“Узялі з сабой томік Караткевіча, аповесьці Быкава, каб узгадаць”

На магіле Быкава

Сёньня Радаўніца, дзень ушанаваньня памяці продкаў. На Ўсходніх могілках сталіцы, дзе пахавана шмат слынных беларусаў, пабывала Іна Студзінская.
СЛУХАЦЬ:


Каля магілы Васіля Быкава сёньня ўвесь дзень былі людзі. Спыняюцца, ускладаюць кветкі, пастаяць моўчкі, ідуць далей... Я зьвярнула ўвагу на маладога чалавека, які стаяў ля дрэва крыху ўбаку ад самой магілы. Стаяў даволі доўга, потым адышоў, праз паўгадзінкі зноў прыйшоў. Загаварыла зь ім:

Карэспандэнтка: “Да каго вы сюды прыйшлі?”

Юнак: “Да дзеда, да Васіля Ўладзімеравіча. Сёньня такі дзень, калі трэба сюды прыйсьці, каб успомніць усё добрае, што было разам, успомніць гэтага цудоўнага чалавека. Ён быў добры, вельмі добры. Просты, як і ўсе...”

Каля магілы Ўладзімера Караткевіча моладзь чытала вершы:

Юнак: “Прыйшлі фактычна да ўсіх, хто тут ляжыць. Але найперш да выбітных дзеячаў Беларусі — да Васіля Быкава, да Караткевіча, да Карпенкі. Хочам наведаць па максымуме ўсіх, ушанаваць памяць, пакласьці кветкі, паўзгадваць. Узялі з сабой і томік вершаў Караткевіча, каб пачытаць, аповесьці Быкава ўзялі, каб перагледзець”.

Спадарыня: “Караткевіч для мяне — самы лепшы беларускі пісьменьнік. Паважаю яго вельмі, люблю ягоныя творы, таму і прыходжу сюды”.

Дзяўчына: “Мы прыйшлі да славутых беларусаў — да Івана Шамякіна, да Васіля Быкава, да Ўладзімера Караткевіча. Пакласьці кветкі, можа, прыбраць могілкі, выказаць сваю павагу, пашану да гэтых людзей. Яны — славутыя беларусы. Мы шануем беларускасьць, беларускае ўсё. Яны — частка нашага жыцьця, мы чытаем дагэтуль іх творы, мы памятаем пра іх, і ў гэты дзень мы не павінны забываць іх заслугі перад нашай дзяржавай, перад нашай краінай. Напэўна, сёньня мы ня думаем пра сэнс жыцьця, што ўсе мы будзем тут. Проста гэтыя людзі пакінулі пасьля сябе добрую памяць”.

Карэспандэнтка: “Сёньня Радаўніца, да каго вы сюды прыйшлі?”

“Асабіста я прыйшоў на гэтыя могілкі ў гэты дзень, каб ускласьці кветкі на магілы славутых беларусаў, якія тут пахаваныя — Васіль Быкаў, Уладзімер Караткевіч, Генадзь Карпенка. Вельмі важна для мяне ўскласьці кветкі да магілы Генадзя Карпенкі, 10 гадавіна сьмерці якога была зусім нядаўна. Мы павінны памятаць пра тое, што гэтыя людзі зрабілі для Беларусі, што яны ахвяравалі для Беларусі. Бо калі ня будзе памяці, ня будзе будучыні ні ў нас, моладзі, ні ў нашага народа, ні ў нашай краіны”.

Дзяўчына: “Я лічу, што гэта вельмі добрая традыцыя. Мы ж павінны шанаваць памяць нашых славутых продкаў”.

Карэспандэнтка: “Да каго вы прыйшлі сюды?”

Спадарыня: “Да сваіх калег: да Ліліі Міхайлаўны Давідовіч, да Віктара Паўлавіча Тарасава, да Мікалая Яроменкі, і старэйшага, і малодшага. Я лічу, што гэта вельмі добрая традыцыя, калі дзеці памятаюць сваіх бацькоў, сваіх продкаў. Калісьці і мы тут будзем... Сёньня мы прыйшлі ў гэты “горад”, і калі-небудзь мы таксама будзем тут, і хацелася б, каб будучае пакаленьне таксама прыходзіла сюды”.