Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэцяя крымінальная справа супраць Арцёма Дубскага


Арцём Дубскі
Арцём Дубскі

Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Арцём Дубскі, пакараны абмежаваньнем волі ў “справе 14-ці”, заяўляе, што ўлады ціснуць на ягоных сваякоў.

Яго судзілі летась разам з трынаццацьцю іншымі актывістамі за ўдзел у студзеньскіх акцыях прадпрымальнікаў. У кастрычніку Арцём зьехаў у суседнюю Ўкраіну. За гэты час яго завочна аштрафавалі на тры з паловай мільёны рублёў на карысьць кампаніі “Velcom”. Судовыя выканаўцы прапанавалі Арцёмавай маці, якая жыве ў Асіповічах, заплаціць за сына.

Арцём Дубскі паведаміў, што крымінальная справа, якой яму пагражалі адразу пасьля таго, як ён пачаў адбываць пакараньне ў “справе 14-ці”, трапіла ў суд, калі ён ужо знаходзіўся ва Ўкраіне.

Нагадаем: Арцёма Дубскага выклікалі ў асіповіцкую міліцыю і паведамілі, што яго падазраюць у выхадзе ў інтэрнэт з чужой sim-карткі сотавага апэратара “Velcom”. Знайшлася жанчына, якая казала, што згубіла картку на вакзале. Праз чатыры месяцы тэлефонная кампанія даслала ёй ліст, патрабуючы пагасіць запазычанасьці на пяць з паловай мільёнаў рублёў.

Паводле судовага рашэньня Арцём мусіць заплаціць тры з паловай мільёна рублёў, а ягоны сябра — два.

Маці Арцёма Алена Дубская апавяла “Свабодзе”, што да яе прыходзілі судовыя выканаўцы і прапаноўвалі добраахвотна заплаціць за сына грошы.

Гэта пры тым, што Арцём паўналетні і ўжо некалькі гадоў жыве ў іншым месцы, дзе і прапісаны.

— Спыталі: “Вы не жадаеце заплаціць?” Я адказала: “Не. Няхай плаціць па месцы жыхарства”.

Мясцовая газэта неаднаразова друкавала абразьлівыя артыкулы, зьмяніўшы ў прозьвішчы маладафронтаўца адну ці дзьве літары. Маці Арцёма кажа, што цяпер ёй даводзіцца на працы адказваць на непрыемныя пытаньні.

На працы пытаюцца: „Як гэта вы дапусьцілі, што ў вас Арцём п’яніца і наркаман?“
“На працы пытаюцца: „Як гэта вы дапусьцілі, што ў вас Арцём п’яніца і наркаман?“ Я ім кажу, што магу Арцёма характарызаваць толькі са станоўчага боку. Ён ніколі нічога ня скраў, ня п’яніца і не якісьці наркаман”.

Бабуля Арцёма Дубскага два гады таму прыняла дваіх дзяцей зь дзіцячага дома. Іх даглядалі і сам Арцём, і ягоная маці. Цяпер, калі скончыўся тэрмін двухгадовага кантракту, дзяцей забралі, матывуючы гэта тым, што бабулі больш за 60 гадоў.

“А як вы лічыце? Да кацяняці прызвычаісься за паўгода, а гэта ж дзеці… Мне нельга, бо я адна гадую дзяцей, гэта няпоўная сям’я, не дазваляецца. Мяркую, што й Арцём тут паўплываў… Усё, што можна было, вешалі на яго. Тут яны яму жыць не далі. На дзьве гадзіны ў суткі выпускалі з хаты”.

Супраць Арцёма распачалі крымінальную справу за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня.

Ён лічыць, што калі б застаўся ў Асіповічах, то трапіў бы ў турму:

“Штраф вынесены мне, а спрабуюць яго спагнаць з маёй маці. Згодна з усялякімі кодэксамі чалавек ад 18 гадоў сам за сябе адказвае. Адбываючы пакараньне ў Асіповічах, я добра разумеў, што калі ня сёньня, то заўтра знойдуць нейкую закавыку і…

Тут эканамічная і палітычная сытуацыя больш-менш спакойная, але на радзіме засталіся ўсе мае сябры, сваякі. Я, як толькі выпадае магчымасьць, спрабую тэлефанаваць ім час ад часу, неяк быць у кантакце., што, вядома ж, ня можа не выклікаць незадаволенасьць нашых “сяброў” з камітэту. Даходзіць да таго, што літаральна пасьля званкоў да маці прыходзяць і папярэджваюць: “Мы ведаем, дзе ваш сын, чым займаецца”.

Арцём Дубскі — не адзіны пакараны ў “справе 14-ці”, хто знаходзіцца за мяжой. Тацьцяна Цішкевіч зьехала вучыцца ў Польшчу па праграме Кастуся Каліноўскага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG