Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 8 красавіка 2009 году
Тэма многіх лістоў на “Свабоду” — вясковае жыцьцё, рэаліі і будучыня калгаснай вёскі. Назіраючы ў рэпартажах дзяржаўнага тэлебачаньня за сытым заможным побытам насельнікаў новазбудаваных аграгарадкоў, нашы слухачы параўноўваюць яго з тым, што бачаць штодня ў рэальным жыцьці, пра што ведаюць з расповедаў рэальных людзей, якія не трапляюць у тэлеаб’ектывы афіцыйных прапагандыстаў. І гэтымі назіраньнямі і расповедамі дзеляцца ў сваіх допісах на “Свабоду”.
Пачну сёньняшнюю размову з аднаго з такіх лістоў, які даслаў наш даўні сябар Кастусь Сырэль з Ушачаў. Слухач адгукнуўся на дыскусію, што вялася на сайце “Свабоды” вакол нядаўняга рэпартажу пад назвай “Лябедзька просіць Васілевіча праверыць адпачынак Лукашэнкі”. Асабліва ўразіла спадара Сырэля рэпліка ананімнага аўтара з прапановай адабраць у былых дэпутатаў-апазыцыянэраў менскія кватэры ды выслаць у правінцыю. Разважаючы пра вытокі грэблівага стаўленьня некаторых сталічных жыхароў да вёскі, слухач піша:
“Я параіў бы яму самому прыехаць на вёску. Па блату прыстроіў бы папрацаваць на фэрму — так, дзеля спартыўнага інтарэсу, падаіць кароў хаця б год, каб ён спасьціг, што тварог здабываецца з правінцыйнага вясковага малака, а не з варэнікаў. Але ўпэўнены, што ён уцёк бы на другі дзень, а мо і раней. Уцёк бы таму, што ўстаць яму трэба было б а чацьвертай гадзіне раніцы, ды легчы спаць — а дзясятай вечара; ды ўвесь дзень у гумовых ботах, летам і ўзімку, увесь дзень рукі ў вадзе, ды часьцей за ўсё без выходных, з дня ў дзень, з тыдня ў тыдзень, зь месяца ў месяц мясіць гной ды ірваць жылы, цягаючы сянаж ці сілас. Як першае, так і другое не азануе паветра, і адзеньне тваё працінаецца гэтым пахам наскрозь, і лазьня мала дапамагае. І ты саромеесься гэтага паху, бо ён суправаджае цябе, калі ты зрэдку едзеш аўтобусам у райцэнтар.
Я паспрабаваў бы давесьці яму, што ўвесь свой камфортны сталічны дабрабыт ён мае, у тым ліку, і коштам занядбаласьці і нават галечы правінцыі; што бэтэшныя сюжэты пра росквіт сельскай гаспадаркі — міты, якія па чарзе здымаюцца ў некалькіх “пацёмкінскіх вёсках”; што нялюбая яму правінцыя вымірае — у маім маленькім Ушацкім раёне за год нараджаецца 120—130, а памірае 350—420 чалавек, і так ужо гадоў 15—20. А на сяле, за выняткам райцэнтра, суадносіны народжаных і памерлых дасягаюць 1:10.
Я б павёз яго ў аддаленыя вёскі, у якіх ледзь ня ўсе хаты стаяць з забітымі вокнамі, і панадворкі зарасьлі быльлём у чалавечы рост, і бывае, што на ўсю вёску жыве ў самоце адзін пэнсіянэр ці пэнсіянэрка. Я пазнаёміў бы яго зь сяміклясьніцай, цудоўнай і добрай дзяўчынкай, якая, каб трапіць у школу, кожны дзень пераплывае на лодцы азёрную затоку, бо хаця школа і побач, але па сухому да яе восем кілямэтраў. Узімку ж трэба хадзіць па лёдзе, а гэта не заўсёды бясьпечна. І шчасьце, калі трапіцца спадарожны транспарт.
Я б растлумачыў яму, што калектывізацыю, прадразьвёрстку, раскулачваньне, падатак на пладовыя дрэвы (колькі садоў было вынішчана!), непэрспектыўныя вёскі, нявыдачу пашпартоў сельскім жыхарам і багата іншай бязглузьдзіцы выдумалі не на сяле, а ў вялікім сталічным горадзе. І выдумалі, магчыма, нават продкі майго апанэнта. І таму горад у такім велізарным даўгу перад вясковым жыхаром, што колькі б ні пнуліся гараджане, але ніколі ім гэты доўг не сплаціць.
Але, на жаль, я ніколі не сустрэнуся з маім vis a vis, і ён ніколі не спасьцігне простых чалавечых ісьцін, зь якіх ледзь не галоўная — павага да людзей”.
Гэты доўг гораду перад вёскай, пра які, спадар Кастусь, вы так шчымліва і пранізьліва напісалі, сплачваць усё ж давядзецца. І ня тое каб у сёньняшніх гараджан, у тым ліку і ў цяперашняй улады, не было адчуваньня абавязку і віны за тое, што зроблена зь вёскай за мінулыя дзесяцігодзьдзі. Думаю, што адчуваньне гэтае якраз ёсьць. Цяперашняе насельніцтва Менску ды іншых буйных цэнтраў Беларусі — на 90 працэнтаў учорашнія жыхары вёскі (калі ня ў першым, дык у другім пакаленьні). Прэзыдэнт, прэм’ер, міністры, дэпутаты, высокапастаўленыя чыноўнікі — амаль усе ў мінулым вясковыя хлопчыкі і дзяўчаткі, якія пра калгаснае жыцьцё ведаюць не з тэлерэпартажаў. І вёска іх дагэтуль моцна трымае — сваяцкімі сувязямі, успамінамі дзяцінства, занядбанымі бацькоўскімі сялібамі, вясковымі могілкамі... Ня скажаш, што беларуская дзяржава і ўсё грамадзтва не спрабуюць сплочваць гэты доўг: сотні мільёнаў даляраў, якія накіроўваюцца штогод на датацыі сельскай гаспадарцы, сьведчаць нібыта пра тое, што пра маральны абавязак улада памятае. Вось толькі ці туды накіроўваюцца гэтыя немалыя грошы, калі вёска не адраджаецца, а зьнікае — у галечы, п’янстве і безвыходнасьці?
Пра цяперашні стан апазыцыі і прычыны яе няўдач разважае ў сваім лісьце на “Свабоду” Сяргей Ліцьвіновіч з Кобрына. Слухач піша:
“Засланыя “казачкі” развалілі БНФ. Гэта яны абвінавацілі Пазьняка ў тым, што ён ня так усё робіць, яны прывялі да ўлады Лукашэнку. Вось і атрымліваецца, што Масква пабудавала камунізм у асобна ўзятай краіне — Беларусі. У нас акупацыйна-каляніяльная бюракратыя ўсё прыбрала да сваіх рук. Галоўны алігарх моцна трымае ўсе палітычныя, эканамічныя ды ідэалягічныя лейцы. Таму ўсё пастаўлена з ног на галаву. Тубыльцы — на птушыных правах, а навалач, прыхадні, якія акапаліся за дзьвесьце гадоў акупацыі, сталі гаспадарамі. Таму, даражэнькая “Свабода”, ты практычна адна ёсьць голасам тубыльцаў — ліцьвінаў-беларусаў. Пакуль яшчэ ёсьць інтэлігенцыя старога пакаленьня, каму за шэсьцьдзесят, хто памятае той сацыялізм — выкарыстоўвай іхныя галасы, каб выкрываць усю афіцыйную лухту рэжыму.
Што да апазыцыйных партый, то ім цяжка весьці паўнавартасную агітацыю. Яны абложаны чырвонымі сьцяжкамі, як тыя ваўкі на паляваньні. Да таго ж фінансавы стан у іх — як у царкоўных мышэй”.
Дарэмна вы, спадар Ліцьвіновіч, спрабуеце ўскласьці віну за ўсе беды беларусаў на нейкія вонкавыя сілы, на чужынцаў, якія, як вы пішаце, “акапаліся” тут за дзьвесьце гадоў. Усе ключавыя пасады ў дзяржаўным апараце Беларусі — і ў цэнтры, і ў рэгіёнах — займаюць пераважна тыя людзі, якія і нарадзіліся, і атрымалі адукацыю, і зрабілі кар’еру тут, у сваёй краіне. І большасьць іх, упэўнены — беларусы па нацыянальнасьці.
Тое ж можна сказаць і пра ваша сьцьвярджэньне, што (цытую) “засланыя казачкі развалілі БНФ”. БНФ раскалоўся пасьля таго, як не змаглі дамовіцца ягоныя шматгадовыя нязьменныя лідэры. Чаму так адбылося, чаму партыя і рух страцілі ўплыў у грамадзтве, які мелі на пачатку 90-х гадоў — вялікае і складанае пытаньне. Адказ на яго, які грунтуецца на тэзісе пра “засланых казачкоў” — наколькі просты, настолькі і беспадстаўны.
У нашай пошце нямала лістоў з водгукамі на перадачы Радыё Свабода, з прапановамі, просьбамі і парадамі слухачоў.
Эдвард Карбановіч зь Менску наракае на тое, што не заўсёды “Свабоду” добра чуваць. Слухач, у прыватнасьці, піша:
“Вядома, ёсьць інтэрнэт-сайт, і я туды заходжу. Чытаю, але ня часта, і пераважна тое, чаго няма ў эфіры. Прыкладам, артыкулы Сяргея Дубаўца. Усё ж такі жывыя галасы супрацоўнікаў “Свабоды” нічога не заменіць”.
Некалькі заўвагаў ад Уладзіслава Міцкевіча з Браслава.
“Вялікіх прэтэнзіяў да вашага радыё ў мяне няма,— піша слухач.— Праўда, не падабаецца часам пустая балбатня некаторых палітолягаў за “круглым сталом”, як і гаварыльня прамаскоўскай апазыцыі. Затое радуе, што ў перадачах “Званкі на Свабоду” многія слухачы падтрымліваюць пазыцыю Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ. Людзі ўсё больш і больш правільна разумеюць сытуацыю”.
Заўважу, спадар Міцкевіч, што самі апазыцыянэры, якіх вы называеце “прамаскоўскімі”, вельмі крыўдуюць, калі чуюць такое азначэньне на свой адрас. І ў сваю чаргу адрасуюць ня надта пахвальныя эпітэты вашым аднадумцам — апазыцыянэрам з КХП-БНФ. Ну, якая апазыцыя ёсьць — такая ёсьць, такая і гучыць у нашым эфіры.
І на заканчэньне — кароткі ліст ад нашага сябра Мікалая Каліноўскага з Наваполацку.
“Дзякуй табе, “Свабода”, за ўпэўненасьць, што ты і народ — заўсёды разам, — піша слухач. — Усё болей я заўважаю, як зьмяняецца стаўленьне маіх сяброў да цябе. І ведаеце, у іх зьяўляецца цікавасьць да сваёй роднай мовы, культуры. А спачатку былі толькі ўсьмешкі. Маўляў, радыё на беларускай мове — што там пачуеш. Дый нічога тое радыё ня зьменіць. Гіне наша родненькае — туды яму і дарога. Ды я даю адказ усім, хто воўчымі вачыма глядзіць на цябе: “Свабода” была, ёсьць і будзе!”
Дзякуй, Мікалай, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by