“Час яшчэ не прыйшоў для таго, каб даць нейкія суцяшальныя адказы”, - так адказаў на пытаньне “Свабоды” пра хаду расьсьледаваньня выбуху 4 ліпеня выканаўца абавязкаў міністра ўнутраных справаў Анатоль Куляшоў.
“Праца ідзе вельмі напружаная і руплівая. Патрэба выканаць вельмі вялікі аб’ём працы. За такі кароткі прамежак часу мы яшчэ не ў стане выканаць тое, што запланавана. Але праца па-ранейшаму працягваецца. Яна плянавая і ідзе ў патрэбным кірунку”, - патлумачыў Куляшоў.
На просьбу журналістаў распавесьці акалічнасьці расьсьледаваньня генэрал Куляшоў заявіў: “Калі б я нават сёе-тое і сказаў, гэта магло бы перашкодзіць далейшай справе”.
Нагадаю, у ноч на 4 ліпеня падчас сьвяточнага канцэрту ў Менску непадалёк ад стэлы грымнуў выбух. Ад закладзеных у выбуховую прыладу балтоў і гаек пацярпелі болей за 50 чалавек. Міліцыя завяла крымінальную справу і хутка зьявіліся першыя падазроныя ды затрыманыя. Чамусьці імі сталі актывісты апазыцыі. Супрацоўнікі КДБ і міліцыі правялі дзясяткі ператрусаў і затрымалі больш за паўсотні чалавек як падазраваных у крымінальнай справе паводле злоснага хуліганства. Менавіта так сьледчыя кваліфікавалі дзеяньні злачынцы, што заклаў бомбу, ад выбуху якой пацярпелі больш за паўсотні чалавек, у тым ліку дзеці.