Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забытыя імёны


На Гарадзеншчыне дагэтуль ёсьць могілкі, якіх ніхто не даглядае.


За пяць кілямэтраў ад Слоніма, у лесе, ёсьць, як называюць іх местачкоўцы, татарскія могілкі. Тут усяго 11 магілаў салдат і афіцэраў расейскай арміі — татараў па нацыянальнасьці з Казанскай, Уфімскай і Самарскай губэрняў, якія загінулі ў Першую сусьветную вайну.

Летась нейкія вандалы павыварочвалі камяні і крыжы на могілках. Сябры мусульманскага таварыства, якое існуе ў Слоніме, паведамілі пра гэта ў міліцыю.

Кіраўнік мусульманскага таварыства Сулейман Байрашэўскі кажа, што тады яны самі падправілі магілкі, прыбралі.

Байрашэўскі: “Улады нам нічога не дапамагалі. Цяпер замацавалі за імі чыста фіктыўна нейкую арганізацыю, але тут ніхто нічога цэлы год ня робіць”.

Спадар Байрашэўскі кажа, што хутка споўніцца 100 год, як пачалася Першая сусьветная вайна, і варта было б, каб улады прывялі могілкі ў належны выгляд.

Байрашэўскі: “Казалі, што Расея зоймецца гэтымі могілкамі, але ніхто нічога ня робіць, хаця тут пахаваныя асобна толькі расейскія жаўнеры. Мы на 95 гадоў прыбралі, паправілі, вянкі ўсклалі, ну, што маглі зрабілі. Але ж там яўна патрабуецца лепшае добраўпарадкаваньне”.

Летась у Смаргонскім раёне на беразе ракі Воксны людзі ўсталявалі крыж і памятны камень у гонар Расьціслава Лапіцкага, які стварыў пасьля вайны ў гэтых мясьцінах антыбальшавіцкую арганізацыю.

Мясцовы праваабаронца Алесь Дзергачоў кажа: улады так напалохаліся гэтага помніка, што валун наагул вывезьлі ў невядомае месца.

Алесь Дзергачоў
Дзергачоў:
“Ён прастаяў хіба які тыдзень. На камені быў памятны надпіс, але ўсё зьнікла. Праўда, пакінулі крыж ляжаць, дык мясцовыя хлопцы яго ізноў усталявалі, але празь некалькі дзён зьнік і крыж”.

Расьціслаў Лапіцкі быў вядомы сваімі антыбальшавіцкімі поглядамі. Яшчэ ў школе ён адмовіўся пісаць сачыненьне пра фадзееўскіх “моладагвардзейцаў”, абвясьціўшы, што ў іх ёсьць свая “Маладая гвардыя”, якая змагаецца за Беларусь.

У Смаргоні ён стварыў антыбальшавіцкую арганізацыю, за што ваенным трыбуналам Беларускай ваеннай акругі ў 1950 годзе быў асуджаны да расстрэлу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG