Італьянскія аглядальнікі працягваюць камэнтаваць першы за апошнія 14 гадоў афіцыйны візыт беларускага кіраўніка ў ЭЗ.
Як піша Wallstreet Italia, “апошні дыктатар Эўропы” ў пошуку эўрапейскіх банкаў атрымаў прыём ў Ватыкане і меў вячэру з Бэрлусконі”. Выданьне прыводзіць словы з тэлефоннага інтэрвію беларускага апазыцыйнага палітыка Аляксандра Казуліна агенцтву Apcom. “Беларускі прэзыдэнт знаходзіцца ў Італіі толькі з той мэтай, каб узаконіць сваю дыктатуру. Эўразьвязу ня варта забывацца пра поўную адсутнасьць правоў чалавека ў Беларусі”.
Заклік да Лукашэнкі адносна павагі правоў беларускіх грамадзянаў быў зьмешчаны ўчора ў выданьні Corriere della Sera міністрам замежных спраў Італіі Франкам Фратыні. У сваім адкрытым лісьце кіраўнік італьянскага МЗС заявіў пра неабходнасьць дапамагчы Беларусі ўстаць на паступовы шлях дэмакратычнай эвалюцыі.
Учора ўвечары Фратыні, які прыляцеў у Рым з паседжаньня міністраў ЭЗ у Люксэмбургу, сустрэўся зь беларускім кіраўніком за вячэрай у Палацы Кіджы. Яе ў гонар высокага беларускага госьця ладзіў у Рыме прэм’ер-міністар Італіі Сыльвіа Бэрлусконі. Ён таксама трапіў у Рым літаральна на некалькі гадзінаў зь лігурыйскага Партафіна, дзе сьвяткаваў 40-гадовы юбілей сына. Сёньня раніцай прэм’ер адляцеў на міжнародную сустрэчу ў Варшаву.
Паводле некаторых назіральнікаў, Бэрлусконі, які мае рэпутацыю вельмі скандальнага і авантурнага палітыка, з аднаго боку, хацеў пазнаёміцца з прэзыдэнтам, якога доўга не пускалі ў Эўропу. Зь іншага боку, як падае з Рыму расейскае агенцтва РІА “Новости”, італьянскія дыпляматычныя крыніцы далі зразумець, што сустрэча паміж Бэрлусконі і Лукашэнкам “не была двухбаковай ініцыятывай, а належала да мерапрыемстваў у так званым міжнародным кантэксьце”. Сам Бэрлусконі ў размове з журналістамі назваў яе “інстытуцыянальнай”.
Назіральнікі не выключаюць, што размова ў часе вячэры ішла ў тым ліку пра ўдзел Беларусі ў праграме “Усходняе партнэрства”, пра маючы адбыцца ў Празе ўстаноўчы саміт ЭЗ.
Учора ў Люксэмбургу, адказваючы на пытаньне журналістаў адносна ўдзелу ў саміце Лукашэнкі, міністар Фратыні падкрэсьліў, што гэта пытаньне пакуль застаецца няясным. “Існуе такая верагоднасьць, хоць запрашэньне было зробленае для Беларусі, а не асабіста для Лукашэнкі. Аднак, хай гэта вырашаюць самі беларускія ўлады”.
Ён таксама дадаў, што прыём кіраўнікоў постсавецкіх краінаў у Празе, гэта дэманстрацыя ўвагі Эўразьвязу да гэтага рэгіёну, а не дыскусія па праблемах у гэтых краінах. Хаця, зазначыў міністар, “мы ня можам устрымацца ад вырашэньня такіх пытаньняў, як правы чалавека”.
Як падаюць італьянскія інфармацыйныя крыніцы, на парадку дня сёньняшняй рымскай праграмы Лукашэнкі - сустрэча зь Вялікім магістрам Мальтыйскага Ордэну Мэт’ю Фэстынгам у рымскай штаб-кватэры гэтай карлікавай дзяржавы. Кіраўніцтва ордэну таксама дасьць абед у гонар беларускага госьця. Паведамляецца, што будзе падпісаная двухбаковае пагадненьне, якое тычыцца паштовых сувязяў паміж Мальтыйскім ордэнам і Беларусьсю.
Інфармацыя адносна іншых сустрэчаў беларускага кіраўніка пакуль адсутнічае. Таксама няма зьвестак і пра тое, калі Лукашэнка адбудзе на радзіму.