Арцём — адзін зь фігурантаў “справы 14-ці”. Яго пакаралі двума гадамі абмежаваньня волі за ўдзел у студзеньскіх акцыях прадпрымальнікаў 2008 году. Падчас адбыцьця пакараньня ў Асіповічах супраць хлопца завялі яшчэ адну крымінальную справу. Яго абвінавацілі ў тым, што ён скарыстаў чужую sim-картку, каб выйсьці ў інтэрнэт, і завінаваціўся кампаніі “Velcom” тры з паловай мільёны рублёў.
Знайшлася жанчына, якая казала, што згубіла картку на вакзале. Праз чатыры месяцы тэлефонная кампанія даслала ёй ліст, патрабуючы пагасіць запазычанасьць на пяць з паловай мільёнаў рублёў.
Арцём Дубскі папрасіў прытулку ва Ўкраіне і жыў там да сёньняшняга дня. Ён казаў, што сумуе па сваяках і сябрах. Паплечнікі Арцёма паведамілі “Свабодзе”, што хлопец ехаў у Менск, каб паўдзельнічаць у акцыі 14 лютага.