Радаўніца ў “зоне”

Памінаньнне продкаў у Дзям’янках

На Гомельшчыне ў радыяцыйнай зоне засталося звыш 230 могілак. І сёньня, на Радаўніцу, іх наведалі дзясяткі тысяч людзей. Доступ у «зону» вольны, бяз пропускаў. Міліцыя толькі рэгістравала транспарт пры ўезьдзе й выезьдзе.
СЛУХАЦЬ:


Вёскі Дзям’янкі й Вылева Добрускага раёну выселілі на пачатку 1990-х, калі радыяцыю выявілі на ўсходзе і поўначы Гомельскай вобласьці.

Гіпсавы салдат-вызваліцель побач з дзям’янкаўскімі могілкамі

На Радаўніцу былыя вяскоўцы зноў зьбіраюцца разам, але ўжо не на падворках, а толькі на могілках.

Пра традыцыю памінаньня продкаў у Дзям’янках распавядае Лідзія Смалякова:

“Спачатку мы прыяжджаем і прыбіраем магілкі, фарбуем, каб не было ў запусьценьні. На саму Радаўніцу памолімся, запіску пададзім дома ў царкву, каб памянулі нашых бацькоў, бо іх тут ніхто не памяне. А потым прыяжджаем сюды. Як яны жылі, так і мы хочам жыць. Пакачаем фарбаваныя яйкі па магілках, пацалуем крыжы, павітаем: “Хрыстос уваскрэс”, а пасьля памянём па хрысьціянскаму звычаю”.

У спадарыні Лідзіі на гэтых могілках пахаваныя бацька, дзяды, многія сваякі.

“А вось так качаем яйка — крыжыкам. У нас крыж ставяць у нагах. Ад галавы качаем да ног, а пасьля ўпоперак — крыжык атрымліваецца. Яйкі фарбаваныя качаем — гэта для памерлых як Вялікдзень. Хрыстос уваскрэс, у яго няма ні мёртвых, ні жывых — усе роўныя. Усе радуюцца. І мы для іх — і кулічы пячэм, і яйкі фарбуем”.

Яйкі на магілцы качаюць крыжыкам

82-гадовая Ганна Смалякова кажа, што выбіралася зь вёскі амаль апошняй:

“Кінула хату, мне за яе нічога не заплацілі. Нічога. У Добрушы дзеці хату купілі — там і жыву. А тутака ў мяне была такая хата, што я б і сёньня вярнулася, але ж яе разрабавалі. Ніякіх ільготаў у мяне няма. Жыву на пэнсію 200 тысяч рублёў, што ў калгасе зарабіла”.

Побач зь Дзям’янкамі вёска Вылева.

Радаўніца ў Вылеве


Гаворыць спадар Мікалай, які жыве цяпер у Добрушы:

“Прыехалі, пасядзелі, з суседзямі пабачыліся — і дадому”.

У Вылеве раней стаяла драўляная царква — помнік дойлідзтва 18 стагодзьдзя. Яе перавезьлі ў Гомель і склалі занава на Рэчыцкай шашы.


Мясцовыя жыхары згадваюць, што ля царквы былі могілкі, дзе хавалі й сьвятароў. Які лёс парэшткаў — ня ведаюць. Гаворыць нараджэнка вёскі Вылева спадарыня Тацьцяна:

“Нарадзілася ў Вылева, ля царквы. Царква ў нас на гародзе была. Там склеп быў, матушку хавалі. Я памятаю, хаця была малая. Хавалі матушку побач са сьвятаром. Калі я прыехала магілкі прыбіраць, ужо тыя парэшткі прыбралі са склепа. Хто і куды іх прыбраў?”

На Радаўніцу ўезд дазволены