“У Дзень Канстытуцыі— дзень рабскай працы — суботнік”

Візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Армэнію, лідэраў апазыцыі — у Эўрапарлямэнт, сьмерць праваабаронцы Яны Паляковай, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.

Працоўны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Армэнію з удзелам малога сына Мікалая — адна з тэмаў абмеркаваньня слухачоў.

СЛУХАЦЬ:


Спадарыня: “Некаторыя грамадзяне Беларусі заклапочаны надта раньняй працоўнай дзейнасьцю аднаго малалетняга хлопчыка. Іх эмоцыі зразумелыя. Але, па-першае, у хлопчыка ёсьць бацька, і някепска было б, каб падданым патлумачылі, зь якой прычыны выхаваньнем дзіцяці ня можа займацца маці. Канечне, і хлопчыка, і маці вельмі шкада”.

Тацяна Барэль, Асіповічы: “Вось гляджу нашыя навіны і не магу ўявіць сабе ніводнага эўрапейскага кіраўніка на афіцыйных прыёмах са сваімі малалетнімі дзецьмі”.

Наступныя выказваньні — на адрас іншых слухачоў “Свабоды” і лідэраў апазыцыі:

Спадарыня: “Паслухала ўсе званкі — здаецца, зграя нямецкіх аўчарак накінулася на Беларусь і на прэзыдэнта. Хто вы такія, адкуль вы такія ўзяліся, што вы так хвалюецеся за Беларусь? Яна самастойна жыве, людзі працуюць, і ўсё добра. А вы ніяк не супакоіцеся!”

Спадар: “Выступаючы на радыё “Свабода”, Анатоль Лябедзька сказаў, што ня можа быць такога, каб 40% беларусаў, якія падтрымліваюць апазыцыю, не маглі ўдзельнічаць у дыялёгу з Захадам, які зараз праводзіць беларускі ўрад. Пра якія тры мільёны беларусаў марыць Лябедзька? Увесь рэсурс беларускай апазыцыі— гэта тры-пяць тысяч чалавек, якія штогод зьбіраюцца 25 сакавіка на Дзень Волі на прыступках Акадэміі навук”.

Выказваньне камэнтуе Анятоль Лябедзька:

“Калі б гаворка ішла не пра мільёны, а пра тысячы людзей, то як вы думаеце, шаноўны спадар, ці не пагадзілася б улада ўключыць прадстаўнікоў апазыцыі ў склад выбарчых камісій? Каб тыя зафіксавалі, што за апазыцыю рэальна галасуе 3—5 тысяч чалавек у краіне? Я думаю, што ад такога падарунку беларуская ўлада ніколі б не адмовілася. На вуліцы выходзяць тыя, хто здолеў перамагчы свой страх. А калі сацыялягічныя дасьледаваньні сьведчаць, што да 40% людзей выказваюцца за эўрапейскія каштоўнасьці, за інтэграцыю ў Эўропу, то вось і давайце лічыць”.

Слухачы таксама працягваюць выказвацца з нагоды сьмерці праваабаронцы Яны Паляковай.

Спадар: “Перачытваю ў “Народнай Волі” рэпартаж зь пятлёй на шыі з Салігорску. Бедная Яна Палякова, нізкі табе паклон за мужнасьць. Прыйшлі на думку “Карнікі” Алеся Адамовіча — паралелі відавочныя”.

Спадарыня: “Пухам зямля Яне Паляковай. Лукашэнка думае, што ён увесь час будзе красавацца на тэлеэкране са сваімі дзецьмі і на грошы беларускага народу езьдзіць на прэстыжныя гарналыжныя курорты Эўропы са сваёй сьвітай”.

Наступныя тэлефанаваньні — на тэму росту коштаў:

Спадар: “Хачу расказаць, які падарунак падрыхтаваў Слуцкі малаказавод насельніцтву горада. Да 8 сакавіка на 25 адсоткаў павысіў цэны на малако. Раней каштавала 1150 рублёў, цяпер — 1410. Пэнсіянэры хутка будуць пазбаўлены нават малака”.

Спадар:
“Тэлевізар кажа: малако даражэе ў зімовы час, а што далей чакае нас?
Ведаю, прэзыдэнт выкруціцца: ён скажа пра крызіс, даражэе жывёле корм,
Пра нечыя недаробкі — так, як ён казаць хоча,
І кошт малака ізноў на 20 адсоткаў падскочыць”.

Працягваем праграму выказваньнямі на іншыя тэмы:

Спадар: “Як карэнны беларус, зьвяртаюся да ўсіх грамадзянаў любімага народу. Аб’яднацца і выказаць сваё цьвёрдае меркаваньне супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Нам не патрэбная чорная быль. Хочам жыць!”

Спадарыня: “Прывітаньне, “Свабода”! Мяркуючы па апошніх публікацыях, гэта яшчэ вялікае пытаньне, хто каго тэрарызаваў у вёсцы Пухавічы. Бо двое з абвінавачаных зусім нядаўна ўжо зрабілі падобнае злачынства, толькі не давялі справу да канца. Віной усяму гарэлка і безуладзьдзе ў нашай вёсцы. Жорсткасьць сельскіх жыхароў агаломшвае, але хто так падставіў Лукашэнку?”

Ігар Пасноў: “Палітыка падвойных стандартаў нашага кіраўніцтва вобласьці знайшла свой апагей 15 сакавіка, калі ў Дзень Канстытуцыі, у дзень сьвята асноўных правоў грамадзян рэспублікі наш губэрнатар ладзіць дзень рабскай працы — суботнік”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.