Судовы працэс над кіраўніком Асіповіцкай філіі незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Арцёмам Дубскім прызначаны на 3-га сакавіка.
Паседжаньне адбудзецца ў Асіповіцкім гарадзкім судзе.
Паводле трэцяй па ліку крымінальнай справе, яго вінавацяць у парушэньні ўмоваў адбыцьця пакараньня, у тым, што ён зьехаў з Асіповічаў. Паводле закону, яго могуць перавесьці адбываць пакараньне ў больш жорсткія ўмовы – у папраўчую калёнію.
Нагадаем, 22-гадовы Арцём зьяўляецца фігурантам “справы 14-ці”. У 2008 годзе яго пакаралі двума з паловай гадамі абмежаваньня волі за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў.
Асіповіцкая міліцыя распачала супраць Арцёму яшчэ адну крымінальную справу. Хлопца зьвінавацілі ў тым, што з чужой сім-карткі ён выйшаў у інтэрнэт і нанёс страту кампаніі Velcom.
Арцём зьехаў ва Ўкраіну і яго судзілі завочна. Ён мусіць выплаціць 3,5 мільёны рублёў кампэнсацыі.
13 лютага Арцёма Дубскага зьнялі з цягніка ў Гомлі, калі ён вяртаўся дадому з Украіны, дзе правёў апошнія некалькі месяцаў. З 16 лютага маладафронтавец знаходзіцца ў Бабруйскім СІЗА.