Лісты-галаваломкі зь Мін’юсту

Зьезд БХД

Дзясяткі заснавальнікаў партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” ў розных рэгіёнах Беларусі атрымалі пэрсанальныя лісты-запыты зь Мінюсту, на якія не маюць магчымасьці адказаць у тэрміны, вызначаныя чыноўнікамі. Лідэры БХД спадзяюцца, што гэта не паўплывае на рэгістрацыю іх партыі.

СЛУХАЦЬ:


Адна з заснавальнікаў партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Галіна Самсонава з Глыбокага ўчора атрымала ліст, падпісаны начальнікам управы Мін’юсту Алегам Сьліжэўскім. Апошні зьвярнуўся да яе як да “паважанай Надзеі Пракопаўны”, хоць на самой справе яе завуць Галінай Вікенцеўнай. У лісьце спадар Сьліжэўскі на падставе закону аб палітычных партыях патрабуе адказаць на шэраг пытаньняў, якія даказвалі б яе ўдзел у сходзе заснавальнікаў БХД. Але праблема ў тым, што Мін’юст патрабуе адказу да 6 красавіка. А ліст быў падпісаны Сьліжэўскім 2 красавіка, і толькі 6 красавіка спадарыня Самсонава яго атрымала. Вось і думае Галіна Самсонава, ці адказваць на гэты запыт.

Такіх лістоў заснавальнікі БХД атрымалі дзясяткі, кажа адзін зь лідэраў новай партыі Павал Севярынец.

Павал Севярынец
“Мы перакананыя, што гэта ня мае адносін да юрыдычнага працэсу рэгістрацыі, гэта менавіта спроба людзей заблытаць. Там каля 10 пытаньняў: хто выступаў, што гаварыў, дзе ставілі подпіс, каго выбіралі... Праз 2 месяцы пасьля сходу і месяц пасьля зьезду людзі могуць блытацца. І іх спрабуюць пісьмова злавіць на нейкіх супярэчнасьцях. Напэўна, не ўдалося атрымаць кампрамату падчас абтэлефаноўваньня”.

Супрацоўнікі Мін’юсту ўжо тэлефанавалі шмат каму з заснавальнікаў БХД, і тыя пацьвярджалі свой удзел у сходах і зьезьдзе новастворанай партыі. А вось да самога Мін’юсту датэлефанавацца нялёгка. Спадар Сьліжэўскі недаступны, супрацоўніцы ягонай управы нічога не камэнтуюць. Па нумарах, пазначаных у саміх лістах, адказваюць супрацоўніцы канцылярыі, якія нічога пра зьмест лістоў сказаць ня могуць.

Павал Севярынец кажа, што апошнім часам заснавальнікі БХД адчуваюць ціск з боку ўладаў і адміністрацыяў сваіх прадпрыемстваў.

“КДБ, ідэалягічная вэртыкаль і райвыканкамы палохаюць людзей у шэрагу рэгіёнаў. Кажуць ім, што нельга быць у БХД, што гэта апазыцыя, што ў іх будуць праблемы”.

Паводле Паўла Севярынца, некаторыя заснавальнікі БХД ужо звольненыя з працы, іншыя застаюцца пад такой пагрозай. Тым ня меней спадар Севярынец спадзяецца, што да сярэдзіны красавіка, праз адведзены законам месяц пасьля падачы дакумэнтаў, Мін’юст ухваліць рашэньне аб рэгістрацыі партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі.