Мядзьведзеў завёў Лукашэнку ў лес

Кіраўнікі Беларусі і Расеі правялі перамовы ў дзяржаўнай загараднай рэзыдэнцыі “Русь”, якая знаходзіцца ў комплексе “Завідава” ў Цьвярской вобласьці. На парадку дня было каля 20 пытаньняў, найперш эканамічнага характару. Візыт быў арганізаваны на запрашэньне расейскага боку.

У Маскву Аляксандар Лукашэнка прыбыў напярэдадні разам з малодшым сынам Мікалаем. Ля трапа самалёта іх сустракалі дзяржсакратар “саюзнай дзяржавы” Павал Барадзін і беларускі пасол у Маскве Васіль Даўгалёў. Павал Барадзін асабіста павітаўся зь Мікалаем Лукашэнкам, які, аднак, падчас сёньняшніх перамоваў ня трапіў у тэлекамэры.

Аляксандар Лукашэнка выказаў незадаволенасьць, што падпісаныя на Вышэйшым дзяржсавеце “саюзнай дзяржавы” дамоўленасьці пакуль застаюцца толькі на паперы. Маўляў, зноў “пачынаюць круціць-вярцець пасьля нашых сустрэчаў”. Таксама Лукашэнка нагадаў Мядзьведзеву, што Беларусь забясьпечвае працай у Расеі каля 10 мільёнаў чалавек.

“Я вам удзячны, што мы сёньня сустракаемся, і мы насамрэч паглядзім на тыя праблемы, па якіх мы прынялі рашэньні, як яны выконваюцца. Нашы эканомікі, як і ў былыя часы, вельмі ўзаемазьвязаныя. І ніхто не зьбіраецца іх разрываць.”

Паводле афіцыйных мэдыяў, кіраўнікі Беларусі і Расеі дэманстравалі “адсутнасьць сур’ёзных рознагалосьсяў”. Дзьмітры Мядзьведзеў адзначыў, што набрана патрэбная частата сустрэчаў — “у мінулым годзе сустракаліся 6 разоў, а сёлета гэта ўжо другая сустрэча”. Маўляў, у лютым перамовы былі зьмястоўнымі, як ніколі за апошнія гады. Але важна цяпер ператварыць тыя дамоўленасьці з папяровага варыянту ў рэальныя кантракты і пастаўкі.

Перад адлётам Лукашэнкі ў Менск Аляксандар Лукашэнка й Дзьмітры Мядзьведзеў прагуляліся па лесе ў Завідаве. Паводле беларускага тэлебачаньня, тутэйшыя запаведныя лясы — “самае чыстае месца на плянэце”.



Паводле крыніцы ў беларускай дэлегацыі, афіцыйны Менск настойвае на роўных умовах доступу на рынкі бакоў. Аднак нягледзячы на ўзгоднены антыкрызісны плян, у Расеі дзяржаўную падтрымку, як і раней, маюць толькі расейскія тавары. Беларускі бок прапанаваў сьпіс з 15 прадпрыемстваў, якія неабходна ўключыць у расейскія схемы закупу тавараў зь дзяржаўнай падтрымкай. Аднак Расея прапануе пакуль вызначыць толькі чатыры. Чакаецца, што гэта будуць найбуйнейшыя беларускія прадпрыемствы — менскія аўтамабільны і трактарны заводы, “Гомсельмаш” і “Бабруйскаграмаш”.

Візыт адбываўся на запрашэньне расейскага боку. Паводле палітоляга Ігара Лялькова, гэта своеасаблівы выклік “на дыван”:

Ігар Лялькоў
“Адна з тэмаў, а можа, і галоўная, — гэта ўсё ж такі пытаньне далучэньня Беларусі да Ўсходняга партнэрства. Гэта такі важны геапалітычны крок з боку Беларусі, які ў Расеі ня ўсімі вітаецца. Большая частка расейскага істэблішмэнту глядзіць на гэта наўпрост варожа. Таму я думаю, што гэта абавязкова мелася быць адной з тэмаў абмеркаваньня. Якраз зараз маюць прымацца гэтыя асноўныя рашэньні, датычныя і ўдзелу Лукашэнкі ў праскім саміце Ўсходняга партнэрства, і наагул далучэньня Беларусі да гэтай праграмы. Ня выключана, што ў залежнасьці ад вынікаў гэтай размовы будуць разьвівацца далейшыя эканамічныя і фінансавыя стасункі паміж Беларусьсю і Расеяй”.