Міністэрства фінансаў ЗША падоўжыла да 1 чэрвеня 2009 году рашэньне аб зьмякчэньні санкцыяў да двух беларускіх прадпрыемстваў “Лакафарба” і “Полацк-Шкловалакно”, якія ўваходзяць у канцэрн “Белнафтахім”.
Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на афіцыйны сайт Міністэрства фінансаў ЗША.
Амэрыканскім грамадзянам дазволена супрацоўніцтва з гэтымі прадпрыемствамі да 1 чэрвеня 2009 году. У той жа час маёмасьць гэтых двух прадпрыемстваў застаецца заблякаванай у адпаведнасьці з урадавым распараджэньнем № 13405. "Грамадзянам ЗША таксама забаронена праз або пры пасярэдніцтве прадпрыемстваў "Лакафарба" і "Полацк-Шкловалакно" купляць прадукцыю, паслугі і тэхналёгіі ў іншых суб'ектаў гаспадараньня, занесеных у сьпіс", — падкрэсьліваецца ў паведамленьні.
Нагадаем, у лістападзе 2007 году ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі ў адносінах да канцэрну "Белнафтахім" у сувязі з парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі. У сакавіку 2008 году паслы Беларусі і ЗША былі адкліканыя з Вашынгтону і Менску для кансультацыяў; штаты абодвух пасольстваў скарочаныя да мінімуму.
Уведзеныя санкцыі, у прыватнасьці, прадугледжвалі замарожваньне ўсіх зьмешчаных пад юрысдыкцыяй ЗША банкаўскіх рахункаў канцэрну і яго прадстаўніцтваў у Нямеччыне, Латвіі, Украіне, Расіі і Кітаі, а таксама рахункаў даччынай кампаніі "Белнафтахім Ю-эс-эй". Апрача таго, амэрыканскім бізнэсмэнам было прадпісана ўстрымацца ад кантактаў з канцэрнам.
У сакавіку 2008 году былі апублікаваныя ўдакладненьні, паводле якіх пад дзеяньне санкцыяў падпадалі прадпрыемствы, доля "Белнафтахіму" ў якіх складае 50% і больш.
5 верасьня Мінфін ЗША па паўгоду прыпыніў эканамічныя санкцыі супраць “Лакафарбы” і “Полацк-Шкловалакно” пасьля таго, як у Беларусі былі выпушчаныя на волю Аляксандар Казулін ды іншыя палітычныя зьняволеныя.