Затаваранасьць складоў застаецца асноўнай праблемай магілёўскіх экспартных прадпрыемстваў.
Так, паводле афіцыйнай інфармацыі, больш за палову вырабленай прадукцыі застаецца на складзе Магілёўскага мэталюргічнага заводу. У студзені аб’ёмы вытворчасьці на гэтым прадпрыемстве склалі толькі сорак працэнтаў ад заплянаваных. З афіцыйнай інфармацыяй не згаджаецца, аднак, кіраўніцтва заводу.
Паказьнікі вытворчасьці на Магілёўскім мэталюргічным заводзе афіцыйныя крыніцы падаюць як прыклад нездавальняючай працы. Кіраўніцтва ж самога прадпрыемства зьвязвае цяжкасьці зь неспрыяльнай сытуацыяй на замежных рынках.
Цяпер за сваю прадукцыю мы патрабуем стопрацэнтную перадаплату, хоць гэта і ўскладняе стасункі з пакупнікамі, зазначае намесьнік дырэктара заводу Андрэй Варламаў.
“Нават старым нашым кліентам верыць цяжка. Асабліва цяжка працаваць з Украінай. Зь імі практычна толькі па перадаплаце працуем. Трэба ім наша прадукцыя — знаходзяць грошы й набываюць. Хаця й супраціўляюцца”.
Спадар Варламаў не згаджаецца з тым, што прадпрыемства працуе кепска й мае праблемы са збытам прадукцыі:
“Сыравіну мы набываем толькі пад наяўныя замовы. Калі раней мы маглі сабе дазволіць узяць сыравіну, вырабіць прадукцыю й пакласьці яе на склад — са спадзевам, што скончыцца зіма й мы яе ўсё адно прадамо”.
Афіцыйныя крыніцы, аднак, падаюць крыху іншы малюнак. Паводле іх, 52 працэнты прадукцыі магілёўскіх мэталюргаў не запатрабавана. У студзені ж аб’ёмы вытворчасьці на заводзе склалі толькі сорак працэнтаў ад заплянаваных.
Наагул жа, паводле міністэрства статыстыкі, амаль пяць з паловай тысяч тон стальных труб, на вырабе якіх спэцыялізуецца магілёўскі мэталюргічны завод, застаюцца на складах. Гэта болей за семдзесят чатыры працэнты сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці. На складах жа самой Магілёўшчыны — 73 працэнты прадукцыі мясцовых прадпрыемстваў не прададзена.
Акрамя труб, магілёўскія мэталюргі вырабляюць чыгуннае й сталёвае ліцьцё. Семдзесят працэнтаў прадукцыі экспартуецца. На заводзе працуюць каля 1100 чалавек.