Міністэрства юстыцыі зарэгістравала горацкую недзяржаўную газэту “Ўзгорак”. Пра гэта сёньня яе рэдактару Эдуарду Брокараву паведаміў супрацоўнік міністэрства.
“Узгорак” мае статус “агульнапалітычнай газэты”. Акрамя Гораччыны, ён будзе распаўсюджвацца ў суседніх Дрыбінскім і Мсьціслаўскім раёнах. ”Я намагаўся зарэгістраваць ад 2002 году. Аднак згодна з старым законам “Аб сродках масавай інфармацыі” трэба было ўзгадняць зь мясцовай уладай юрыдычны адрас выданьня. Выканкам усё рабіў, каб “Узгорак” ня меў юрыдычнага адрасу. Цяпер такога патрабаваньня ў законе няма. Я стварыў прыватнае прадпрыемства, і выданьне зарэгістравалі”, — кажа Эдуард Брокараў.
Цяпер уладальнік зарэгістраванай газэты зоймецца арганізацыйнымі пытаньнямі. Першы нумар плянуе выдаць празь месяц. Наклад пакуль будзе каля адной тысячы асобнікаў. Калі ня будзе праблемаў з распаўсюдам, то, заяўляе спадар Брокараў, наклад павялічыцца да трох-пяці тысяч.