Маскоўскія перамовы Сідорскага

Сяргей Сідорскі

Кіраўнік ураду Беларусі Сяргей Сідорскі 29 студзеня едзе ў Маскву.

Сёньня Сідорскі сустрэнецца з мэрам Масквы Юрыем Лужковым і намесьнікам старшыні ўраду Расеі Аляксеем Кудрыным.

30 студзеня адбудуцца перамовы з расейскім прэм’ерам Уладзімерам Пуціным і адны зь ягоных намесьнікаў – Віктарам Зубковым, паведамляе Інтэрфакс.

***
Беларусі прапануе Расеі некалькі транспартных праектаў на суму прыкладна 100 мільярдаў расейскіх рублёў, паведаміў міністар транспарту і камунікацыяў Беларусі Ўладзімер Сасноўскі.

“Другі транспартны калідор М1/Е30 – адзін з інфраструктурных праектаў. Паралельна распрацоўваецца праект уздоўж гэтага калідору па чыгунцы”, - патлумачыў міністар.

“Мы прапануем расейскаму боку пачаць мадэрнізацыю чыгункі ў гэтым накірунку, забясьпечыўшы іншы хуткасны рэжым. Зараз ён дапускае абмежаваньне хуткасьці да 140 км/г. Плянуем павялічыць да 160”, - дадаў Сасноўскі.

“Гэта праекты не аднаго году – мы разьлічваем на 5-6 гадоў”, - зазначыў міністар.

***

Расея не разглядае просьбу Беларусі выдаць 100 мільярдаў рублёў крэдыту у абмен на пераход на разьлікі ў рублях ва ўзаемным гандлі, паведаміў 24 студзеня намесьнік кіраўніка Мінфіну РФ Дзьмітрый Панкін.

22 сьнежня 2008 году Беларусь папрасіла ў Расеі 100 мільярдаў расейскіх рублёў крэдыту.