МАЗ працуе тры дні на тыдзень

Галоўны канвэер Менскага аўтамабільнага заводу на гэтым тыдні працуе тры дні, паведаміў агенцтву “Інтэрфакс-Захад” намесьнік генэральнага дырэктара заводу Мікалай Сінюковіч.

“На ўзроўні прадпрыемства мы прынялі рашэньне, што гэты тыдзень будзе скарочаны”, — сказаў Сінюковіч. Пры гэтым ён удакладніў, што ня будзе працаваць у панядзелак і пятніцу толькі галоўны канвэер: “Аўтобусная вытворчасьць мае поўны пакет замоў”.

“Таксама будзе працаваць і падрыхтоўчая вытворчасьць для выкананьня дзяржаўнай замовы”, — удакладніў намесьнік дырэктара. Паводле ягоных слоў, рашэньне пра колькасьць працоўных дзён на наступным тыдні будзе прымацца пазьней у залежнасьці ад далейшага разьвіцьця сытуацыі.

Што да прычынаў пераходу на скарочаны працоўны тыдзень, спадар Сінюковіч паведаміў, што “адбываецца назапашваньне гатовай прадукцыі”. “Навошта ж нам працаваць на склад, мы змушаныя прымаць рашэньні, каб захаваць абаротныя сродкі”, патлумачыў ён. “Крызіс усё роўна ідзе, хацелі б мы гэтага ці не хацелі. У Расеі гандаль практычна спыніўся”.

Паводле слоў Сінюковіча, прадпрыемства стараецца захаваць заработную плату для адпраўленых на вымушаны адпачынак працаўнікоў “на ўзроўні мінулага месяца”.