Ад пачатку году кошты на нерухомасьць у Менску зьнізіліся ў сярэднім на 10%. Па некаторых пазыцыях падзеньне яшчэ больш істотнае — да 25—30%. Як доўга працягнецца цэнавы абвал на рынку жыльля?
СЛУХАЦЬ:
Яшчэ год таму квадратны мэтар жыльля ў сталіцы каштаваў 2000 даляраў — прычым незалежна ад году ўзьвядзеньня дому, раёну і элітнасьці пабудовы. Аднак ва ўмовах сусьветнага фінансавага крызісу каньюнктура зьмянілася, і цяпер у базах агенцтваў нерухомасьці можна знайсьці варыянты, блізкія да сабекошту будаўніцтва. Элітнае жыльлё зь леташніх 2000 даляраў за мэтар апусьцілася да 1600, і пакупнікі, заключаючы зьдзелку, як правіла, скідаюць яшчэ сотню-другую. Так званыя “хрушчоўкі” дасягнулі ўзроўню 3—4-гадовай даўніны — 1200 даляраў за мэтар. Пра тэндэнцыі на рынку нерухомасьці распавядае рыэлтар Марыя Казакова:
“Тэлефануюць, цікавяцца, але купляюць вельмі-вельмі мала. Бяруць толькі самыя танныя кватэры, хрушчоўкі. У прынцыпе, трапляюцца і новабудоўлі: калі гаспадарам, прыкладам, трэба выплачваць крэдыт і няма іншага выйсьця, яны прадаюць за тое, за што ў іх бяруць. На сёньняшні дзень аднапакаёўкі зьнізіліся істотна. Ёсьць кватэры за 45 тысяч даляраў, нават за 42 тысячы. Па двухпакаёўках тое ж самае, аналягічная сытуацыя”.
Але чаму такая слабая актыўнасьць пакупнікоў на тле беспрэцэдэнтнага за апошні час зьніжэньня коштаў? Марыя Казакова лічыць, што людзі чакаюць яшчэ большага абвалу:
Людзі чакаюць абвалу …
“У тым жа ўся справа, што чакаюць яшчэ глыбейшага дна, людзі чакаюць яшчэ больш радыкальнага зьніжэньня. То бок тыя, у каго ёсьць грошы, чакаюць лепшых для сябе ўмоваў. А тыя, хто хоча паправіць свае жыльлёвыя ўмовы, яны ўжо арыентуюцца на цяперашнія кошты і бяруць па мінімальным кошце — балазе выбар вялізны. Але шмат хто заняў пазыцыю чаканьня”.
Карэспандэнт: “Дык якія прагнозы — усё ж кошты будуць падаць?”
аб’ектаў на продаж проста жахлівая колькасьць…
“Цяжка прагназаваць, але як на маю думку, то, вядома, будуць падаць. Бо прапановаў катастрафічна шмат. Калі прааналізаваць базы агенцтваў нерухомасьці па горадзе, там аб’ектаў на продаж проста жахлівая колькасьць — што аднапакаёвых, што двух-трохпакаёвых. Вялікія кватэры, бывае, рэклямуем 2—3 месяцы, ніводнага тэлефанаваньня няма”.
Дырэктар агенцтва “Дзінас” Уладзімер Заўгародні таксама кажа, што прапановы на рынку нерухомасьці істотна перавышаюць попыт. Аднак не бярэцца прагназаваць, як доўга будзе доўжыцца такая сытуацыя — яшчэ пры канцы мінулага году цяжка было прадказаць цяперашні абвал з коштамі:
“Усё дыктуецца сытуацыяй у краіне і ў эканоміцы. На другасным рынку кошты, сапраўды, хутчэй за ўсё, былі завышаныя — зыходзячы перадусім са спажывецкіх якасьцяў таго жыльля, якое прадавалася. А цяпер дадаліся новыя фактары, пачала дыктаваць новыя ўмовы эканоміка, сытуацыя на рынку, складанасьці з крэдытаваньнем. Таму, самі разумееце, надта шмат фактараў, якія ўплываюць на цэнаўтварэньне нават на другасным рынку, ня кажучы пра новае жыльлё. Што будзе ў пэрспэктыве — загадваць складана. Асабіста я ніколі не прагназую магчымыя падзеньні, падвышэньні, бо ўсё залежыць ад канкрэтных фактараў, якія ўплываюць на цэнаўтварэньне. У такой сытуацыі займацца прагназаваньнем бяруцца хіба астролягі”.
Учора Аляксандар Лукашэнка прыгразіў санкцыямі кампаніям-забудоўшчыкам, якія ня хочуць прадаваць ужо пабудаванае жыльлё па нявыгадных для сябе коштах. Як заявіў Лукашэнка, калі цягам першага кварталу жыльлё ня будзе рэалізаванае, дзяржава яго адбярэ і прадасьць тым, хто ў ім мае патрэбу. Ён абвінаваціў бізнэсоўцаў, што тыя “прытаіліся”, думаючы, што дзяржава “ўкіне” грошы пад банкаўскае крэдытаваньне і яны зноў будуць прадаваць кватэры па 2000 даляраў за квадратны мэтар. Папярэдзіўшы, што такога ня будзе, Лукашэнка загадаў да канца кварталу рэалізаваць усё пабудаванае жытло па цане, блізкай да сабекошту. Як кажа рыэлтар Марыя Казакова, пасьля такіх словаў зацікаўленыя асобы дакладна будуць чакаць “сабекоштавай пэрспэктывы”:
“Так, мы чакаем. Бо калі прэзыдэнт сказаў, то трэба чакаць нейкага разьвіцьця. Іншыя ж таксама чакаюць. Людзі, якія маюць грошы, натуральна, будуць чакаць жыльля па сабекошце. Так што паглядзім, бліжэйшы час нешта пакажа”.
Паводле зьвестак Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры, у лютым-сакавіку кошт будаўніцтва жыльля ў Беларусі зьнізіцца на 5—7%. Гэтаму паспрыяе зьніжэньне коштаў на асобныя будаўнічыя матэрыялы — цэмэнт, шчэбень, жалезабэтон, шкло. Як лічаць у галіновым ведамстве, коштавая лібэралізацыя прывядзе да зьніжэньня сабекошту новабудоўляў.