У Чавусах цэлую ноч гарэў ільнозавод

75 тон ільнотрасты згарэла на Чавускім ільнозаводзе. Страты ад пажару складаюць трыццаць чатыры мільёны рублёў.

Прычыны пажару застаюцца невядомымі. Траста загарэлася пад навесам адной з сэкцыяў ільнасховішча.

“Згарэла каля сямідзесяці пяці тон ільнатрасты. І такая ж колькасьць была выратаваная. Туды было накіравана сямнаццаць адзінак тэхнікі Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Калі гарыць ільнотраста, натуральна, выдзяляецца шмат дыму. На высьвятленьні прычынаў пажару працуе апэратыўная група МНС і раённага аддзелу міліцыі”, — паведаміў прэсавы сакратар управы Міністэрства надзвычайных сытуацыяў Магілёўшчыны.

Відавочцы здарэньня кажуць, што лён загарэўся ўчора ўвечары каля васямнаццатай гадзіны.

“Кажуць, што падпалілі. Ноч цэлую гарэла. Такіх выпадкаў раней не было — пажараў. Полымя было дужа вялікае. Тушылі цэлую ноч. Страшна было. Побач жа дамы. Прыватны сэктар непадалёк. Было дужа шмат дыму”, — кажа жыхар Чавусаў Аляксандар.
страты прадпрыемства ад пажару складаюць каля 34 мільёнаў рублёў...

Паводле папярэдніх зьвестак, страты прадпрыемства ад пажару складаюць каля 34 мільёнаў рублёў. Як удалося высьветліць, раённы аддзел міліцыі ўжо завёў крымінальную справу па факце прычыненьня стратаў.

Тэлефоны кіраўніцтва ільнозаводу сёньня не адказвалі. Кіраўніка холдынгу “Абллён” таксама не было на працоўным месцы. У самім холдынгу пэўнай інфармацыі пра здарэньне ў Чавусах ня маюць:

“У агульных рысах ведаем, аднак гэта не пацьверджаная інфармацыя. Тут зьявіцца дырэктар толькі пры канцы дня з тлумачэньнем на імя “губэрнатара” і з усімі дакумэнтамі”, — паведаміў прадстаўнік холдынгу.

Падчас пажару ніхто з работнікаў не пацярпеў. Наагул жа на ільнозаводзе працуе больш за сто чалавек. Ці працавала прадпрыемства сёньня, высьветліць не ўдалося.