве на падачкі амэрыканцаў…”
Станіслаў: “Сёньня першы чалавек, каторы жыве на падачкі, — гэта Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка са сваёй камандай. Ідзе торг паміж Расеяй і Эўропай, хто болей дасьць. Толькі ў мікрафон гаворыць людзям, што я нікому не прадаюся…”
Стась: “А чаму ваша партыя маўчыць пра гэта?”
Станіслаў: “Дзе ты можаш сказаць? У вузкім коле?”
Стась: “А чаму народ маўчыць? Бо адзін вып’е, другі ўкрадзе. Трэба быць самому чыстым. Я не маўчаў. І калі пры Сьлюнькову забіралі партбілет. Калі прымаюць закон, друкуюць яго ў газэтах. Я тут жа дасылаю лісты. І не атрымліваю на іх адказу. Бо адзін, а каб мноства. Каму баліць, павінен крычаць…”
Карэспандэнт: “Дзядзька Стась, будзеце выходзіць з КПБ такой, якая ёсьць?”
Стась: “Я зусім сыду і ня буду ні ў якай партыі…”