Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларускія ўлады адказалі на выклік тэрарызму?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 2 сьнежня


Выбух 4 ліпеня ў Менску засьведчыў, што тэрарызм прыйшоў у Беларусь. Ці адчула беларускае грамадзтва, улада гэтую новую сытуацыю? Які палітычны ўплыў зрабіў выбух 4 ліпеня? Як можна ацаніць сьледзтва па справе выбуху?

Удзельнікі: генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб і падпалкоўнік запасу Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Валерый Костка.


Ці прыйшоў тэрарызм у Беларусь?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: “Апошнія трагічныя падзеі ў індыйскім горадзе Мумбаі яшчэ раз нагадалі ўсяму чалавецтву пра страшнае зло тэрарызму. Можна сказаць, што сёлета тэрарызм прыйшоў і ў Беларусь. Калі папярэднія выбухі ў Віцебску яшчэ можна было сьпісаць на хуліганства, то выбух 4 ліпеня ў Менску падчас канцэрту, прысьвечанага сьвяткаваньню Дня Незалежнасьці, у прысутнасьці кіраўніка дзяржавы меў яўна палітычныя мэты і ня можа кваліфікавацца інакш як тэрарызм. Ці адчула беларускае грамадзтва, улада гэтую новую сытуацыю? Як яны адрэагавалі на гэта?”

Мечыслаў Грыб
Мечыслаў Грыб: “Можна сказаць, што грамадзтва адчула, а можна сказаць — і не. Калі глядзець на сытуацыю з афіцыйнага гледзішча, то ў Беларусі не зарэгістравана выпадкаў тэрарызму. У зьвязку з гэтым выбухам крымінальная справа была ўзбуджана паводле артыкула аб злосным хуліганстве. Спачатку пра выбух, які пакалечыў звыш 50 чалавек, шмат гаварылі, але потым усё сьціхла.

Такія злачынствы, як выбухі ў Віцебску, Менску ці забойства кіраўніка дзяржкантролю Магілёўскай вобласьці Яўгена Мікалуцкага ў 1997 годзе, носяць палітычную афарбоўку. А такія злачынствы вельмі цяжка раскрываюцца. Таму ніводнае зь іх не раскрытае. Праўда, па ”магілёўскай справе” некалькі чалавек судзілі, адзін скончыў жыцьцё самагубствам у калёніі, але замоўніка не знайшлі, таму справа да канца не расьсьледавана.

І як бы гэтыя злачынствы афіцыйна ні называлі, але тэрарызм прыйшоў у нашу краіну. І шмат людзей гэта адчулі, калі іх выклікалі на допыт, патрабавалі здаць адбіткі пальцаў”.


Выкарыстоўваюцца тэрарыстычныя мэтады

Валерый Костка: “Да тых названых вамі, сп. Грыб, злачынстваў, якія маюць прыкметы тэрарызму, я б дадаў выбух на газаправодзе, за які ўзяла на сябе адказнасьць нейкае “Беларускае вызваленчае войска”.

Але ўсё гэта — не тэрарызм у клясычным выглядзе. Гэта форма барацьбы кланаў. Можна дакладна сьцьвярджаць, што гэтыя чатыры злачынствы былі актамі тэрору.

На мой погляд, выбух 4 ліпеня — гэта не замах на кіраўніка дзяржавы, а
Я не сказаў бы, што тэрарызм прыйшоў у Беларусь, але тэрарыстычныя мэтады выкарыстоўваюцца.
разборкі паміж кланамі. Я не сказаў бы, што тэрарызм прыйшоў у Беларусь, але тэрарыстычныя мэтады выкарыстоўваюцца.

Зразумела, выбух 4 ліпеня — гэта не хуліганства, а тэрарыстычны акт. Пытаньне ў тым, чаму тэрарыстычны акт імкнуцца перафарбаваць у хуліганства? Чаму гэта робіцца і каму гэта выгадна?

Думаю, што наша грамадзтва амаль не адрэагавала на гэтую падзею, за выключэньнем тых, хто пацярпеў ад выбуху”.


Які палітычны ўплыў зрабіў выбух 4 ліпеня?

Карбалевіч: “Сапраўды, грамадзяне паступова прызвычайваюцца да таго, што жывуць у краіне тэрарыстычнай небясьпекі. Яны ўжо спакойна рэагуюць на тое, што падчас мерапрыемстваў з удзелам вялікай колькасьці людзей (ці то футбольны матч, ці то канцэрт) іх пільна правяраюць. Ужо ня дзівіць зьяўленьне ў менскім мэтро міліцыянтаў з мэталашукальнікамі.

Які палітычны ўплыў зрабіў выбух 4 ліпеня? Ці падарвала гэта грамадзка-палітычную стабільнасьць у краіне? Як гэта адбілася на прэстыжы ўлады, якая ганарылася стабільнасьцю, на прэстыжы асабіста Лукашэнкі?”

Грыб: “Выбух 4 ліпеня не зрабіў значнага ўплыву на грамадзкую думку, на грамадзкую стабільнасьць, на ўладу.
Выбух 4 ліпеня не зрабіў значнага ўплыву на грамадзкую думку
Бо, па-першае, большасьць людзей знаходзіцца пад уплывам дзяржаўных мэдыяў. А яны супакойвалі грамадзян, цьвердзілі, што ўсё пад кантролем, злачынцаў хутка зловяць і пакараюць. А большасьць людзей, якіх прымушаюць здаваць адбіткі пальцаў, нармальна да гэтага ставіцца.

А праваахоўныя органы імкнуцца атрымаць з гэтага сьледзтва нейкую карысьць. Чым больш людзей здадуць адбіткі пальцаў, тым большая будзе база для раскрыцьця іншых злачынстваў”.


Недапрацоўка спэцслужбаў

Костка: “Таксама лічу, што вялікага ўплыву на грамадзка-палітычнае жыцьцё гэты выбух не зрабіў. Калі на пачатку сьледзтва пачалі хапаць прадстаўнікоў апазыцыі, я казаў Радыё Свабода, што апазыцыя да гэтага злачынства ня мае дачыненьня. Таму што ажыцьцяўленьне выбуху — гэта вельмі сур’ёзная справа. А я ня ведаю такіх людзей там, якія б былі здольныя яго ажыцьцявіць. Таму спроба кінуць цень на апазыцыю аказалася б гульнёй, якая кампрамэтуе самую ўладу.

Ня думаю, што пацярпеў аўтарытэт улады.
Адзіныя, хто падарваў свой імідж, — гэта спэцслужбы.
Адзіныя, хто падарваў свой імідж, — гэта спэцслужбы. Менавіта яны адказваюць за прадухіленьне тэрарыстычных актаў. Таму ўсе названыя намі злачынствы — гэта недапрацоўка спэцслужбаў.

А вось міліцыя ў сытуацыі з выбухам спрацавала нармальна. Яна забясьпечыла парадак пасьля выбуху, арганізавала эвакуацыю, не дапусьціла панікі.

Гонар, годнасьць і сумленьне кіраўніка спэцслужбы павінны былі падштурхнуць да адстаўкі. Старшыня КДБ Жадобін павінен быў сысьці ў адстаўку. А тут, наадварот, Жадобін пайшоў на вышэйшую пасаду, стаў сакратаром Рады бясьпекі. Гэта насьцярожвае і зьдзіўляе”.

Карбалевіч: “Адзіным палітычным наступствам выбуху стала адстаўка сакратара Рады бясьпекі Віктара Шэймана і чыстка сілавых структур ад ”людзей Шэймана”.


Як можна ацаніць сьледзтва па справе выбуху?

Карбалевіч: “Сп. Костка абвінаваціў спэцслужбы ў тым, што яны не змаглі прадухіліць выбух. Але гэтага ня могуць зрабіць і самыя прафэсійныя спэцслужбы ў сьвеце: ізраільскія, амэрыканскае ФБР.

А вось што тычыцца расьсьледаваньня выбуху, то тут спэцслужбам, праваахоўным органам можна выказаць прэтэнзіі. Падаецца, што сьледзтва ўсё больш набывае нейкія анэкдатычныя формы, ператвараецца ў фарс. Імкненьне сабраць адбіткі пальцаў ва ўсяго мужчынскага насельніцтва Беларусі нагадвае імітацыю, спробу паказаць Лукашэнку, якую вялікую працу правялі праваахоўныя органы”.

Грыб: “З той інфармацыі пра сьледзтва, якая зьявілася ў мэдыях, можна адзначыць, што на сьледчыя органы ідзе моцны ціск з боку палітычнага кіраўніцтва.
Відавочна, што сьледзтва ідзе нездавальняюча. Ужо пяць месяцаў прайшло, а вынікаў няма
Таму праваахоўныя органы, каб прадэманстраваць сваю працу, вельмі пашырылі пошук злачынцаў.

Правільна зрабілі, што зьвярнуліся да насельніцтва і нават прызначылі ўзнагароду за дапамогу сьледзтву. Вось зьявілася інфармацыя, што на Бярэзінскім шклозаводзе далі разнарадку ўсім мужчынам здаць адбіткі пальцаў. Цяжка сказаць, што гэта наблізіць да пошуку злачынцаў. Можна меркаваць, што тыя даўно ўжо выехалі за межы Беларусі.

Відавочна, што сьледзтва ідзе нездавальняюча. Ужо пяць месяцаў прайшло, а вынікаў няма”.

Костка: “Гэтая справа ня будзе раскрыта, ва ўсялякім разе, у сучасных умовах. Усе намаганьні па пошуку злачынцаў — гэта імітацыя. Тое, што гэтай справай прымушаюць займацца міліцыю, — тое самае, каб доктара-пэдыятра прымусілі лячыць зубы. Не праглядаецца нават мэты знайсьці выканаўцаў і замоўнікаў гэтага злачынства”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG