Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Занадта заканьсьпіраваная “кіса”


Дакладна 9 месяцаў таму на праспэкце Пераможцаў, дзе тысячы людзей сьвяткавалі Дзень Незалежнасьці, адбыўся выбух, ад якога пацярпела болей за 50 чалавек. Што перашкаджае міліцыі выйсьці на сьлед зламысьнікаў?

Як ідзе расьсьледаваньне, калі будуць знойдзеныя злачынцы? — цікавіцца журналісты і грамадзкасьць на працягу доўгіх месяцаў. Яшчэ на сваёй першай сёлетняй прэсавай канфэрэнцыі ў студзені міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў бадзёра заявіў пра тытанічную працу і выказаў упэўненасьць у канчатковым посьпеху расьсьледаваньня справы:

“ У мяне няма сумневу, што мы яе раскрыем, але патрэбны час. І ўсё будзе зроблена”.

З таго часу мінула тры месяцы, а ўвогуле ад здарэньня — 9 месяцаў. Што за гэты тэрмін нарадзіла сьледзтва акрамя збору адбіткаў пальцаў у дзясяткаў тысяч чалавек? 2-га красавіка ў інтэрвію “Комсомольской правде” в Белоруссии” міністар Уладзімер Навумаў прызнаў, што на сьлед злачынцаў выйсьці так і не ўдалося, і выказаў наступнае меркаваньне адносна прычын затрымкі: “На тэрыторыі нашай краіны можа дзейнічаць глыбока закансьпіраваная арганізацыя, якая дамагаецца пэўных мэтаў”.

Былы сьпікер Вярхоўнага Савету, генэрал-лейтэнант міліцыі ў адстаўцы Мечыслаў Грыб мяркуе, што выбух на праспэкце Пераможцаў трэба лічыць не хуліганствам, а тэрактам, і займацца расьсьледаваньнем павінны КДБ і пракуратура, а не Міністэрства ўнутраных спраў. Чаму ж гэтак не адбылося?

“Прызнаць, што гэта быў тэракт, нязручна для ўлады. Гэта ж ужо палітыка. Для такой “квітнеючай” краіны — і тэракт. Лягчэй, каб было звычайнае хуліганства”.

Нагадаю, ад выбуху пацярпелі болей за 50 чалавек, некаторых цяжка параніла. Мечыслаў Грыб у 1970-я гады кіраваў сьледчымі, якія раскрылі вядомую справу маньяка Міхасевіча. Спадар Грыб не выключае, што сьледчыя ў справе выбуху не падзяляюць думкі кіраўніцтва адносна таго, што выбух быў хуліганствам, а не тэрактам. Чаму ж расьсьледаваньне не перакваліфікуюць?

“Калі падначалены ідзе да начальніка з адной думкай, а ў начальніка думка іншая, то выходзіць падначалены з кабінэта ўжо з думкай начальніка. Гэткае правіла ёсьць у нашым жыцьці. Яму кажуць: нявыгадна зараз распальваць грамадзтва, хай будзе хуліганства, а знойдзем злачынцаў — тады і зробім перакваліфікацыю”.

Былы міністар абароны Павал Казлоўскі не бярэцца з пэўнасьцю прадказаць, ці знойдуць калі арганізатараў і выканаўцаў выбуху. Спадар Казлоўскі спасылаецца на думку звычайных людзей:

“Усё ж незразумела, чыё рыльца ў пушку ў гэтай гісторыі. Паслухайце, што кажуць людзі ў транспарце, на вакзале. Там гаворка пра тое, што вось у ЗША спэцслужбы нібыта самі ўзарвалі вежы-блізьняты, гэтак і ў нас гэта спэцслужбы ўзарвалі. Людзі кажуць, ня я кажу”.

Што катэгарычна выключае былы міністар Павал Казлоўскі — гэта тое, нібыта беларускія спэцслужбы апынуліся слабейшымі за нейкую падпольную арганізацыю, пра якую кажа Ўладзімер Навумаў:

“Ды мы ж усе ведаем: там, дзе прэзыдэнт, спэцслужбы працуюць дакладна. У іх усё расьпісана, штаты вялікія, зарплаты высокія — усё ёсьць. Незразумела толькі, чаму гэтак слаба спрацавалі?”

Уладзімер Казулін, брат апазыцыянэра, некалі працаваў у Міністэрстве ўнутраных спраў. Пасьля выбуху на праспэкце Пераможцаў Уладзімер Казулін склаў сьпіс недарэчнасьцяў гэтага здарэньня:

“Пачнём з таго, што адразу пасьля выбуху наш паважаны палез у самы эпіцэнтар, куды ніводная спэцслужба ў сьвеце свайго патрона не дапусьціла б. Згадваю, як напярэдадні Сарказі быў у Ізраілі і там ці салдат паваліўся, ці выраніў стрэльбу — карацей, прагучаў стрэл недзе побач. Дык ахова, прашу прабачэньня, як барана яго скруціла і схавала ў самалёце. У нас чамусьці інакш адбываецца. Потым: па тэлебачаньні заяўляюць, што арганізатары выбуху хацелі сарваць сьвята. Калі ня знойдзены арганізатар, адкуль вядома пра яго намер? І яшчэ: на другі-трэці дзень паведамілі пра сэктар, дзе знаходзіўся Аляксандар Рыгоравіч. Што, хаця там не было параненых, але туды нібыта даляталі балты і гайкі з бомбы. Але гэтага не магло быць, бо радыюс разьлёту аскепкаў бомбы быў вельмі малы: 10—20 мэтраў”.

Сумняваецца Ўладзімер Казулін і ў праўдзівасьці нядаўніх словаў Уладзімера Навумава пра асаблівасьці выбуховага прыстасаваньня. Паводле спадара Навумава, яму няма “аналягаў у сьвеце”. “Адкуль тады, паводле Навумава, такое прыстасаваньне ведаюць у Беларусі і нават прыдумалі яму назву “кіса”?” — заўважае Ўладзімер Казулін. На думку былога міліцыянта, расьсьледаваньне выбуху на праспэкце Пераможцаў — справа зусім невялікага часу, але іншай палітычнай эпохі.

“Калі ўлада зьменіцца, гэтае злачынства будзе раскрытае літаральна за тыдзень”, — мяркуе Ўладзімер Казулін.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG