У Беларусі з-за крызісу пачынаюцца звальненьні нават на тых прадпрыемствах, якія раней лічыліся ўзорнымі. Яшчэ больш церпяць філіялы на пэрыфэрыі.
МЕНСК
Адміністрацыя Менскага паліграфічнага камбінату імя Якуба Коласа папярэджвае сваіх працаўнікоў, што пачынаецца скарачэньне працоўнага пэрсаналу. Пра гэта “Свабодзе” паведаміла сёньня сябра прафсаюзнага камітэту Антаніна Іванаўна:
“Няма загрузкі прадпрыемства. Таму прадпрыемства мусіць скарачаць пэрсанал. Мажліва, у іншы час мы б імкнуліся загрузіць вытворчасьць, але, відаць, не атрымліваецца. Таму пытаньні пра скарачэньне ўзгадняюцца зь міністэрствам інфармацыі, якому падпарадкоўваецца паліграфкамбінат. Кіраўніцтва робіць гэтыя скарачэньні”.
У першым сьпісе на скарачэньне — больш як 30 прозьвішчаў
Са словаў суразмоўцы, сёньня ў адміністрацыйным будынку паліграфкамбінату на дошцы загадаў зьявіўся сьпіс кандыдатаў на скарачэньне. Прозьвішчаў — больш за 30. Як тлумачаць людзям крызісную сытуацыю, паведамляе спадарыня Антаніна:
“З Расеі значна менш стала заказаў. Тым часам у Беларусі рынак ужо падзелены. Вось у гэтым палягаюць асноўныя праблемы”.
Ці паспрыяе крызіс вяртаньню на паліграфкамбінат незалежных СМІ?
Спробы міністэрства інфармацыі змагацца з уплывамі крызісу, мяняючы кіраўнікоў паліграфкамбінату, посьпехаў не даюць. Раней сышоў гендырэктар Валеры Германаў, пазьней — Аляксандар Ластаўка, а зараз наняты Генадзь Нягодзькін.
Перш чым пачаўся крызіс, паліграфкамбінат вырабляў да 2700 найменьняў кніг і брашураў агульным накладам больш як 30 мільёнаў экзэмпляраў. З-за такой вялікай загрузкі, як тлумачылі чыноўнікі міністэрства інфармацыі, паліграфкамбінат адмаўляўся друкаваць незалежныя газэты “Народная воля”, “Товарищ” ды іншыя.
МАГІЛЁЎ
На магілёўскім заводзе “Тэхнапрыбор” у першым квартале зьбіраюцца скараціць 130 работнікаў. Паведамляе Андрэй Белагубаў.
Завод “Тэхнапрыбор” чакаюць масавыя звальненьні
Пра намер скараціць работнікаў “Тэхнапрыбору” згадаў на паседжаньні Магілёўскага гарвыканкаму старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі Зянон Ломаць.
“Па кожнай кандыдатуры на звальненьне павінна быць цьвёрдае абгрунтаваньне”,— цытуюць афіцыйныя крыніцы папярэджаньне спадара Ломаця.
На самім заводзе не камэнтуюць меркаванае скарачэньне. У аддзеле кадраў паведамілі, што загаду наконт гэтага пакуль не атрымалі.
“Тэхнапрыбор” уваходзіць у дзяржаўнае аб’яднаньне “Белдругмэт”. Прадстаўнік адміністрацыі аб’яднаньня гэтак тлумачаць неабходнасьць скарачэньня:
“У яго трыста чалавек працоўных, а семсот чалавек — інжынэрна-тэхнічных работнікаў. Спэцыялісты павінны працаваць, а баляст, калі ён ёсьць, — альбо знайдзіце ім працу й загрузіце іх, а калі не знайшлі працы, няхай ідуць зь мірам. Сто трыццаць альбо сто сорак чалавек, я ня ведаю. Гэта яны там вырашаюць”.
Прадстаўнік адміністрацыі кажа, што на завадзкім складзе назапашана прадукцыі на дзесяць мільярдаў рублёў.
“Запасы былі б значна большымі, калі б “Белдругмэт” не забраў палову прадукцыі. І прадае цяпер па ўсёй краіне. А самі яны прадалі на сто пяцьдзясят мільёнаў. Мы туды ўклалі 1,8 мільярда рублёў у абаротныя сродкі. Аднак яны гэтыя сродкі скарыстаць ня могуць. За кошт былых даўгоў у іх здымаюць усё, арыштоўваюць”.
ГОРАДНЯ
Прадпрыемствы “Беларускага таварыства інвалідаў па зроку” ў Горадні і Наваградку працуюць па скарочаным графіку. Перадае Міхал Карневіч.
Старшыня праўленьня ГА БелТІЗ Алег Шэпель кажа, што ягоная структура цярпіць ад крызісу, як і ўсе астатнія.
Зь яго слоў, больш за 70% прадукцыі, вырабленай на прадпрыемствах БелТІЗ, рэалізуецца за межамі Беларусі.
“Хачу сказаць, што мы залежым ад экспарту адназначна, паколькі пастаўляем фільтры на КАМАЗ, на ЗІЛ, на ГАЗ, на заводы расейскія, і на сёньняшні дзень з Новага году яшчэ не зрабілі ніводнай адгрузкі”.
Крыўдзіць яшчэ й тое, што дзяржаўныя прадпрыемствы ігнаруюць іх прадукцыю, хаця паўсюль вісяць лёзунгі “Купляйце беларускае”.
“Даходзіць да абсурду: расейскія прадпрыемствы куплялі ў нас фільтры й прадавалі беларускім прадпрыемствам”.
Меркаваньне Алега Шэпеля пацьвярджае дырэктар Наваградзкага прадпрыемства “Асатон” Аляксандар Бахар. Ён кажа, што са сьнежня і дагэтуль прадпрыемства працуе па скарочаным графіку. Раней прадпрыемства 75% прадукцыі накіроўвала на экспарт, а пасьля Новага году інфляцыя й дэвальвацыя рубля зрабілі сваю справу.
“Фільтар” у Горадні працуе толькі чатыры дні на тыдні
“Калі мы рыхтавалі прадукцыю да продажу, курс беларускага рубля адносна расейскага быў на адзнацы 90, а калі пачалі прадаваць, ён упаў да 74—76 рублёў, і атрымалася, што, самі таго не разумеючы, зрабілі кошты для расейцаў даражэйшымі на 25%”, — удакладняе Аляксандар Бахар.
На гарадзенскім прадпрыемстве “Фільтар” са сьнежня й да лютага таксама працуюць толькі чатыры дні на тыдзень. Кажа дырэктар прадпрыемства Віктар Уласаў.
“Заказаў няма — гэта самае галоўнае. Калі нас закранае крызіс, то гэта найперш азначае, што нам не хапае платаздольнага заказчыка”.
Абодва дырэктары прадпрыемстваў ня хочуць называць дакладныя лічбы заробкаў рабочых у гэты пэрыяд. Кажуць толькі, што заробкі значна панізіліся.